Ежа2626

З чым найлепш есці беларускі ракфорці?

З чым трэба прымірыцца, з чым нельга пагадзіцца — рэпарцёр НН каштаваў.

Пакаштаваў ракфорці — першы беларускі сыр з цвіллю.

Агульны вынік: рэкамендую, запамінаецца.

З чым трэба прымірыцца: першая партыя выйшла перасоленая. Тэхнолагі прызнаюць хібу і маюць трохі змяніць рэцэпт. Гэта азначае, што зменіцца і смак і сыр стане іншым, з новымі нюансамі і паслясмакамі.

З чым не магу пагадзіцца: найперш, з назвай. Сыры з цвіллю вырабляюць у розных краінах. У кожным месцы ён удаецца па-свойму. Самыя знакамітыя, з даўняй гісторыяй — гэта французскія Ракфор, Блё д’Авэрнь, Фурм д’Амбэр, італьянскі Гаргандзола. Англійскі Стылтан вядомы гадоў 300. А вось датчане свой Данаблю робяць толькі ад пачатку ХХ стагоддзя. Ну і што — ён таксама стаў ужо візітоўкай Даніі і часткай данскай кулінарнай традыцыі. Лагічна было б і беларускаму даць сваю назву — умоўна кажучы, Нарач Сіні. І пад ёй ужо выводзіць на рынак. Бо ад назвы «Ракфорці» патыхае нейкай калхознасцю, як ад кітайскіх падробак Рanasoanic.

Урэшце, нелагічна называць гэты сыр Ракфорці хоць бы таму, што арыгінал Ракфор — авечы, тады як беларускі — з каровінага малака, як і Данаблю. Дарэчы,

для вырабу беларусы выкарыстоўваюць менавіта пеніцылінавыя грыбкі вытворчасці Даніі, таму ад Данаблю наш сыр менавіта і паходзіць.

Што за цвіль у ім? Сталінская «Энцыклапедыя аб смачнай і здаровай ежы» пісала пра сыры тыпу ракфор ці камамбэр так: першы раз вам не будзе смакаваць, але калі яшчэ і яшчэ раз пакаштаваць, вы адчуеце вялізную асалоду.

Калі навуцы антыбіётыкі былі яшчэ не знаёмы, то пастухі гоілі раны, прыкладаючы да іх кавалкі Ракфору. Рэч у тым, што цвіль у гэтым сыры дае грыбок Penicillium roqueforti, той самы, з якога з часам пачалі вырабляць гаючы пеніцылін. Увогуле, такі сыр сталі вырабляць натуральна. Ён выходзіў такі ў пячорах Ракфор-сюр-Сульзона ў Францыі, дзе трымаецца роўная тэмпература, дзе сыра і той грыбок натуральна бытуе. Ракфор спее ў пячорах больш за 3 месяцы.

Першы раз аналагічны сыр згадваецца яшчэ ў Плінія. А такія сыры іншых краін пачалі вырабляцца тады, калі мясцовыя жыхары не хацелі пераплачваць за дарагі імпартны, французскі, або калі войны і блакады адразалі шляхі паставак.

Што за сінія палоскі з цвіллю? Гэта яго па меры даспявання пратыкаюць меднымі дратамі, каб цвіль пашыралася па ўсёй мякаці. Дарэчы, добры ракфор найлепш рэзаць не нажом, а спецыяльным станком з дротам, які не разбурае кубельцы высакароднай цвілі.

Чаго ён у фользе? Каб не перасыхаў.

У Францыі Ракфор — другі па папулярнасці сыр пасля Кантэ (Кантэ — гэта дасканалы варыянт таго, што ў Беларусі існуе пад брэндам Стары Амстэрдам, які вырабляюць Белавежскія сыры ў Пружанах).

З чым есці беларускі ракфорці? Каб разабрацца, патрэбны эксперыменты і спробы. Вытворца ніякіх парад не дае, што лішні раз паказвае на яго недасведчанасць.

Мой сціплы журналісцкі заробак не дазволіў купіць вялікі кавал гэтага сыру (на Камароўцы і ў гіпермаркетах ён каштуе каля 120 тысяч за кілаграм, і па такой цане ўсё будзе заставацца для беларусаў ласункам, а не прадуктам масавага ўжытку).

Таму раскажу тое, што паспеў адчуць.

Як і ўсе сыры гэтага тыпу, наш нарачанскі ракфорці мае рэзкі і саланаваты смак і вельмі далікатны, з ноткамі арэху і грыбоў, мяккі, то саланаваты, то саладкаваты паслясмак.

Без нічога вы яго шмат не заясцё — ён усё ж занадта ёмкі, пранізлівы.

Самае класічнае спалучэнне для сыру — з прэснаватым пшанічным хлебам, тыпу нашага Палескага, або з французскім багетам (але не з батонам, не з тлустым ці салодкім хлебам).
Можна браць на хлеб трохі масла — для змякчэння смаку.

З вінаў да сыроў тыпу ракфор пасуе досыць выразнае, ёмістае, церпкаватае чырвонае сухое віно, калі сыр сярэдняй моцы, нярэзкі, і салодкае мускатнае віно ці партвейн, калі ён рэзкі.

Данаблю выдатна пасуе да садавіны. Яго ядуць таксама ў бутэрбродах і салатах.

Пад нямецкім Дорблю смачна запякаць ласось. Ракфорны соўс таксама добра пасуе да антрэкота.

Яшчэ паспрабуйце калісьці пацерці яго на макарону. Або ў рызота. Нарэшце, ён ідэальна пасуе да піцы.

Англічане і французы выпякаюць цэлы стол дэсертаў з дадаткам ракфору.

Каб Ракфорці найлепш выявіў свой смак, перад спажываннем ён павінен паляжаць з гадзіну не ў лядоўні.

Не шкадуйце патраціцца на прадукты кшталту Ракфорці — гэта адзін з шэдэўраў, або, кажучы старабеларускай мовай, «кшталтаў» людскога кулінарнага генія. Хоць наш Ракфорці грубейшы за свае дацкія і французскія аналагі — будзем спадзявацца, гэта часова.

Дарэчы, вось яшчэ ідэя: калі пачнецца сезон клубніц, пакаштуйце яго з ягадамі. Гэта можа аказацца смачна. І яшчэ адно: ракфор не ядуць проці ночы. Навукоўцы выявілі, што гэта можа выклікаць яркія або кепскія сны.

Каментары26

«Яна парушае рэжым». Лукашэнка сказаў, што гэта ён загадаў пусціць бацьку да Марыі Калеснікавай

«Яна парушае рэжым». Лукашэнка сказаў, што гэта ён загадаў пусціць бацьку да Марыі Калеснікавай

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына рашылася на аперацыю па змене прыкусу. Вось колькі каштавала прыгожая і здаровая ўсмешка1

На іспанскім тэлешоу знаёмстваў беларуска паказала розніцу ў звычаях2

Былы вядучы Fox News узначаліў Пентагон. Сенат з цяжкасцю зацвердзіў яго кандыдатуру4

У памежных вёсках на Віленшчыне беларуская мова працягвае выцясняць літоўскую26

Хто павінен быць прэзідэнтам Беларусі ў пераходны перыяд? Разважаюць вядомыя беларусы52

Віцебскі блогер праславіўся турэмнымі гісторыямі, але падобна, што яму давядзецца папаўняць іх запас

Пуцін даў званне заслужанага артыста Расіі прапагандысту, які ляжыць у коме9

БелАЗ збіраецца асвоіць выпуск тэхнікі для работ пад зямлёй2

У Славакіі праходзяць шматтысячныя пратэсты супраць прарасійскай палітыкі ўрада Фіцы8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна парушае рэжым». Лукашэнка сказаў, што гэта ён загадаў пусціць бацьку да Марыі Калеснікавай

«Яна парушае рэжым». Лукашэнка сказаў, што гэта ён загадаў пусціць бацьку да Марыі Калеснікавай

Галоўнае
Усе навіны →