«Кахаю цябе, сумую па табе» — напісаў жонцы ў сацсетках. Праз некалькі гадзін забіў яе і двух яе дзяцей
У нядзелю, 17 лістапада, пракуратура Брусэля паведаміла пра арышт 54-гадовага рыэлтара Жазэ П.
У суботу, 16 лістапада, у доме, які рыэлтар здымаў у свайго брата, знайшлі целы яго 40-гадовай жонкі, грамадзянкі Польшчы, а таксама 13-гадовага пасынка і гадавалай дачкі.
Паводле ўступнай версіі следства, гэта было забойства-самагубства (калі часткай плану здзяйснення самагубства ёсць забіццё адной ці некалькіх іншых асобаў).
Але нават не гэта самае жудаснае. Паводле rtl.be, рашэнне здзейсніць злачынства магло быць прынята супольна з жонкай.
«Спачатку атруцілі 13-гадовага сына полькі ад папярэдніх адносін. (…) Пасля застрэлілі жанчыну і іх гадавалую дачушку. Іх целы знайшлі ў абдымках», — піша польскае выданне «Fakt».
Мяркуецца, што пасля ўсяго гэтага Жазэ П. павінен быў прыняць наркотыкі і здзейсніць самагубства. Але на пэўным этапе ён страціў прытомнасць, і ў такім стане яго і знайшлі ратавальнікі.
Цікава, што ў доме на сценах былі напісаны паведамленні кшталту «прабачце». У дзень забойства Жазэ П. размясціў у сацсетках відэа, дзе выказваў любоў да сваёй жонкі, суправадзіўшы яго сямейнымі фотаздымкамі і рамантычнай песняй.
Раней Жазэ П. страціў працу ў кампаніі свайго брата. Апроч таго, брат патрабаваў ад сям’і, каб яна неадкладна выселілася з ягонага дома.
Брат, як паведамляецца, цягам доўгага часу шантажаваў і пагражаў сям’і. Дарэчы, у доме была знойдзена зброя невядомага паходжання.
Ці страта працы, канфлікт з братам і пагроза высялення — дастатковае тлумачэнне матываў патройнага забойства (якое, меркавана, павінна было скончыцца самагубствам)? Складана ў гэта паверыць. Следства працягваецца.
Каментары