Грамадства55

«Калі ён стане міністрам, Кубракоў падасца пацанёнкам». Гісторыя жыцця Мікалая Карпянкова

Мікалай Карпянкоў амаль ніколі не меў добрых адносін з міністрамі ўнутраных спраў, але пры гэтым утрымліваў свае пасады. «Свабода» паразмаўляла пра адыёзнага сілавіка з былымі таварышамі Карпянкова па службе, яго знаёмым і дзейным афіцэрам беларускага МУС.

Намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалая Карпянкова заўважылі на вучэннях унутраных войскаў з нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэра»

Апошнія некалькі месяцаў у беларускіх СМІ ўсё часцей гучыць параўнанне кіраўніка ўнутраных войскаў, намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова са стваральнікам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным. Першым пра гэта загаварыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка, потым тое ж паўтарыў былы дэсантнік, сын Валерыя Сахашчыка Аляксандар.

Сам Карпянкоў на вучэннях прадстаўнікоў спецпадраздзяленняў з'явіўся з шаўронам «Вагнэра». Сцяг расейскай прыватнай вайсковай кампаніі лунае ў вайсковай частцы 3310 у Менску.

Якая рэпутацыя ў Карпянкова? Чаму ў яго былі канфлікты з Шуневічам і Караевым? Ці можа ён стаць супернікам Лукашэнкі? «Свабода» паразмаўляла пра гэта з былымі таварышамі Карпянкова па службе, ягоным знаёмым і дзейным афіцэрам беларускага МУС.

Родам з Хоцімскага раёну

Афіцыйная біяграфія Мікалая Карпянкова досыць сціплая. Паведамляецца, што ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў Менску. Пры гэтым нават не было да канца вядома, ці беларус ён з паходжання.

Дзякуючы базе BelPol «Свабодзе» ўдалося даведацца, што бацькі Мікалая Карпянкова нарадзіліся ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэта самы-самы ўсход Беларусі, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Расеі.

Бацька Мікалай Фядотавіч паходзіць зь вёскі Янаполле. Маці — Марыя Рыгораўна — з Бярозкі. Абаіх бацькоў сілавіка ўжо няма сярод жывых.

Карпянкоў вучыўся ў Менскай сувораўскай вучэльні, потым праходзіў падрыхтоўку на танкіста ў расейскім Ульянаўску. Пачынаў як вайсковец. Але ў 1993 годзе трапіў на службу ў міліцыю.

«Пяць хвілін пагаворыш — як разумную кніжку прачытаеш»

У 1995 годзе Мікалай Карпянкоў трапляе ў службу бяспекі Лукашэнкі. Ужо ў 2001-м становіцца старшым ад’ютантам яе 1-га аддзелу. Магчыма, менавіта з таго часу ў Карпянкова засталіся добрыя адносіны з Андрэем Уцюрыным, які ўзначальваў службу бяспекі Лукашэнкі, а потым стаў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі.

Аляксандар Азараў, які працаваў разам з Карпянковым у ГУБАЗіКу, успамінае, што той пры ім тэлефанаваў Уцюрыну, каб вырашыць тыя ці іншыя пытаньні.

«Размаўлялі па-сяброўску. Калі Карпянкоў хацеў да кагосьці падлізацца, то казаў так: «З вамі пяць хвілін пагаворыш, і нібыта разумную кніжку прачытаў». Тое самае ён казаў Уцюрыну».

У 2020 годзе Андрэй Уцюрын быў асуджаны на 12 гадоў калоніі за хабар.

Мікалай Карпянкоў з падначаленымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК на вуліцах Менску падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе

«Хто мацнейшы: «Алмаз» ці «Альфа»?»

Ад 2003 да 2010 года Мікалай Карпянкоў узначальваў спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам МУС «Алмаз».

«Ён зрабіў «Алмаз» сапраўднай баявой арганізацыяй. «Алмаз» не такі вялікі, за час яго кіраўніцтва там было 100—120 чалавек. Восем груп па дзесяць чалавек плюс кіраўніцтва. У іх з'явілася на Грушаўцы база, ён выбіў памяшканне, падцягнуў добрых інструктараў з БФСА «Дынама», быў апантаны ідэяй «Алмаза»», — расказвае былы калега Мікалая Карпянкова, які паразмаўляў са «Свабодай» на ўмовах ананімнасці.

Суразмоўца расказвае, што на базу да «Алмаза» прыязджалі і калегі з Літвы, Нямеччыны, іншых краін Еўразвязу. Самі «алмазаўцы» таксама нярэдка ездзілі на Захад для абмену досведам. Карпянкову было цікава, як працуюць такія спецпадраздзяленні ў розных краінах.

«Неяк пытаўся ў Карпянкова, хто мацнейшы — «Алмаз» ці «Альфа», і ён казаў, што і там, і там адны інструктары. Але ў «Алмазе» выезды кожны дзень, ці мінімум тры разы на тыдзень, а ў «Альфы» — 1—2 выезды ў месяц. І гэты досвед шмат пра што гаворыць», — працягвае аповед калега.

Былы сілавік кажа, што Карпянкоў змог стварыць такую атмасферу, калі байцы ўспрымалі «Алмаз» як адну сям’ю. І пры гэтым яму ўдавалася кантраляваць людзей, у якіх шмат энергіі і адрэналіну.

У 2006 годзе Мікалай Карпянкоў адзначыўся тым, што браў удзел у затрыманні кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Таксама, меркавана, ён страляў у аўтамабіль Юрыя Радзівіла, кіроўцы былога кандыдата ў прэзідэнты.

«Ён любіў успамінаць службу ў «Алмазе». Расказваў, што некалькі разоў быў блізкі да смерці. Успамінаў, як бандыт аднойчы хаваўся ад іх са зброяй у канапе.

Пры гэтым Карпянкоў заўсёды насіў з сабой нож на назе і марыў, каб на яго хтосьці напаў, каб была магчымасць прымяніць», — расказвае Аляксандар Азараў.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў з адным з байцоў новага падраздзялення спецназу «Буран». 14 ліпеня 2023 году

«Карпянкова не любілі ўсе міністры»

На той час Міністэрства ўнутраных спраў узначальваў Уладзімір Навумаў, выхадзец з «Алмаза». З ім у Карпянкова, як расказваюць крыніцы «Свабоды», былі добрыя камунікацыі. А вось з наступнымі міністрамі — Ігарам Шуневічам і Юрыем Караевым — адносіны не ладзіліся.

«Карпянкова не любілі ўсе. Ён нахер пасылаў міністраў, і ніхто нічога зрабіць не мог. Ён умеў наводзіць масты, сувязі. У прыватных размовах умее знайсці падыход да чалавека, правільна пачаставаць, пахваліць. Вялікі талент у маніпуляцыі. Ён адкрыта казаў, што Шуневіч «жо…рукий инвалид», ні на што не здольны. І з Караевым адносіны былі не вельмі. Ён успрымаў гэта так: «Хто такі нейкі там Караеў — гэта не раўня Карпянкову», — расказвае знаёмы сілавіка.

Суразмоўца працягвае, што Карпянкоў здольны «ісці да сваёй мэты па трупах», але не напралом, а хітрасцямі і маніпуляцыямі.

«Карпянкоў — псіхапат. Ён можа быць вельмі абаяльным чалавекам. А маладыя спецназаўцы ўспрымаюць яго як боства. Ён мае дар пераканання. Да многіх людзей ён мае падыход», — кажа колішні знаёмы.

Дзейны афіцэр МУС сказаў «Свабодзе», што з цяперашнім міністрам Іванам Кубраковым у Карпянкова таксама досыць складаныя адносіны праз ідэю Карпянкова вывесці ўнутраныя войскі з падначалення міністра і стварыць аналаг расейскай Нацыянальнай гвардыі.

«Карпянкова не любіла кіраўніцтва МУС, бо ён мог лезці праз галаву. Ён павінен як кіраўнік ГУБАЗіКа ўсё вырашаць з намеснікам міністра, а ён адразу ішоў да Рады бяспекі», — расказвае Азараў.

Напрыканцы 2010 год Мікалая Карпянкова знялі з пасады камандзіра «Алмаза». Адбылося гэта неўзабаве пасля збіцця кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева. Па шматлікіх сведчаннях, у тых падзеях Карпянкоў браў непасрэдны ўдзел.

Мікалай Карпянкоў разам са старшнём ЦВК Ігарам Карпенкам падчас афіцыйнага мерапрыемства

«Сталі прыцягваць да адказнасці задняй датай»

У 2012—2014 гадах Мікалай Карпянкоў узначальваў упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УПНіПГЛ) крымінальнай міліцыі МУС.

«Што тычыцца гандлю людзьмі, то мелася на ўвазе спыненне перапраўкі беларускіх дзяўчат у ААЭ, хоць там 9 з 10 дзяўчат самі гэтаму былі рады. Мне здаецца, тады займаліся перападзелам гэтага рынку на карысць дзяржавы», — расказаў «Свабодзе» былы сілавік.

А вось за барацьбу з наркотыкамі Карпянкоў узяўся даволі апантана. Паводле словаў суразмоўцы, яму ўдалося згуртаваць вакол сябе дастаткова моцную каманду.

«Увогуле, ці ёсць іншыя прэцэдэнты, што чыноўнік ці сілавік можа змяніць заканадаўства? Ніяк не атрымлівалася змяніць антынаркатычнае заканадаўства ў Беларусі, і тады Карпянкоў нейкім чынам змог падлезці да Лукашэнкі з гэтым пытаннем», — расказвае колішні знаёмы.

Суразмоўца падкрэслівае, што менавіта па антынаркатычным заканадаўстве ў Беларусі ўпершыню пачала прымяняцца практыка прыцягвання да адказнасці «задняй датай».

«Тое самае, што цяпер робяць у палітычных працэсах. Калі я гляджу на ўсе новаўвядзенні, рэпрэсіі, то разумею: Карпянкоў — архітэктар усяго гэтага. Пашпарты, даверанасці. Я ўпэўнены, што з гэтым працуе асабіста Карпянкоў», — кажа ягоны знаёмы.

Мікалай Карпянкоў на імпрэзе ў гонар гадавіны патрыятычнага клуба «Граніт» у Менску, лістапад 2023 года

Супраць фанатаў і анархістаў

У верасні 2014 года Мікалай Карпянкоў стаў кіраўніком Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Дзейны супрацоўнік міліцыі растлумачыў «Свабодзе», што ўзначаліць «Галоўнае ўпраўленне» лічылася ганаровым, бо гэта зусім іншыя заробкі і званні ў параўнанні з проста «ўпраўленнем».

За сабой з УПНіПГЛ Карпянкоў перацягнуў Міхаіла Бедункевіча (той стаў ягоным намеснікам) і Аляксандра Алёксу, які пазней стаў намеснікам кіраўніка 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК, вядомы па затрыманні анархіста Міколы Дзядка.

«У ГУБАЗіКу займаліся футбольнымі фанатамі і анархістамі. Яны прааналізавалі пасля падзей у Кіеве ў 2014 годзе, што ўдарнай сілай рэвалюцыі былі менавіта фанаты. Яны могуць арганізавацца, не баяцца супрацоўнікаў міліцыі. ГУБАЗіК пачаў граміць іх асяродкі», — расказвае былы калега Карпянкова.

Пры гэтым у кіраўніка ГУБАЗіКа ўзнік канфлікт з Сяргеем Румасам, які на той час узначальваў Банк развіцця і быў кіраўніком Беларускай федэрацыі футболу.

«Карпянкоў счапіўся з Румасам. Проста так Румаса Карпянкоў зняць не мог.

Тады ён пайшоў па фірмах, якія фінансавалі федэрацыю футболу, і пачаў іх прэсаваць.

У АБФФ тады пачаліся фінансавыя праблемы, таму фактычна яны самі сталі зліваць фанатаў», — кажа былы калега Карпянкова.

Што тычыцца анархістаў, то з імі таксама «працавалі» як з людзьмі, здольнымі да аб’яднання і гатовымі пайсці на ўчынак дзеля ідэі.

«Яны жывуць як крымінальная банда»

Усе суразмоўцы «Свабоды» адзначаюць, што Карпянкоў — вялікі працаголік. Ён выходзіў на працу амаль кожныя выходныя.

«Ён чалавек вельмі сістэмны. Мне расказвалі, што Карпянкоў кожны свой дзень занатоўваў у штодзённік. Дзе ён быў і чым займаўся ў кожную гадзіну. У яго стэлажы штодзённікаў. У яго вырашэнне праблем заўсёды ў графіках, у картах, вельмі па-вайсковаму, згодна са стратэгіяй. Каго ўзяць, каго пасадзіць», — расказвае ягоны знаёмы.

Карпянкова нельга было ўбачыць на працы падпітага ці з пахмелля. Ездзіў на старым «мэрсэдэсе», хоць ягоныя намеснікі і кіраўнікі ўпраўленняў мелі куды лепшыя і навейшыя аўто.

«Ужо ў 2015 годзе Карпянкова і Бедункевіча вельмі баяліся іншыя міліцыянты, я бачыў гэта на свае вочы. Яны ўжо тады былі каралямі, што гаварыць пра цяперашнія часы. Карпянкоў умее распраўляцца са сваімі апанентамі, а апаненты ў яго бываюць і ўнутры сістэмы. Ён у тым ліку ненавідзеў Шуневіча — за тое, што той былы кадэбэшнік», — расказвае знаёмы намесніка міністра.

Усе суразмоўцы «Свабоды» падкрэсліваюць, што ў ГУБАЗіКу створаная такая сістэма, што проста так адтуль сысці немагчыма.

«Яны між сабой жывуць як прадстаўнікі крымінальнай банды. Нельга проста так узяць і сысці з ГУБАЗіКа. Будуць праблемы. І сваіх абараняюць любой цаной. І не самых разумных людзей гэта падкупляе. Я ведаю хлопцаў, якія служылі ў ГУБАЗіКу, былі цалкам адэкватнымі, але цяпер сталі гестапаўцамі. Прамытыя мазгі цалкам», — кажа знаёмец Карпянкова.

Аляксандар Азараў таксама згаджаецца, што ў Карпянкова была рэпутацыя чалавека, які стаіць за сваіх гарой. Праўда, Азараў кажа: калі ў яго ўзнік канфлікт з Бедункевічам, то Карпянкоў стаў на бок апошняга. Аднак пры гэтым дапамог з працаўладкаваннем у Акадэмію МУС.

Падначаленыя Мікалая Карпянкова з Унутраных войскаў падчас падрыхтоўкі да разгону акцый пратэсту, сакавік 2023

«Быў вельмі разгублены»

Былы калега Карпянкова расказвае, што яму дакладна вядома аб тым, што дзесьці з 2019 года кіраўнік ГУБАЗіКа стаў ездзіць па прыватных фірмах у Менску і шукаць сабе працу кіраўніка службы бяспекі. Справа ў тым, што ў яго канчаўся кантракт, і на працяг ён не вельмі разлічваў.

«У той час ён быў вельмі разгублены», — кажа суразмоўца.

У свой дзень нараджэння 6 верасьня 2020 года Мікалай Карпянкоў з іншымі таварышамі па службе стаў дубінкамі калаціць шыбы кавярні O’Petit у Менску. Кажуць, што гэта магло ўратаваць яго ад адстаўкі.

«Ён моцны і харызматычны чалавек. Яго часта апісваюць як дэбіла, які граміў дубінкамі кафэ, але гэта далёка не так. Ён разумны, адукаваны, мэтанакіраваны і сістэмны. У цывільным адзенні ў яго добрая выпраўка, добрая харызма. Не адразу скажаш, што перад табой вайсковец. Ён умее гаварыць без матаў, але і з матамі. Тое, што ён спецназавец, выдаюць толькі частыя паўторы. Паглядзіце нядаўнія інтэрв'ю з Сахашчыкам-малодшым, там тое самае. Людзі звыклі кантраляваць тое, што кажуць», — расказвае экс-калега.

«Карпянкоў можа знішчыць Лукашэнку»

Іншы знаёмы Карпянкова перакананы, што пасада міністра ўнутраных спраў — гэта не той максімум, на які ён разлічвае.

«Думаю, ён марыць стаць шэфам усёй Беларусі. У яго рэпутацыя праз СМІ ланцуговага сабакі рэжыму, але людзі да канца не разумеюць, кім ён ёсць. Гэта чалавек з вельмі неардынарнымі здольнасцямі і мысленнем. Я не выключаю, што калісьці менавіта Карпянкоў знішчыць Лукашэнку», — кажа яго знаёмы.

Былы калега Карпянкова так не лічыць. І ўзгадвае, як расейскі пісьменнік Барыс Акунін увёў у мову японскае слова «акунін», што значыць нягоднік, але і выбітная асоба, якая верная свайму гаспадару.

«Вось гэта пра Карпянкова. Калі ён стане новым міністрам, то Кубракоў можа падацца простым пацанёнкам на яго фоне».

«Яго не трэба недаацэньваць. Ён будуе стратэгічную сістэму. Дзіцячыя лагеры — гэта небяспечная рэч, ён думае на 10 гадоў наперад. Калісьці з нашага боку гэтак жа працаваў Сяргей Бульба з «Белым легіёнам», яны людзі аднаго гарту. Ён цэльны чалавек, які імкнецца да сваёй мэты», — лічыць былы таварыш па службе.

«Дырлевангер нашых дзён»

У Мікалая Карпянкова адзіны сын. Крыніцы «Свабоды» расказваюць, што ў 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, бацька адразу прыставіў да яго ахоўніка. Сам Карпянкоў таксама ходзіць з ахоўнікам.

Сыну Ігару 33 гады. Ён працуе ў 5-м упраўленні ГУБАЗіКа. Пра яго ёсць розныя сведчаньні. Адны кажуць, што гэта спакойны хлопец, якому не надта падабаецца ўвага праз бацьку. Па звестках ад іншых, наадварот — ён «пантарэз». І, магчыма, таксама браў удзел у біцці шыбаў у кавярні O’Petit.

Менавіта пры Карпянкову ГУБАЗіК атрымаў функцыі палітычнай паліцыі. Яны запісваюць «пакаяльныя» відэа, удзельнічаюць у прыніжэннях і катаваннях зняволеных.

«Я памятаю, калі ГУБАЗіК затрымаў фаната і ваяра «Азова» Стаса «Тэрор-Машыну» Ганчарова, то там вельмі радаваліся, што на яго фоне можна казаць, што ўсе фанаты — нацысты. У Ганчарова на спіне была татуіроўка з эсэсаўцам Оскарам Дырлевангерам.

Я вось нагаварыў, які Карпянкоў абаяльны, сістэмны і разумны. Але пры гэтым трэба сказаць, што гэта Дырлевангер нашых дзён. З папраўкай, што пакуль у Беларусі не ваенны час, таму ён не можа расстрэльваць мірнае насельніцтва. Збудаваная сістэма цалкам нацысцкая, гестапаўская, і пра гэта ні ў якім разе нельга забывацца», — кажа былы калега Карпянкова.

Чытайце таксама:

«Самая лепшая прафілактыка — прымяненне зброі» — Карпянкоў

«Поц» — гэта маленькі член у маленькага хлопчыка». Карпянкоў бліснуў у лінгвістыцы

Карпянкоў адрэагаваў на канферэнцыю каліноўцаў: Мы нават сабак не прыводзілі ў баявую гатоўнасць

Каментары5

  • даведка
    08.02.2024
    Николай Карпенков с каким замыслом просто так подарил краповый берет старшему участковому Ивану Кубракову?
  • Фу
    08.02.2024
    Интересно, а в "белорусской" милиции сотрудникам надо ежегодно проходить медосмотр, в том числе у таких специалистов как психолог и психиатр? Ведь этот Карпенков явный неадекват.
  • Пытаннечка
    08.02.2024
    Стане "міністрам", не сумняюся. Толькі калі?

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка17

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →