Грамадства33

«Каб быць з фізічным светам на ты». Журналіст Галко, перабраўшыся з Украіны ў Польшчу, пайшоў працаваць на стайню

У радыё «Рацыя» ёсць праект «Жыццё з нуля», у якім расказваюцца гісторыі беларусаў, якім на эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі. Гэтым разам героем публікацыі стаў журналіст Зміцер Галко, які з 2014 года жыў на дзве краіны — Беларусь і Украіну, у 2018 годзе з-за палітычнага пераследу з'ехаў ва Украіну, а ў кастрычніку 2023-га перабраўся адтуль у Польшчу, дзе цяпер працуе на стайні.

Зміцер Галко з жонкай пераехаў з Украіны ў Польшчу напрыканцы 2023 года. Свой ад’езд журналіст патлумачыў тым, што ва Украіне для яго было заблакаванае нармальнае функцыянаванне:

«Мы з 2021 года чакалі статусу бежанцаў і не атрымлівалі яго. Таксама былі заблакаваныя банкаўскія карткі. Але гэта не толькі нам, індывідуальна, а ўсім беларусам. Да таго ж заканчваліся тэрміны дзеяння пашпартоў. Мы ўсяляк намагаліся вырашыць гэтую праблему, у тым ліку ўладкавацца ва УСУ. Уласна кажучы, гэта і стала апошняй кропляй, калі мы не змаглі гэтага зрабіць.

Гэта ўвогуле троху абсурдна нават, бо шмат людзей уцякае ад гэтага, а мы туды ішлі самі, а ў нас не атрымалася проста праз бюракратыю. Фактычна не было магчымасці працаваць афіцыйна.

Апошняя мая праца была ва ўрадавым аналітычным цэнтры «Цэнтр стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі». Я працаваў там да канца 2022 года. Да гэтага ніхто там не прасіў дакументаў, я па-шэраму працаваў. Хоць мяне афіцыйна прадстаўлялі, у тым ліку, розным амбасадарам. А тут раптам спатрэбілася афіцыйная рэгістрацыя. То-бок немагчыма стала жыць і працаваць без статусу ўцекачоў.

У нас быў вымушаны ад’езд. Мы не ўцякалі ад вайны. Калі б мы збіраліся з’язджаць, то зрабілі б гэта, як бальшыня, у лютым 2022 года».

Пасля патрабавання падаць афіцыйную рэгістрацыю на працу Змітру давялося развітацца з цэнтрам, пасля чаго ён вярнуўся ў журналістыку.

Апошнія месяцы да ад’езду з Украіны Зміцер ездзіў па ўсёй краіне. Разам з жонкай яны надоўга заставаліся ў Харкаве, Мікалаеве, Херсоне, прычым часта за паўтара кіламетра ад расійскіх пазіцый. Часта сям’і даводзілася жыць пад пастаянным абстрэлам. Але базавым месцам жыхарства ў Змітра быў Кіеў.

Пра Польшчу, куды давялося пераехаць, Зміцер ведаў мала:

«Як ні дзіўна, я вельмі мала ведаў пра Польшчу. Нашмат болей я ведаў, напрыклад, пра Вялікабрытанію ці пра ЗША, а вось пра суседзяў ведаў мала. Неяк у нас так склалася, можа, праз імперскую мадэль успрымання рэчаіснасці і пабудаваную з дзяцінства інфармацыйную прастору. Я не з Заходняй Беларусі, таму пра Польшчу ведаў мала».

Польшча была адзінай краінай, куды мог выехаць Зміцер. Як патлумачыў журналіст, калі б ён меў нейкі статус ці часовы дазвол на жыхарства, то пасля 24 лютага 2022 года мог бы ехаць у любую краіну свету. Аднак у яго аніякага статусу ці ДНЖ не было, таму яны з жонкай разглядаліся амаль як нелегалы. Абіраць краіну яны не маглі. Таму для выезду застаўся адзіны варыянт, улічваючы, што ў Беларусь ён не мог вярнуцца. На мяжы давялося прасіць прытулку. Акрамя таго, у Польшчы ў Змітра жыве сын, ёсць шмат сяброў.

Зміцер расказаў, што было складаным для яго ў адаптацыі:

«Нечакана даволі высокім выявіўся моўны бар’ер. Мне падавалася, што яго проста не будзе. Цяпер ён для мяне ў пэўным сэнсе ўжо пераадолены. Я, прынамсі, 100% таго, што чую, разумею. І даволі шмат ужо магу адказаць, калі трэба. Шмат што тут не так: атмасфера, тып людзей і нават надвор’е. А яшчэ дарагая арэндная плата за кватэру, асабліва пасля Украіны быў нават шок, настолькі яна вялікая».

Цяпер Зміцер з жонкай жыве ў Вялікапольскім ваяводстве. Жыве там, дзе працуе. «Мы жывём, можна сказаць, на стайні», — жартуе Зміцер.

Спачатку ён жыў у сына пад Варшавай. Потым тры месяцы ў Познані ў сяброў. А потым паўгода здымалі кватэру.

«Гэта было цяжка. На ўкраінскія грошы мы аддавалі 30 тысяч грыўняў за кватэру. За такія грошы ў Кіеве можна жыць у цэнтры на Хрышчаціку», — згадвае Зміцер.

Калі пераехаў у Польшчу, Зміцер не адразу пачаў працаваць з коньмі.

«Спачатку ў мяне была дыстанцыйная праца. Гэта яна мяне часткова выштурхнула сюды, на прыроду. Бо яна была вельмі таксічнай. Яна была звязаная з маніторынгам беларускай прапаганды. І гэта было настолькі агідна, настолькі таксічна, настолькі псіхалагічна цяжка, што мне захацела назаўжды ўцячы з інфармацыйная прасторы. Паўгода цягнулася гэтая праца. І гэта было немагчыма», — расказаў журналіст.

Зміцер Галко кажа, што заўжды марыў быць фермерам і працаваць на прыродзе. І нават сямейная рэліквія, якую з сабой возіць Зміцер, — гэта падкова ад прадзеда Васіля:

«Мой дзед, напрыклад, заўжды хацеў мець каня, а ў Савецкім Саюзе прыватныя коні былі забароненыя. І толькі перад смерцю, у дзевяностыя, бацька купіў майму дзеду каня».

Зміцер мэтанакіравана шукаў занятак, звязаны з коньмі. Ёсць нават спецыялізаваныя суполкі для пошуку такой працы. Новая праца Змітру падабаецца, хоць яна і аказалася цяжэйшай, чым думалася:

«Выйшаў з дому, тут у цябе ставок, вада, чаплі лётаюць, буслы, яноты бегаюць, алені, коні, лясы, палі, далягляды».

Зміцер расказаў пра яшчэ адзін фактар, які падштурхнуў яго абраць менавіта гэтую працу:

«Як чалавек, які быў непасрэдным сведкам вайны на працягу 10 гадоў, а астатнія 2 гады жахлівай вайны, я стаў такім сурвівалістам. Я бункер сабе не будую. Але…

Ведаеце, калі людзі вайну ўспрымаюць праз навіны, то гэта для іх нешта са свету эмоцый, маралі, яшчэ чагосьці нематэрыяльнага. А калі ты там знаходзішся, ты разумееш, што гэта ў першую чаргу фізіка, калі трэба паспець уцячы ці схавацца.

І паколькі я даволі песімістычна гляджу на развіццё падзей і думаю, што найгоршае наперадзе, я б хацеў да гэтага быць фізічна лепш гатовым. Таму вырашыў ад нематэрыяльнай працы перайсці да фізічнай. Менавіта таму, каб быць з фізічным светам на ты».

Цяперашняя праца ў Змітра пачынаецца з кармлення коней. Потым трэба надзець адмысловае адзенне на тых, хто яго носіць. Зміцер прызнаецца, што ў яго напачатку дрыжалі рукі:

«Ты заходзіш да вялікай жывой істоты, якая троху нагадвае цмока. Тут рэальна вялікія коні. І гэтыя істоты дыхаюць, варушацца, нагой тупаюць. І ты думаеш, як бы табе зараз не прыляцела па лобе. Бо калі трэба боты надзець, то знаходзішся проста пад нагамі каня».

У стайнях, дзе працуе Зміцер, знаходзяцца спартыўныя коні. Сярод іх і старыя, ад якіх не адмовіліся гаспадары. На стайні налічваецца прыкладна 56 жывёлін. Зміцер пакуль працуе без выходных, бо інакш атрымаецца зусім малы заробак. Праца — не самая прывабная, бо яна цяжкая і кепска аплачваецца. Таму людзей на стайні не хапае. Аднак Зміцер атрымлівае ад яе тое, што яму патрэбна на гэты момант: фізічную загартоўку, знаходжанне на прыродзе і псіхатэрапію.

Змест працы — у кармленні, адзяванні, прагулцы і суправаджэнні коней па індывідуальных месцах, так званых кватэрах. Пасля гэтага неабходна на стайнях прыбрацца. Прыбіранне стайняў — фізічна цяжкая праца, але нескладаная. Бо з самімі коньмі ёсць шмат нюансаў, гаворыць Зміцер:

«У мяне і ўцякалі коні. І калі памыліўся і не туды паставіў, то коні могуць сарвацца і ўсё паламаць. І трэба характары коней ведаць: хто як, хто дзе і хто што».

Пасля прыбірання стайняў частку коней заводзяць у боксы, частку вядуць на трэніроўкі.

Па журналістыцы Зміцер пакуль не сумуе. Але не лічыць гэта перагорнутай старонкай. У Беларусь ён бы хацеў вярнуцца, калі гэта будзе адносна бяспечна. І хацеў бы, калі пачнуцца перамены, удзельнічаць у жыцці краіны. Можа быць, нават балатавацца ў дэпутаты.

«Я хацеў бы актыўна ўдзельнічаць у перабудове краіны, бо гэта мая радзіма і мы нясем за яе адказнасць», — падсумаваў Зміцер Галко.

Каментары3

  • И ты Брут
    10.09.2024
    А почему Польша? Почему не на фронте? Ещё один змагар оказался не змагар.
  • Таксама Зміцер
    10.09.2024
    Наша Ніва, калі ласка, асвяціце тых "герояў", часткова з-за якіх такім, як Зміцер Галко давялося з'язджаць з Украіны. Я маю на ўвазе непрыемную жанчыну з канала Менавіта Онлайн і яе спітага мацяршчынніка - мужанька. Тая прымітаўная кабета ўзурпавала нішу "эксперта" па Беларусі і беларусам ва Ўкраіне і наламала шмат дроў.
  • Волат
    10.09.2024
    Так, на прыродзе усё як-та яскравей.
    Жыве радзімая!

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка1

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка

Усе навіны →
Усе навіны

Упершыню ў гісторыі Мексікі жанчына стала прэзідэнтам2

Паміж Расіяй і Казахстанам разгараецца гандлёвая вайна6

Пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу. Цана пытання?

Школьнікаў у Мазыры навучаюць на аператараў беспілотнікаў для арміі3

Сядзелка ў Мінску скрала золата і грошы з кватэры кліента1

Гэтай ноччу ў Беларусь заляцеў чарговы «шахед»1

У Клецку ледзь не згвалтавалі 12-гадовую школьніцу2

Асуджанай на 20 гадоў палітзняволенай навесілі яшчэ паўтара года2

Унікальны выпадак: вызваленага па амністыі вярнулі ў калонію. Гэтага дамагліся бацькі ахвяры2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка1

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка

Галоўнае
Усе навіны →