У Беларусі маюцца вакцыны расійскай і еўрапейскай вытворчасці, якія трохі адрозніваюцца адна ад другой.
Вакцынацыя ад клешчавога энцэфаліту абавязковая для людзей, якія прафесійна працуюць у лесе, але яна даступная і для насельніцтва, заявіў падчас прэс-канферэнцыі галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святаслаў Вельгін, піша «Спутнік».
«У дачыненні да насельніцтва яна (вакцына) менш распаўсюджаная, толькі апошнім часам стала набываць папулярнасць. Але яна даступная», — падкрэсліў Вельгін.
Паводле яго слоў, у Мінску прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту робяць у цэнтры вакцынапрафілактыкі на базе Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы на Якубоўскага.
«Туды можна патэлефанаваць і даведацца аб наяўнасці ў краіне вакцыны», — парэкамендаваў інфекцыяніст.
Акрамя гэтага, вакцыну можна замовіць у цэнтральных раённых паліклініках. Таксама многія прыватныя медыцынскія цэнтры робяць прышчэпкі, дадаў Вельгін.
Ён таксама адзначыў, што ў краіне маюцца вакцыны расійскай і еўрапейскай (звычайна аўстрыйскай) вытворчасці, яны трохі адрозніваюцца па складзе.
Галоўны пазаштатны інфекцыяніст таксама звярнуў увагу, што адрозніваюць заходні і ўсходні энцэфаліт, апошні працякае больш цяжка.
«Раней мы звычайна рэкамендавалі вакцынацыю людзям, якія ідуць на сплавы, куды-небудзь у тайгу, менавіта ў Расію, там, дзе распаўсюджаны ўсходні клешчавы энцэфаліт. Ён выклікае цяжкія наступствы — пацыенты могуць трапляць на штучную вентыляцыю лёгкіх і нават смяротныя вынікі могуць быць», — сказаў Вельгін.
Штогод у краіне фіксуецца каля 200 выпадкаў клешчавога энцэфаліту, звыш 2 тысяч — лайм-барэліёзу. Штогод па дапамогу да медыкаў у Беларусі звяртаецца каля 50 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад кляшчоў.
Каментары