Халезін ставіць у Польскім тэатры спектакль пра сваю жонку
Прэм'ера прызначаная на 9 чэрвеня.
Героямі спектакля сталі жонка кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, журналістка «Новай газеты» Ірына Халіп, рэдактар charter97.org Наталля Радзіна, сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава, удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна Ірына Красоўская, дачка палітвязня Змітра Бандарэнкі Юлія, дырэктар Свабоднага тэатра Наталля Каляда.
У сваім блогу кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра прыпадняў заслону сакрэтнасці і расказаў пра спектаклі, які цяпер ставіць у Польскім тэатры ў Варшаве:
«Ідэя спектакля нарадзілася пасля таго, як на сустрэчу з намі ў Ліён, дзе мы тады выкладалі, прыехаў з Парыжа Анджэй Северын. Яго імклівае з’яўленне — усяго на некалькі гадзін для перамоваў — выглядала крыху дзіўным. На той момант, у лютым 2010 года, Северын служыў у тэатры „Камедзі Франсэз“, і было відавочна, што размаўляць ён збіраўся не пра пастаноўку Мальера на
Але мы ўбачылі вельмі адкрытага, эмацыйнага чалавека, які за тры хвіліны разбіў усе ўмоўныя бар’еры. Ён паведаміў, што з верасня сыходзіць у гадавы адпачынак у тэатры (у штатных актораў „Камедзі Франсэз“ ёсць права раз на дзесяць гадоў браць гадавы адпачынак з захаваннем заробку) і падпісвае кантракт з варшаўскім Teatrom Polskim, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў у вельмі глыбокім крызісе. Анджэй прапанаваў нам паставіць спектакль у гэтым тэатры, з тымі акторамі, якія ўвойдуць у абноўленую трупу. Першапачаткова гаворка ішла пра п’есу „Пакаленне Jeans“, але вельмі хутка мы адкарэктавалі праект, вырашыўшы сумясціць на сцэне 2 тэксты — „Пакаленне Jeans“ і п’есу Наталлі Каляды „Ім сніліся сны“, якая расказвае пра жонак выкрадзеных і забітых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Прычым мы планавалі зрабіць двухактавы спектакль, у якім „Пакаленне“ павінен быў ставіць я, а „Сны“ — Уладзімір Шчэрбань.
Адказаўшы прынцыповай згодай, мы і не меркавалі, што гэты праект адсунецца на два гады, цягам якіх у нашай краіне адбудуцца падзеі, што прымусяць нас асесці ў Англіі. Усе калізіі, узгадненні і два кастынгі засталіся за спінай, і 28 сакавіка я правёў першую рэпетыцыю. Але папярэднічала гэтаму сур’ёзная трансфармацыя праекта.
Давялося перапрацоўваць і п’есы.Але калі „Пакаленне Jeans“ я проста скараціў, то „Ім сніліся сны“ запатрабаваліся нават не радыкальных зменаў, а напісання новага тэксту. Прычына простая — першы варыянт тэксту расказваў пра падзеі дзесяцігадовай даўніны, а нам захацелася вярнуць спектакль у актуальнае поле, пагаварыўшы пра гісторыі і драмы, якія разыгрываюцца ў Беларусі апошнім часам — пасля 19 снежня 2011. У поўным часавым цэйтноце нам давялося праводзіць вялікую работу. Наталля правяла каля сарака інтэрв’ю, сабраўшы вялікую колькасць матэрыялу, я давёў тэкст да розуму, скараціўшы і адрэдагаваўшы чыставы варыянт. Мы адмовіліся аб двухактавай структуры, пусціўшы сцэны ў перакрыжаваннях. Урэшце, нашай нязменнай перакладчыцы Агнешцы давялося перакладаць на хаду, а мне пачынаць рэпетыцыі, не маючы на руках канчатковай версіі тэксту. Яно, праўда, аказалася і да лепшага — мы змаглі правесці тры першыя рэпетыцыі, фармуючы матэрыял разам з акторамі і знаёмячы іх з беларускімі актуаліямі. Яны справіліся з першымі рэпетыцыямі з гонарам, прайшоўшы неверагодны інтэнсіў, да якога гатовыя акторы Беларускага Свабоднага тэатра, але не заўсёды гатовыя акторы статусных рэпертуарных тэатраў, якім і ёсць Teatr Polski.
Не буду занурацца ў прафесійныя нюансы, а ў канцы раскажу пра размеркаванне роляў. Цяпер пра гэта казаць можна, бо склад зацверджаны, працуе, і, спадзяюся, змяненняў больш не зведае. Верхні радок — імя актора, ніжні — персанаж, ролю якога ён выконвае.
Прэм’ера прызначаная на 9 чэрвеня».
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары