Сярэдні чэк у крамах Беларусі набліжаецца да псіхалагічнай адзнакі
Калі раней беларусы ў сярэднім трацілі за адзін паход у краму крыху больш за 20 рублёў, то цяпер гэта ўжо амаль 25 рублёў.
Рознічны тавараабарот са студзеня па май вырас на 12,2%, калі параўноўваць з такім жа перыядам мінулага года, паведамляе Белстат.
Сума рознічнага абароту за гэтыя месяцы 2024-га склала 34,2 мільярда рублёў. Пры гэтым сярэдні чэк роўны 24,5 рубля, тады як у студзені-маі мінулага года ён складаў 21 рубель.
Па выніках студзеня гэтага года чэк быў таксама адносна невялікі — 21,6 рубля.
Гэта значыць са студзеня сярэдняя сума штодзённых пакупак аднаго жыхара краіны вырасла прыкладна на 13,4%.
Аптовы тавараабарот за пяць месяцаў таксама вырас-на 8,3% да 73,7 мільярда рублёў. Ёсць рост і ў грамадскім харчаванні — плюс 11,8% (сума — 2,3 мільярда рублёў).
Аднак Белстат не прыводзіць сярэднюю суму, якую выдаткоўвае кліент у рэстаране або кавярні за адно наведванне.
Каментары