Ігару прынеслі рашэнне суда аб разводзе ўжо постфактум.
У блогера і былога палітвязня Аляксандра Кабанава з'явілася інфармацыя ад незалежных крыніц пра тое, што Дар'я Лосік 6—9 месяцаў таму, знаходзячыся ў зняволенні, падала на развод. Ігар Лосік і яго бацькі не ведалі пра гэта. Ігару прынеслі рашэнне суда аб разводзе ўжо постфактум. «Маланка» таксама пацвердзіла гэтую інфармацыю праз свае крыніцы.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года за паўтара месяца да прэзідэнцкіх выбараў. Ён стаў фігурантам «справы Ціханоўскага». У снежні 2021 года суд прызначыў яму 15 гадоў калоніі.
Пасля гэтага ягоная жонка Дар'я Лосік запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Дзяўчына прапанавала даць ёй тэрмін наўзамен на вызваленне мужа і магчымасць для яго і іх дачкі выехаць з Беларусі. Пазней Дар'ю затрымалі і прысудзілі да двух гадоў калоніі нібыта за інтэрв'ю, якое яна давала тэлеканалу «Белсат», прызнанаму экстрэмісцкім.
Што яна падала на развод, Ігар Лосік не ведаў. Па словах Кабанава, палітвязню прынеслі рашэнне суда аб разводзе, калі ён сядзеў у ПКТ. У судзе мужчына не ўдзельнічаў — пару развялі без яго ўдзелу.
Па словах былых палітвязняў, працэдуру разводу можна аформіць у турме. З гэтым не ўзнікае праблем.
Пра прычыны разводу невядома ні крыніцам Кабанава, ні крыніцам «Маланкі», ні самому Ігару Лосіку.
Праўладныя каналы пішуць пра тое, што Дар'я «зваліла за кардон». Аднак гэта не так. Яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў турме.
Каментары