У Гродне кацяня праехала 10 кіламетраў у маторным адсеку аўтамабіля і само вызвалілася на СТА
Жывёліна праехалася пад капотам праз увесь горад.
На СТА ў Гродне на рамонт прыехаў Citroen. Работнікі станцыі вельмі здзівіліся, калі ўбачылі побач з машынай кацяня. Мяркуючы па ўсім, яно прыехала на СТА пад капотам аўто.
Кацяня, верагодна, праехала ў маторным адсеку праз увесь горад — гаспадар вёз машыну на рамонт з Альшанкі, а гэта прыкладна 10 кіламетраў, піша autogrodno.by.
«Да нас у бокс заехаў Citroen і пакуль майстар размаўляў з уладальнікам, каля аўтамабіля з'явілася пухнатае кацяня. Майстар паспрабаваў да яго наблізіцца і кацяня заскочыла пад аўтамабіль, прабраўшыся праз маторны адсек да капота. Яно гэта зрабіла так спрытна, як быццам ужо не першы раз. У нас няма сумневаў, што яно прыехала да нас у аўтамабілі кліента», — расказаў супрацоўнік СТА.
Аўтамабіль са станцыі ўжо забралі, а кацяня засталося.
«Мы адвезлі кацяня да ветэрынара, яго агледзелі, гэта дзяўчынка, яна ў парадку. Адзінае, што трэба апрацоўваць правае вочка. Яно выратаванае і трэба яшчэ зрабіць 3 ўколы, яны ў нас ужо ёсць», — расказалі ў аўтасэрвісе.
Цяпер кацяняці шукаюць клапатлівага гаспадара.
Каментары