Грамадства33

Бельгійскі прынц асабіста прывёз пікап для Палка Каліноўскага

Дыяспара беларусаў Бельгіі і «Місія Ігара Вітэнка» набылі пікап для Палка Каліноўскага. Прывёз яго асабіста бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье, а каліноўцы забралі аўтамабіль з украінскага замка, паведамляе Полк.

9 верасня ў маленькім горадзе Збараж Тэрнопальскай вобласці Украіны адбылася ўрачыстасць: у гарадскім замку валанцёры перадалі машыны хуткай дапамогі ўкраінскім шпіталям і вайсковым падраздзяленням, а Палку Каліноўскага — пікап і FPV-дроны.

Арганізацыя, дзякуючы якой усё адбылося — «Місія Ігара Вітэнкі». Гэта НКА, якая падтрымлівае Украіну, збіраючы ахвяраванні на набыццё медыцынскага абсталявання, гуманітарнай дапамогі і інш. Ігар Вітэнка — украінскі хірург. Ён 25 гадоў жыў у Бельгіі, аднак адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны вярнуўся ва Украіну, каб лячыць параненых. Пазней ён заснаваў вышэйзгаданую місію, дзякуючы якой ва Украіну ўжо даставілі вялікую колькасць аўтамабіляў. А дзякуючы беларускай дыяспары ў Бельгіі дапамогу ўжо другі раз атрымалі і мы. 

Пікап — гэта добра. Але прычым тут бельгійскі прынц?

Месца сустрэчы было абранае не выпадкова. Некалькі стагоддзяў таму горад Збараж і бліжэйшыя вёскі належалі бельгійскаму Дому Лінь. Гэта адзін з найстаражытных дваранскіх родаў Бельгіі, згадкі пра які ў гістарычных крыніцах сустракаюцца з XII стагоддзя. Збаражскі замак, дзе і прайшла ўрачыстасць, таксама, зразумела, некалі належаў Дому Лінь. 

Прынц Мішэль дэ Лінье, згаданы ў пачатку гэтай гісторыі — спадчыннік Дома Лінь. Яму 73 гады і ён ужо 14-ы прынц гэтага Дому. Гэта першы ягоны візіт ва Ўкраіну ў рамках гуманітарнай місіі. Прынц Мішэль мае значны ўплыў на бельгійскую палітыку па дапамозе Украіне, а Дом Лінь у наш час — адна з самых уплывовых сем'яў у Бельгіі.

Бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье ў Збаражскім замку. Прынц у маладосці служыў у элітным бельгійскім Палку Паракамандас. Як былы вайсковец ён разумее неабходнасць дапамогі Украіне. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Як патлумачыла ўдзельніца місіі, беларуская валанцёрка Галіна Мацюшына, прынц даўно жадаў наведаць Збаражскі замак. І гэтая магчымасць з'явілася, але фактычна выпадкова: у прынца Мішэля і Ігара Вітэнкі знайшоўся агульны сябар, які іх і пазнаёміў. Гэты сябар — бельгійскі граф, які сам неаднаразова дапамагаў Украіне.

Далей падзеі развіваліся хутка: спачатку кіраўнік Збаражскай тэрытарыяльнай абшчыны Раман Палікроўскі разам з дэлегацыяй наведаў рэзідэнцыю Дома Лінь у Бельгіі. А зараз ужо сам прынц Мішэль дэ Лінье прыбыў ва Украіну.

Ехаў прынц на машыне, грошы на якую сабрала дыяспара беларусаў Бельгіі і «Місія Ігара Вітэнка». Кіроўцам быў сябар прынца барон Бернард дэ Гершалем. Вось і атрымліваецца, што пікап для Палка Каліноўскага даставіў асабіста бельгійскі прынц і барон.

Бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье заязджае ва ўнутраны двор Збаражскага замка. За рулём аўтамабіля, які пазней перадалі Палку Каліноўскага, барон Бярнард дэ Гершалем. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Ва ўнутраным двары замка ў якасці ганаровай варты стаяць навучэнцы Тэрнопальскага вайсковага Каледжа. Побач размясціўся невялікі аркестр. Каля цэнтральнага ўваходу ў замак выстаўлены машыны, а побач з імі знаходзяцца ўдзельнікі місіі, мясцовыя пасадоўцы і госці. Сам замак адрэстаўраваны ў 2019-м і за яго станам відавочна сочаць. За стагоддзі ён некалькі разоў перабудоўваўся, а ў савецкія часы прыйшоў у запусценне. А зараз сустракае нашчадка былых гаспадароў.

Бельгійскі барон Бернард дэ Гершалем, сябар прынца Мішэля дэ Лінье. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Перад пачаткам мерапрыемства ў нас адбылася адна нечаканая сустрэча. Да камандзіра Палка Каліноўскага «Дзядзькі» падышоў прывітацца мясцовы каталіцкі святар. Святар убачыў бел-чырвона-белы патч на плячы Паўла Шаурмея ды моцна зарадаваўся, калі ўпэўніўся, што мы беларусы. У гутарцы высветлілася, што айцец Давід у 2000-х гадах служыў у Санктуарыі горада Будслаў, што знаходзіцца ў Менскай вобласці. Сам ён украінец, але любіць і паважае Беларусь. Пра Полк Каліноўскага ведаў нямала і быў моцна здзіўлены, калі зразумеў, што гаворыць з камандзірам падраздзялення. Мы крыху паразмаўлялі, абмяняліся ўспамінамі пра Будслаўскі Фэст і адправіліся далей.

Падчас самога мерапрыемства ўкраінскім вайскоўцам і медыкам было перададзена тры аўтамабілі хуткай дапамогі, напоўненыя медыцынскім абсталяваннем. Два з іх адразу адправяцца на фронт, а адзін да мясцовай ТРА. Палку Каліноўскага перадалі пікап і 7 FPV-дронаў. Агулам гэта ўжо соты аўтамабіль, перададзены Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны ў рамках гуманітарнай «Місіі Ігара Вітэнкі».

Так а што за пікап?

Пікап Nissan Navara. Гэта ўжо другі раз, калі беларуская дыяспара Бельгіі нам дапамагае. У траўні гэтага года яны таксама, сумесна з «Місіяй Ігара Вітэнкі», перадалі нам пікап і дроны. 

Ужо вярнуўшыся са Збаража мы выявілі, што ўнутры пікапа нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: беларуская дыяспара Бельгіі перадала Палку Каліноўскага некалькі каробак з падарункамі. 

Полк імя Кастуся Каліноўскага выказвае сваю падзяку кожнаму, хто дапамагае нам. Ваш уклад у агульную справу важлівы і толькі разам мы зможам перамагчы!

Барон Бернард дэ Гершалем абдымае камандзіра Палка Каліноўскага пасля перадачы пікапа і FPV-дронаў. Побач з імі — прынц Мішэль дэ Лінье. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага
Амаль усе ўдзельнікі ўрачыстасці ў Збаражы. Фатаграфія прэс-цэнтра Палка Каліноўскага

Каментары3

  • Дакаціліся
    12.09.2024
    Ужо нават прынцы прыязджаюць з дапамогай да нашых ваяроў. А Прэзідэнт-элект, нацыянальная лідарка, старшыня кабінетаў і офісаў нават проста даехаць да хлапцоў за 2.5 гады ня можа. Хто ты такая пасля гэтага?
  • цэлы прыыынц
    12.09.2024
    гатовяцца да ісламскага паўстання ў Бельгіі? таму такі тыпу хітры палітычны ход?
  • Жыве Беларусь! Слава Украіне!
    12.09.2024
    Вялікі дзякуй за дапамогу!

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным26

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Тэйлар Свіфт узначаліла рэйтынг самых багатых жанчын-музыкантаў

МНС папярэдзіў пра туман

Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным5

Былы ўдзельнік ад Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» адкрыў у Канадзе танцавальную студыю6

Мінскае «Дынама» адмовілася ад падтрымкі фанатаў на гасцявых матчах Лігі канферэнцый у Польшчы і Фінляндыі3

Пад Пінскам наклалі арышт на бацькоўскую хату кіраўніка «Белсата»5

Расійскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк на Данбасе6

На ЗША ідзе звышмагутны ўраган самай апошняй катэгорыі. З-за яго могуць увесці новую класіфікацыю3

Памёр Аляксей Тамілаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным26

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →