«Ідэальны зяць» і зорка TikTok: у Францыі прэм'ер-міністрам можа стаць 28-гадовы палітык
Што пра яго вядома? Пішуць, што гэта палітык тыпу Мелоні: праеўраатлантысцкі правы.
На выбарах у Еўрапейскі парламент у Францыі ўльтраправая партыя Марын Лё Пэн Нацыянальнае аб'яднанне набрала ў два разы болей галасоў за праўрадавых цэнтрыстаў (32% супраць 15%). Пасля такога правалу прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў аб роспуску парламента і датэрміновых выбарах у Нацыянальны сход. Першы тур адбудзецца 30 чэрвеня.
Распачаўшы перадвыбарную агітацыю, Марын Лё Пэн абвесціла, што ў выпадку перамогі Нацыянальнага аб'яднання старшыня яе партыі 28-гадовы Жардан Бардэла будзе прызначаны прэм'ер-міністрам.
Расказваем, што вядома пра гэтага палітыка.
Жардан Бардэла нарадзіўся 13 верасня 1995 годзе ў камуне Дрансі дэпартамента Сен-Дэні, які мяжуе з Парыжам на поўначы і з'яўляецца часткай мегаполіса Вялікі Парыж, у сям'і італьянскіх эмігрантаў, якія хутка пасля нараджэння сына разышліся, але ў якіх Жардан жыў па чарзе.
Па выходных і серадах Жардан пражываў у кватэры бацькі ў Манмарансі — багатым прыгарадзе Парыжа. Бацька папаўняў яго банкаўскі рахунак да першых самастойных заробкаў, а на паўналецце падарыў сыну паездку ў Маямі. Улетку хлопец працаваў у кампаніі, адным з кіраўнікоў якой з'яўляўся бацька.
У астатнія дні тыдня Жардан жыў з маці ў невялікай дзяржаўнай кватэры ў звычайным шматпавярховіку. Маці хлопчыка працавала памочніцай выхавацелькі ў дзіцячым садку.
Адкуль сімпатыі да ўльтраправых
Камуну, у якой прайшло дзяцінства Жардана Бардэлы, нельга назваць добрай. Сам Бардэла пазней пра яе раскажа як пра месца, якое пакутуе ад наркотыкаў і радыкальнага ісламізму. «Масавая міграцыя ператварыла Сен-Дэні ў мультыкультурную і, адпаведна, мультыканфліктную прастору», — сцвярджае палітык і пры гэтым прызнаецца, што «не можа ненавідзець» месца, дзе яго «карэнні, частка мяне самога і гісторыі маёй сям'і».
«Я займаюся палітыкай з-за ўсяго таго, што там перажыў. Каб гэта не стала прэрагатывай для Францыі. Усё, што там адбываецца, ненармальна. … Мы больш не хочам гэтага чорна-белага прыгараду, які эліта, якая намі кіруе, спрабавала навязаць на працягу трыццаці гадоў. Нам патрэбны сіне-бела-чырвоны (колеры дзяржаўнага сцяга Францыі — НН) прыгарад, у якім мы адчуваем сябе французамі», — цытуе Le Monde словы маладога палітыка.
Пры пошуку працы ва Францыі адрас Сен-Дэні з'яўляецца недахопам у рэзюме, але для апаратчыкаў Нацыянальнага фронту (так да 1 чэрвеня 2018 года, да рэбрэндынгу, называлася партыя Нацыянальнае аб'яднанне) гэта было значным плюсам у біяграфіі.
«Ён быў адзіным хлопцам у партыі, выхадцам з рабочага кварталу. У гэтым заключаўся яго даданы кошт», — цытуе Le Monde былога рэгіянальнага дарадцу Нацыянальнага фронту Арэльена Леграна (Aurélien Legrand), які ў 2014 годзе ўзяў маладога чалавека пад сваю апеку. На момант уступлення ў партыю Жардану было 17 гадоў.
Палітычная кар'ера
Вядома, што Бардэла скончыў прыватную сярэднюю школу ў Сен-Дэні. Падчас вучобы ў старэйшых класах ён разам з сябрамі двойчы на тыдзень даваў урокі французскай мовы мігрантам. Пасля Жардан паступіў у Сарбону на геаграфічны факультэт. Але на трэцім курсе яго кінуў, каб прысвяціць сябе палітыцы. На той час Бардэла ўзначальваў падраздзяленне Нацыянальнага фронту ў Сен-Дэні і быў самым маладым кіраўніком дэпартамента партыі.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2017-м Бардэла ўваходзіў у перадвыбарную каманду Марын Лё Пэн. А праз год узначаліў моладзевую арганізацыю партыі.
На выбарах у Еўрапейскі парламент вясной 2019 года тады ўжо «Нацыянальнае аб'яднанне», на чале выбарчага спісу якога стаяла імя Бардэлы, заняло першае месца, атрымаўшы 22 мандаты з 79. У 23 гады Жардан стаў еўрадэпутатам. У тым жа годзе ён увайшоў у склад Выканаўчага бюро партыі і заняў пасаду другога старшыні.
У лістападзе 2022 года Жардан Бардэла быў абраны пераемнікам Марын Лё Пэн на пасадзе старшыні «Нацыянальнага аб'яднання». Так упершыню тварам гэтай ультраправай партыі стала асоба, якая не звязаная з ёй сямейнымі сувязямі.
Праўда, з 2020 года мужчына сустракаецца з пляменніцай Марын Лё Пэн.
На апошніх выбарах у Еўрапейскі парламент Жардан Бардэла зноў узначаліў спіс Нацыянальнага аб'яднання і прывёў яго да найлепшага выніку ў гісторыі.
«Ідэальны зяць» і зорка TikTok
Як піша Politico, Жардан Бардэла цяпер адзін з самых папулярных палітыкаў ва Францыі, асабліва сярод пакалення Z. Менш чым за тры гады колькасць яго падпісчыкаў у TikTok вырасла да 1 мільёна.
«Лідар крайне правага Нацыянальнага аб'яднання стаў зоркаю сацыяльных сетак, пры гэтым пазбягаючы палітыкі», — адзначае выданне і звяртае ўвагу на змест ролікаў. На іх Жардан выпівае ў барах, выкарыстоўвае вірусныя мелодыі, дзеліцца момантамі свайго жыцця.
Santé !
Мяркуючы па даследаванні Ipsos, апублікаваным у сакавіку, папулярнасць Бардэла сярод жыхароў Францыі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў склала 31% у той час, як партыя прэзідэнта Эмануэля Макрона «Адраджэнне» сярод гэтай узроставай катэгорыі мела толькі 4%. Бардэла папулярны і сярод старэйшага пакалення: яго падтрымлівае 40% французаў 50-59 гадоў і 31% — 60-69 гадоў.
Па словах журналіста і аўтара біяграфіі Жардана Бардэлы «Вялікі падменны» (le Grand Remplaçant) П'ера-Стэфані Форта (Pierre-Stéphane Fort),
малады палітык змог падвоіць сваю папулярнасць сярод жанчын за апошнія пяць гадоў. Яны бачаць у ім «ідэальнага зяця». Жардан Бардэла карыстаецца папулярнасцю ў моладзі, жанчын, гараджан. Асабліва ў парыжскім рэгіёне. Гэта ўсе тыя групы электарату, якія былі дастаткова непрымірымымі наконт Марын Лё Пэн.
Форт адзначае, што гэта з'яўляецца вынікам добрай працы каманды па сувязях з грамадскасцю Нацыянальнага аб'яднання. Па выніках некалькіх апошніх апытанняў папулярнасць Жардана Бардэлы ўжо пачала пераўзыходзіць папулярнасць Марын Лё Пэн.
Як заўважаюць аналітыкі, Бардэла з поспехам выканаў ускладзеную на яго місію па прыцягненні электарату. Ці ўдасца яму ўзысці на вяршыню палітычнай улады Францыі, пакажа час.
Пра яго пішуць, што гэта палітык тыпу прэм'ер-міністра Італіі Джорджы Мелоні: ён еўраатлантыст. Ён падзяляе стратэгію Марын Лё Пэн: дэрадыкалізаваць сваю партыю, каб паступова зрабіць з яе такую сілу, якая здольная была б аб'яднаць увесь правы фланг грамадства.
І такі факт: Бардэла апладзіраваў прэзідэнту Зяленскаму, калі той выступаў у Еўрапарламенце. У Расіі магчымы прэм'ер бачыць суперніка, а не саюзніка.
Каментары
З той самай серыі апошні час любяць клейць цэтлікі: "папуліст" і "крайнеправы" нічым некалі камуністы шматлікіх "фашыстамі" называлі.