На будаўніцтва міліцэйскага гаража ў Гомелі патрацяць столькі, колькі каштуе новая школа
Гомельскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва аб'явіла пошук падрадчыка на рэканструкцыю аб'ектаў аўтапарка вайсковай часці 5525 у Гомелі (унутраных войскаў). На працы прадугледжана выдзяленне з бюджэтных сродкаў вельмі вялікай сумы — амаль 22,5 млн рублёў (7 млн даляраў), заўважыў «Флагшток».
На гэтыя грошы можна пабудаваць 2 дзіцячыя садкі ў новых мікрараёнах, прыкладна ў такую ж суму абыходзіцца будаўніцтва невялікай школы або паліклінікі.
Работы па рэканструкцыі аб'ектаў аўтапарка ў міліцэйскай часці павінны пачацца ўжо ў верасні і разлічаны на два гады — па верасень 2026 года. Праектная дакументацыя ўжо распрацавана — на гэта таксама была выдаткавана буйная сума.
У апублікаваным тэндары няма схем, але ў дакументацыі «Флагшток» знайшоў падрабязнае апісанне аб'екта. Умяшчальнасць гаражоў, якія хочуць рэканструяваць, складае 82 аўтамабілі.
Праект прадугледжвае будаўніцтва пункта тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў з майстэрнямі і складамі. Таксама плануецца будаўніцтва аўтазаправачнага комплексу.
Каментары