Вайна22

Звычайная правадніца стала Нацыянальнай легендай Украіны. Чым адметная Ірына Юрчанка

Разам з генералам, культавай спявачкай, баксёрам Вусікам ганаровае званне «Нацыянальная легенда Украіны» атрымала правадніца Украінскай чыгункі. Яна стала сімвалам стойкасці маці-ўкраінкі, сын якой трапіў у палон. Але яна стала таксама сімвалам чыгункі, якая ратавала людзей ад вайны. Вось што пра яе вядома.

Ірына Юрчанка Ирина Юрченко Iryna Yurchenko
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Ірына Юрчанка. 22 жніўня 2024 года. Скрын відэа:V_Zelenskiy_official / Telegram

Званне «Нацыянальная легенда Украіны» заснавалі ў 2021 годзе. З таго часу ім штогод адзначаюцца людзі, якія зрабілі ўнёсак у станаўленне незалежнай Украіны, абарону дзяржавы, развіццё нацыянальнай эканомікі, навукі, адукацыі, культуры, мастацтва, спорту, аховы здароўя, а таксама за актыўную дабрачынную і грамадскую дзейнасць.

У гэтым годзе званне атрымаліі 11 чалавек. Брыгадны генерал вайсковай контрразведкі СБУ Іван Лукашэвіч — хросны бацька марскіх дронаў, дзякуючы якім Украіна вярнула сабе кантроль над Чорным морам, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Вольга Харлан, кампазітар Ігар Поклад — і правадніца «Укрзалізныці» Ірына Юрчанка.

Чым адметная Ірына Юрчанка? 

Украінцам яна вядома як маці знакамітага сына — Дзмітрыя «Арэста» Казацкага, прэс-афіцэра абаронцаў «Азоўсталі» ў Марыупалі. Яго здымкі з аточанага горада ў 2022 годзе сталі вядомыя ўсяму свету. Пасля чатырох месяцаў палону Казацкі выйшаў на свабоду і працягвае службу ў войску.

Украінскі вайсковец пад прамянямі сонца на тэрыторыі завода «Азоўсталь», дзе былі заблакаваныя салдаты і жыхары горада. Полк «Азоў» і марская пяхота мужна трымалі абарону шмат дзён. 16 мая 2022 г. Фота: Дзмітрый Казацкі

Маці таксама вызначаецца сваім гераізмам, але ў паўсядзённым жыцці. Калі яе Дзмітрый разам з іншымі абаронцамі «Азоўсталі» трымаў абарону, Ірына тыднямі працавала на эвакуацыйных рэйсах, якія дастаўлялі бежанцаў з усходу на захад Украіны.

У інтэрв'ю ўкраінскаму Vogue Ірына, якая мае 30 гадоў стажу правадніцы, згадвала пра жахі першага эвакуацыйнага рэйсу з Кіева ў Ужгарад, калі ў купэ было па 6—8 пасажыраў, якія везлі з сабой кошак, сабак, папугаяў. Людзьмі былі запоўнены тамбуры.

«Вось дарослая пара з немаўлём. Ірына цудам вызваляе іх месца ў купэ. У мужчыны зрыў, жанчына даганяе, бяжыць за ім у тамбур. Дарэмна: у нервовым прыступе мужчына выбівае рукой шкло, урываецца ледзяное паветра.

Амерыканскі журналіст назірае за тым, што адбываецца. У яго ёсць білет, але ён стаіць усю дарогу з чамаданам у праходзе, саступаючы месца жанчынам.

Ірына Юрчанка Ирина Юрченко Iryna Yurchenko
Ірына Юрчанка. Скрын відэа: the_interviewer / YouTube

Не ўсе такія ветлівыя. Група замежных студэнтаў, нягледзячы на ​​загад саджаць у цягнік толькі жанчын і дзяцей, займае апошняе купэ, тамбур і прыбіральню, не даючы ўвайсці ў яе іншым. Выходзячы, яны пакідаюць пасля сябе бардак нібы ў фільме жахаў.

Нейкая жанчына, размахваючы білетам, спрабуе легчы спаць на паліцу, дзе цесна маладым маме з малым і дзядулю з інваліднасцю. Яна не хоча чакаць, пакуль яны выйдуць на прыпынку, да якога ўсяго гадзіна. Ірыне каштуе неймаверных сіл стрымлівацца».

Пра тое, што яе сын знаходзіцца на «Азоўсталі», жанчына даведалася 1 сакавіка, на 6-ы дзень вайны. Ясна, што там — пекла. Расіяне бамбілі горад з усяго, што толькі ёсць. З сынам яна імкнулася кантактаваць кожны дзень. Кожны ранак жанчына пачынала з эсэмэскі сыну. Пішаш — і не ведаеш, ці будзе адказ.

Дзмітрый Казацкі Дмитрий Казацкий Dmytro Kozatskyi Ірына Юрчанка Ирина Юрченко Iryna Yurchenko
Ірына Юрчанка разам з сынам Дзмітрыем Казацкім. Скрын відэа: the_interviewer / YouTube

15 красавіка Дзмітрый напісаў, што другі раз нарадзіўся. У тую ноч снарад трапіў у месца, дзе ён ляжаў. Выбуховай хваляй мужчыну выкінула з ложка, а ложак цалкам накрыла кавалкам абрынутай сцяны.

Калі б Дзмітрый застаўся на сваім месцы, то яго ўжо б не было ў жывых, а так аскепкі толькі паранілі яму галаву. Пасля ён з-пад завалаў дастаў дзяўчыну-калегу. Яна засталася жывая.

«Я слухала яго, у мяне сэрца разрывалася», — дзялілася пазней сваімі перажываннямі з журналістамі Ірына.

Пасля таго, як здымкі Дзмітрыя сталі шырокавядомыя, а ён сам трапіў у расійскі палон, у Ірыны не раз бралі інтэрв'ю. Яна стала сімвалам мужнасці і надзеі маці-ўкраінкі. Яна шмат расказвала пра сына і яго выхаванне, дзялілася тым, як ёй даюцца доўгія дні і месяцы чакання. Яна не маўчала, а расказвала свету пра сваю долю і долю сваёй краіны.

«Я павінна трымацца дзеля таго, каб ён прыйшоў і пабачыў мяне ў адэкватным псіхічным стане. Трымае таксама работа», — казала Ірына.

21 верасня 2022 года, калі жанчына была на працы, ёй пазванілі з незнаёмага нумару. «Сынку, то ты?» — спытала жанчына. «Мама, я ва Украіне. Мяне абмянялі», — пачула ў адказ.

«Я чую яго, але не магу ўсвядоміць, перапытваю яго зноў і зноў», — дзялілася Ірына.

Дзмітрый Казацкі Дмитрий Казацкий Dmytro Kozatskyi
Дзмітрый Казацкі пасля вызвалення з расійскага палону. Фота: AP Photo/LIBKOS

Так здарылася, што Ірына працавала на першым цягніку, які прыйшоў у вызвалены Херсон. «Людзі плакалі, абдымалі правадніц, неслі ім восеньскія кветкі», — успамінае яна.

Да гэтай пары Ірына Юрчанка працягвае працаваць на цягніках, якія цяпер даходзяць да польскага Хэлма. 

Жанчына працягвае выступаць публічна, дае інтэрв'ю, каб падтрымаць людзей, каб яны не страцілі надзею. «Я ведаю, як гэта — чакаць сваё дзіця з палону», — гаворыць Ірына.

На цырымоніі ўручэння прэміі — Ірына Юрчанка прыйшла ў вышыванцы, а ў зале сядзеў і яе сын — яна з годнасцю паціснула руку не толькі прэзідэнту Зяленскаму, але і ягонай жонцы Алене, якая таксама ведае, што такое — перажываць за мужа.

Каментары2

  • Я
    23.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • «Народная легенда Украіны»
    23.08.2024
    а зяленскі сам сябе не ўзнагародзіў?

План Трампа па Украіне прадугледжвае замарозку вайны і адмову Кіева ад уступлення ў НАТА18

План Трампа па Украіне прадугледжвае замарозку вайны і адмову Кіева ад уступлення ў НАТА

Усе навіны →
Усе навіны

Рыжанкоў заявіў, што Беларусь не дапусціць, каб яе ўцягнулі ў канфлікт ва Украіне5

Асноўны інстынкт па-віцебску. Хлопец ехаў па сэкс у Оршу, а заняўся ім проста на прыпынку з першай сустрэчнай16

Міністр інфармацыі: У Беларусі пакуль не плануецца закрываць YouTube1

Прадстаўніка гомельскага праўладнага прафсаюза судзілі за распаўсюд экстрэмізму

Кампаніі, якія займаюцца дастаўкай аўто з ЗША, прапрацоўваюць новы маршрут праз адну з краін Еўрасаюза1

Памёр адзін з бацькоў-заснавальнікаў расійскага тэлебачання Мікалай Сванідзэ9

ГУР Мінабароны Украіны пацвердзіла інфармацыю пра збіты расійскі знішчальнік і паказала ВІДЭА7

Нігерыйскі футбаліст, які гуляе за «Івацэвічы», набыў французскую кавярню ў Брэсце12

Праўладныя сацыёлагі расказалі, што чытаюць беларусы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

План Трампа па Украіне прадугледжвае замарозку вайны і адмову Кіева ад уступлення ў НАТА18

План Трампа па Украіне прадугледжвае замарозку вайны і адмову Кіева ад уступлення ў НАТА

Галоўнае
Усе навіны →