Гісторыя1212

80 пахаванняў выбітных беларусаў, якія варта наведаць на Дзяды

Радыё Свабода падрыхтавала мапы Кальварыйскіх і Ўсходніх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньня беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове.

«Беларускі нацыянальны нэкропаль» — праект мае на мэце пашырыць веды пра памерлых беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячоў і ўшанаваць іх памяць. У яго межах Свабода выдае мапы-схемы менскіх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньняў. Усе мапы даступныя ў электронным і папяровым выглядзе.

Каго варта наведаць на Кальварыйскіх могілках:

1. Вячаслаў Адамчык (01.11.1933–05.08.2001) — беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст. Аўтар раманаў «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца…», апавяданьняў «Прылёт кажана», «Ноч на Галавасека». Бацька пісьменьнікаў Адама Глёбуса і Міраслава Шайбака. Пахаваны: 2 с. 1а ш. 6 м. (Падорскі)

2. Алесь Асташонак (01.06.1954–07.09.2004) — беларускі празаік, кінасцэнарыст, перакладнік. Аўтар кнігі прозы «Фарбы душы», п’есаў «Іскры ўначы», «Камэдыянт, ці Ўзьнёсласць сумнай надзеі», сцэнароў фільмаў «Камэдыянт» і «Сон». Перакладаў на беларускую Ж. Сымэнона ды інш. Сябра згуртаваньня «Тутэйшыя». Пахаваны: Калюмбарыюм. І сэктар

3. Гаўрыла Віер (07.05.1954 — 07.09.2004) — беларускі перакладнік, кінасцэнарыст, празаік. Пахаваны: Калюмбарыюм. 1 сэктар.

4. Ян Дамель (1780–30.08.1840) — мастак, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту, пакінуў значны сьлед у мастацтве Беларусі і Літвы. Аўтар партрэтаў Дамініка Радзівіла, Канстанціна Тышкевіча, гістарычных палотнаў «Павел I вызваляе Касьцюшку з турмы», «Сьмерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнґінґена ў бітве пад Грунвальдам», рэлігійных «Маленьне Збаўцы», «Сьвятая Канстанцыя з крыжам». Пахаваны: Пад галоўным аўтаром касьцёлу

5. Пятро Драчоў (06.07.1937–08.05.2005) — беларускі мастак, графік. Афармляў кнігі свайго сябра Ўладзімера Караткевіча, Ул. Дубоўкі, Ул. Арлова. 25 год быў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка». Аўтар станкавых гравюраў «Паўстаньне 1863 году», «Кірмаш у мястэчку», шматлікіх літаграфіяў на тэмы беларускай гісторыі, ілюстрацыяў да кнігі В. Вячоркі «Пра герб і сьцяг». Пахаваны: Калюмбарыюм. ІV сэктар

6. Вацлаў Іваноўскі (25.05.1880–07.12.1943) — адзін з пачынальнікаў і лідэраў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі, сузаснавальнік Беларускай сацыялістыянай грамады. Апрацаваў першы лемантар сучаснай беларускай мовы, стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца», супрацоўнічаў з газэтамі «Наша доля» і «Наша ніва». Міністар асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны БНР на перамовах з Польшчай 1920 г. Доктар тэхнічных навук, быў рэктарам Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту, выкладаў у Віленскім унівэрсытэце. З 1942 бурмістар Менску, загінуў у выніку замаху. Пахаваны: Цэнтральная алея, ля касьцёлу

7. Юры Кабылінскі (1778(?) - 04.11.1858) — сакратар Менскага дваранскага дэпутацкага сходу, літаратар, мастак, мэцэнат і калекцыянэр. Сябраваў зь Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Заснаваў першы ў горадзе асабісты музэй, калекцыя якога складалася з манэтаў, мінэралаў, антычных старажытнасьцяў, старых кніг і манускрыптаў, сярод якіх арыгінал Статута ВКЛ і мапа Хрыстафора Калюмба. Пасьля сьмерці Кабылінскага экспанаты перайшлі ў Віленскі музэй старажытнасьцяў. Фундатар Кальварыйскай брамы. Na główną aleję wchodzi się przez bramę ufundowaną przez Jędrzeja Kobylińskiego dla uczczenia pamięci zmarłej żony. Пахаваны: Месца пахаваньня невядомае

8. Яўген Кулік (31.10.1937–12.01.2002) — беларускі мастак, кніжны графік, бібліяфіл. Мастацкі рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка». Аўтар рэканструкцыяў беларускіх замкаў, партрэтаў дзяячоў Беларушчыны. Сузаснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня». Аўтар эталёна гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 г. Адзін з ідэолягаў новага беларускага Адраджэньня, лідэр нонканфармісцкага асяродку менскай інтэлігенцыі «На Паддашку», сузаснавальнік БНФ. Пахаваны: 7 с. 10 ш. 37 м.

9. Ян Баляслаў Луцкевіч (15.05.1831–04.09.1895) — бацька Івана і Антона Луцкевічаў. Прафэсійны вайсковец, паўстанец 1863–1864 г., адзін зь першых прафэсійных беларускіх чыгуначнікаў. Сябра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які прысьвяціў яму верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе». Пахаваны: Цэнтральная алея

10. Янка Лучына (Ян Неслухоўскі) (06.07.1851–16.07.1897) — беларускі паэт, мысьляр, тэатральны крытык. Інжынэр-тэхноляг. Вершам «Вясновай парой» (1889) вярнуў беларускую літаратуру ў друк упершыню пасьля паўстаньня 1863–1864 г. Аўтар паэмы «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься», абразка «З крывавых дзён». Каб выдаць у 1903 годзе ягоную кнігу «Вязанка» і ўнікнуць забароны на беларускамоўны друк, цэнзарам заявілі, што яна на баўгарскай мове. Пахаваны: ля касьцёла

11. Аляксандар Люцко (23.01.1941–04.09.1997) — заснавальнік і першы рэктар Міжнароднага інстытуту радыеэкалёгіі імя А. Сахарава (сёньня Міжнародны дзяржаўны экалягічны ўнівэрсытэт імя А. Сахарава). Аўтар манаграфіяў, навучальных дапаможнікаў у радыяцыйнай бясьпецы. Зь ягонай ініцыятывы і пад ягоным кіраўніцтвам распрацаваная Канцэпцыя радыеэкалягічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусі. Пахаваны: 1 с. 2 ш. 36 м. (Бейшэр)

12. Ян Матусевіч (21.06.1948–02.09.1998) — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар. Першы дэкан адноўленай Беларускай Грэка-каталіцкай царквы. Ініцыятар і ўдзельнік акцыяў ушанаваньня ахвяраў сталінскага тэрору, чарнобыльскай катастрофы. Удзельнік устаноўчага зьезду БНФ «Адраджэньне», сябра Рады Таварыства беларускай мовы ад моманту заснаваньня. Асьвяціў усталяваны ў Курапатах Крыж памяці ахвяраў бальшавізму і абраз Маці Божай Чарнобыльскай. Сузаснавальнік Беларускага біблійнага таварыства. Пахаваны: 2 с. 8 ш. 15 м. (Акуліч)

13. Іван Навуменка (16.02.1925–17.12.2006) — народны пісьменьнік Беларусі, літаратуразнавец. Акадэмік АН БССР, доктар філялягічных навук, прафэсар. Аўтар раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Старшыня ВС БССР (1985–1990). Пахаваны: 2 с. 8 ш. 20 м. (Акуліч)

14. Алесь Пісьмянкоў (25.02.1957–23.04.2004) — беларускі паэт, эсэіст, перакладнік. Працаваў у часопісах «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Вожык». Аўтар кніг паэзіі «Белы камень», «Чытаю зоры», «Планіда», «Вершы», «Журавель над студняй». Пахаваны: 1 с. 42 ш. 15а м. (Дзядзечкін)

15. Аляксандар Сіпайла (1854 — 1886) — каталіцкі сьвятар, пробашч катэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску. Працаваў у цяжкі для Касьцёлу час пасьля задушэньня паўстаньня 1863–1864 г. У памяць пра ягоную самаадданую працу людзі паставілі помнік з надпісам: «Сьвятога жыцьця ня многа дзён, а добрая слава жыць будзе вечна». Пахаваны: Ля касьцёлу.

16. Галіна Сяржаніна (17.10.1930–22.05.2008) — навуковец-біёляг, аўтарка шэрагу навуковых выданьняў, суаўтарка беларускамоўнага энцыкляпэдычнага даведніка «Грыбы і грыбная кулінарыя». Пахаваная: 8 с. 35 ш. 15 м. (Зайцавы)

17. Алесь Траяноўскі (22 верасьня 1925, Уздымач на Случчыне — 18 сакавіка 2005 ) — беларускі пісьменьнік, літаратуразнаўца, перакладнік з славянскіх моваў. Ляўрэат кашубскай прэміі Сталема, пачынальнік беларуска-сэрбалужыцкіх кантактаў. Кіраваў аддзелам літаратуры і мастацтва у «Зьвязьдзе», быў намесьнікам рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі», рэдактарам адноўленай «Беларускай крыніцы». Пахаваны: каля сьцяны ў куце 6 сэктару.

С — сэктар Ш — шэраг М — месца

* * *

Каго варта наведаць на Усходніх могілках

Віртуальная экскурсія.

  1. Васіль Быкаў. Легендарны пісьменьнік і грамадзкі дзяяч. Быкава называюць сумленьнем нацыі.
  2. Генадзь Бураўкін. Беларускі паэт, журналіст і дыплямат. Ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы
  3. Заір Азгур. Скульптар, народны мастак. Аўтар бюсту Янку Купалу ў Вязынцы, паўфігуры Міколы Гусоўскага і ансамблю на плошчы Якуба Коласа.
  4. Алена Аладава. Мастацтвазнаўца. Стваральніца і шматгадовая кіраўніца Дзяржаўнага мастацкага музэю. Зьбірала шэдэўры беларускага жывапісу.
  5. Анатоль Анікейчык. Скульптар-манумэнталіст, народны мастак. Аўтар помніка Янку Купалу ў Менску.
  6. Іван Ахрэмчык. Народны мастак. Аўтар шэрагу партрэтаў, тэматычных карцінаў ды пэйзажаў.
  7. Анатоль Багатыроў. Кампазытар, народны артыст. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай оперы. Аўтар опэры «У пушчах Палесься» паводле Якуба Коласа.
  8. Алесь Бачыла. Паэт і драматург. Аўтар паўтара дзясятка кнігаў паэзіі. Пераклаў на беларускую мову «Тараса Бульбу» М. Гогаля і інш.
  9. Андрэй Бембель. Скульптар, народны мастак. Адзін з аўтараў мэмарыялу «Берасьцейская крэпасьць-герой», аздабленьня Дома Ўраду і Манумэнта Перамогі ў Менску, партрэтаў Адама Міцкевіча і Янкі Купалы.
  10. Мікалай Бірыла. Мовазнаўца. Спэцыяліст па беларускай антрапаніміі. Аўтар 110 мовазнаўчых працаў, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў.
  11. Пятрусь Броўка. Пісьменьнік, народны паэт. Аўтар дзясяткаў кніг паэзіі. «Пахне чабор», «Александрына» і многія іншыя вершы пакладзеныя на музыку.
  12. Алег Бябенін. Незалежны журналіст і стваральнік сайту «Хартыя 97»
  13. Генрых Вагнэр. Кампазытар і музыка, народны артыст. Аўтар опэры «Сьцежкаю жыцьця» паводле аповесьці В. Быкава «Воўчая зграя» і інш.
  14. Ігар Гермянчук. Журналіст, грамадзкі дзяяч. Удзельнік незалежніцкага руху 80-х, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Рэдактар забароненай газэты «Свабода». 
  15. Аляксей Глебаў. Скульптар, народны мастак. Аўтар помніка Францішку Скарыну ў Полацку.
  16. Пятро Глебка. Паэт, навуковец. Ініцыяваў збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Спрыяў разьвіцьцю беларускага тэатразнаўства і фальклярыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі. 
  17. Анатоль Грачанікаў. Паэт і перакладнік. 
  18. Ігар Дабралюбаў. Рэжысэр і сцэнарыст, народны артыст. Падтрымліваў адраджэнскі рух у 90-я гг. Зьняў фільмы «Белыя росы», «Іван Макаравіч» (першая беларуская стужка, уганараваная на прэстыжным заходнім кінафэстывалі) і многія іншыя.
  19. Лілія Давідовіч. Акторка, народная артыстка. Легенда Купалаўскага тэатру. Сыграла ў «Ідыліі» Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінцы» Купалы, «Чорнай паньне Нясьвіжа» Дударава і інш.
  20. Іосіф Жыновіч. Цымбаліст, дырыгент, народны артыст. Заснавальнік катэдры народных інструмэнтаў у Беларускай кансэрваторыі. Кіраўнік дзяржаўнага аркестру БССР.
  21. Уладзімер Караткевіч. Паэт, празаік, публіцыст, драматург. Выступаў і абарону мовы і культуры. Аўтар раманаў «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», патрыятычных вершаў.
  22. Уладзімер Кармілкін. Журналіст і фатограф. Аўтар унікальнага архіву пра пачаткі беларускай незалежнасьці 80-90-х гг. 
  23. Генадзь Карпенка. Навуковец, палітык. Адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху.
  24. Арлен Кашкурэвіч. Народны мастак. Стварыў партрэты гістарычных дзеячоў Беларусі, сэрыі «Купаліяна», «Асьветнікі» і інш. Аздобіў кнігі Караткевіча, Коласа і Купалы. 
  25. Аляксандар Кішчанка. Народны мастак. Аўтар габеэлену «Чарнобыль» і «Габэлену стагодзьдзя» — самага вялікага габэлену ў сьвеце. 
  26. Кандрат Крапіва. Народны пісьменьнік. Паэт, сатырык, драматург, мовазнаўца. Пісаў байкі і камэдыі, аўтар п’есы «Хто сьмяецца апошнім», якую называюць замаскаваным памфлетам супраць сталінізму.
  27. Аркадзь Куляшоў. Народны паэт. Сярод іншага, напісаў паэму «Хамуціус», прысьвечаную нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму і яго патрыятычнай справе.
  28. Еўдакія Лось. Паэтэса. Аўтарка 11 зборнікаў лірыкі і шэрагу кніжак для дзяцей,
  29. Міхась Лынькоў. Народны пісьменьнік. Празаік, літаратуразнаўца. Аўтар кнігі «Міколка-паравоз» і інш.
  30. Андрэй Макаёнак. Драматург, народны пісьменьнік. Аўтар камэдыяў «Лявоніха на арбіце», «Сьвятая прастата», трагікамэдыяў «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» і інш.
  31. Янка Маўр. Пісьменьнік. Аўтар «Палескіх рабінзонаў» ды іншых апавяданьняў для дзяцей і падлеткаў. 
  32. Іван Мележ. Празаік, драматург, народны пісьменьнік. Аўтар раману «Людзі на балоце» з трылёгіі «Палеская хроніка» і інш.
  33. Уладзімер Мулявін. Музыка, народны артыст. Заснавальнік і кіраўнік ансамблю «Песьняры»
  34. Пімен Панчанка. Народны паэт. Аўтар зборнікаў лірыкі, у тым ліку вершаў пра мову «Беларуская мова» і «Родная мова». Перакладаў Міцкевіча, Шылера інш.
  35. Піліп Пестрак. Паэт, празаік, перакладнік. Аўтар раманаў «Серадзібор» і «Сустрэнемся на барыкадах» і інш.
  36. Міхаіл Пташук. Кінарэжысэр, актор. Аўтар фільмаў «Знак бяды» і «Чорны замак Альшанскі» і інш.
  37. Віктар Роўда. Дырыгент, пэдагог, народны артыст. 
  38. Канстанцін Саньнікаў. Рэжысэр, актор, народны артыст. Кіраваў Беларускім трэцім тэатрам (пасьля Уладзіслава Галубка), пасьля — тэатрам імя Янкі Купалы.
  39. Барыс Сачанка. Пісьменьнік і перакладнік. Выдаў шэраг кнігаў прозы, аўтар аповесьці «Не на той вуліцы». Склаў зборнік паэзіі беларускай эміграцыі.
  40. Стэфанія Станюта. Акторка, народная артыстка. Легенда беларускага тэатру і кіно. Акторка тэатраў Галубка і Янкі Купалы
  41. Язэп Сушынскі. Мовазнаўца. Займаўся распрацоўкай навуковай тэрміналёгіі. Адзін з арганізатараў Першага Усебеларускага Кангрэсу. Рэпрэсаваны.
  42. Георгі Таразевіч. Грамадзкі і палітычны дзяяч, дыплямат. Выступаў у абарону нацыянальнай сымболікі і мовы. Адзін зь лідэраў Беларускай Сацыял-дэмакратыі. 
  43. Віктар Тарасаў. Актор, народны артыст. Сыграў у дзясятках спэктакляў і больш за паўсотні фільмаў
  44. Міхась Ткачоў. Гісторык, археоляг і грамадзкі дзяяч. Дасьледнік замкаў і вайсковай гісторыі Беларусі. Адзін з утваральнікаў «Мартыралёгу» і БНФ
  45. Мікола Трухан. Актор, рэжысэр. Стваральнік тэатру «Дзе-Я?»
  46. Віктар Тураў. Народны артыст, кінарэжысэр. Стварыў кінацыкаль паводле трылёгіі І. Мележа «Палеская хроніка», экранізаваў «Шляхціца Завальню» паводле Яна Баршчэўскага і інш.
  47. Іван Чыгрынаў. Народны пісьменьнік. Аўтар раману «Плач перапёлкі» і інш.. Ад 1989 — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына».
  48. Іван Шамякін. Народны пісьменьнік. Аўтар раманаў «Сэрца на далоні», «Глыбокая плынь», цыклю «Трывожнае шчасьце» і інш.
  49. Рыгор Шырма. Народны артыст. Харавы дырыгент і фальклярыст. Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень. Як кіраўнік Таварыства беларускай школы (1927-1936), наладжваў працу школаў зь беларускай мовай навучаньня.
  50. Яўгенія Янішчыц. Паэтэса. Скразныя тэмы яе творчасьці — беларуская прырода, вёска, палесьсе. Аўтарка вершу «Ты паклiч мяне. Пазавi» і інш.
  51. Фёдар Янкоўскі. Мовазнаўца, пісьменьнік. Складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнаньняў, фразэалягізмаў і інш.

Каментары12

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі9

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Хто вышуквае ў крамах і бібліятэках «экстрэмісцкую» літаратуру?4

Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам19

«Аляксандр Лукашэнка ўжо не «бацька». У Дзень бацькі Тур прыдумаў Лукашэнку новы статус35

Мітрапаліт Веніямін назваў адну з першых спраў Грамадскай рады па маральнасці — адмянілі спектакль, які паказвалі 10 гадоў13

Як выглядаюць двары ў новым распіяраным жылым комплексе ВІДЭА9

Масква абяцае дапамогу Мінску на выбарах 2025 года «ў выпадку дэстабілізацыі»13

Украінскія беспілотнікі ўначы атакавалі тры расійскія спіртзаводы10

Беларускі сцяганосец на Алімпіядзе ў Токіа стаў рыэлтарам2

Маляваныч расказаў, колькі ў яго скралі тэлефонныя махляры і чаму паверыў ім20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі9

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →