У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
Як стала вядома «Нашай Ніве», у Гомельскім абласным драмтэатры праз грамадзянскую пазіцыю звольнілі некалькіх супрацоўнікаў. Гэта пацвердзілі самі супрацоўнікі.
У прыватнасці, заяву на звальненне «па ўласным жаданні» напісала актрыса Ганна Кавалькова.
Жанчына працавала ў Гомельскім драмтэатры з 2000 года. Мела ўзнагароды і граматы ад Гомельскага аблвыканкама. Апошнім часам была задзейнічаная ў спектаклях «Пунсовенькая кветачка» Сяргей Аксакава, «Чароўны сон» па Дастаеўскім, «Мужчынам уваход забаронены» Канінгем і іншых.
Таксама звольнілі касцюмерку Ірыну Жукаву (Тарнаўскую). Пад пытаннем лёс загадчыка літаратурнай часткай Уладзіміра Ступінскага.
Прычына звальненняў, як кажуць самі экс-супрацоўнікі, «у грамадзянскай пазіцыі». Скрыншоты з іх старонак не так даўно з’явіліся ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах. У якасці «злачынства» дэманстраваліся рэпосты з інфармацыйных рэсурсаў, што прызнаныя сёння экстрэмісцкімі, аватаркі з бел-чырвона-белым сцягам, падтрымка рэпрэсаваных.
«Даносы сталі звычайнай з'явай», — пракаментавалі тэатралы.
У верасні мінулага года на знак пратэсту супраць гвалту з Гомельскага тэатра самастойна сышла актрыса Ала Леная. У жніўні 2020-га яна і яшчэ шэсць супрацоўнікаў запісалі відэазварот «Мы беларусы. Мы супраць гвалту».
Гэта не адзіны выпадак тэатральнай зачысткі апошнім часам. На днях стала вядома пра сыход з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева. Па інфармацыі «Нашай Нівы», на гэтым звальненні ў тэатры не скончацца. У рэпертуары РТБД на студзень і люты шмат адмен.
Не так даўно палітычныя звальненні закранулі і Коласаўскі тэатр у Віцебску: пасля паказу прэм’еры спектакля «Ціль» па п'есе драматурга Грыгорыя Горына, дзе са сцэны прагучала фраза «Жыве Фландрыя!», там не працягнулі кантракты з дырэктарам Аляксандрам Старых і як мінімум трыма акцёрамі: Анжалікай Баркоўскай, Юліяй Крашэўскай і Арцёмам Гераком.
«Мы маем справу з татальнай забаронай на рэфлексію». Сяргей Будкін — пра пазітыўныя і негатыўныя вынікі года ў культуры
Тэатральная хваля салідарнасці. Якія спектаклі пра рэпрэсіі ў Беларусі з'явіліся ў свеце і дзе іх можна паглядзець?
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
-
Куды схадзіць у тэатр у афлайне? Склалі з крытыкам топ спектакляў, за якія не сорамна
Каментары