У Беларусі плануюць панізіць ахоўны статус зубра і бурага мядзведзя, а хамякоў, наадварот, павысіць
У новым выданні Чырвонай кнігі перагледзяць ахоўны статус шэрагу жывёл і птушак. У тым ліку — зубра.
Спецыялісты НАН Беларусі прапануюць змяніць ахоўны статус для сямі відаў млекакормячых у новым выданні Чырвонай кнігі.
Зубра плануюць перавесці з III на ІV, больш слабую, катэгорыю аховы. Спецыяліст па біярэсурсах Павел Гештоўт расказаў, што за апошнія 30 гадоў колькасць зуброў у Беларусі павялічылася ў дзевяць разоў і цяпер перавышае 2 700 асобін, з якіх 2 600 жывуць на волі ў дзесяці папуляцыях, пішуць «Мінск-Навіны».
Паводле выдання, з 2011 года Беларусь стала лідарам па колькасці зуброў на волі, а з 2018 года – і па агульнай колькасці.
Для бурага мядзведзя таксама прапануецца змена катэгорыі аховы — з I на IV. Колькасць мядзведзяў узрасла з каля 130 асобін у канцы 1980-х да прыкладна 800 у цяперашні час.
Зменяць з III на IV ахоўны статут рысі і барсука. Першых у краіне ўжо 1600 асобін, яны сустракаюцца на 60 працэнтах тэрыторыі Беларусі. Колькасць барсукоў узрасла з 800—1600 асобін у 2000-х да 2500—2700 у 2021-2023 гадах.
А вось хамяка звычайнага спецыялісты прапануюць перавесці з III у I катэгорыю аховы.
Акрамя таго, уключыць у Чырвоную кнігу прапануюць новы від — гіганцкую вячэрніцу, прысвоіўшы ёй I катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці. Самы вялікі ў Еўропе кажан знаходзіцца на мяжы знікнення ў Беларусі. Нядаўна спецыялісты знайшлі калонію вячэрніц у Жыткавіцкім раёне.
Сярод птушак прапануецца выключыць адзін від — аўдотку, бо яна больш не сустракаецца ў Беларусі. Замест гэтага плануецца ўключыць у кнігу тры новыя віды, сярод якіх глушэц (заходні падвід) у II катэгорыю аховы. Гэты падвід рэдкі і распаўсюджаны ў Літве, Польшчы і Заходняй Беларусі. З 2022 года ў краіне рэалізуецца праграма па яго развядзенні і рассяленні.
Змены ў Чырвоную кнігу доўгі час лабіруюць паляўнічыя. Навукоўцы ж да гэтага супраціўляліся зменам.
Каментары