У Празе адбываецца Кангрэс па палітзняволеных. У чым яго адметнасць і якія тэмы ў раскладзе? Рэпартаж «Нашай Нівы»
У Празе адбываецца кангрэс па пытаннях беларускіх палітвязняў, які ладзіцца дэмакратычнымі сіламі пры падтрымцы пасольства ЗША, Карлавага ўніверсітэта і іншых арганізацый. Карэспандэнт «Нашай Нівы» наведаў мерапрыемства.
З нагоды Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі (які адзначаюць беларусы па ўсім свеце з 2021 года, калі ў шклоўскай калоніі памёр Вітольд Ашурак) Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе пры падтрымцы беларускіх праваабаронцаў і актывістаў, пасольства ЗША ў Празе і Карлавага ўніверсітэта праводзіць Кангрэс па беларускіх палітвязнях.
Мерапрыемства праходзіць у вялікім сярэднявечным будынку адміністратыўнага комплексу Карлавага ўніверсітэта («Каралінум») у самым цэнтры Прагі.
Мерапрыемства запланавана на тры дні, а сярод гасцей і спікераў ёсць еўрапейскія дыпламаты, чыноўнікі і дэпутаты, прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК), вядомыя беларускія актывісты, журналісты, праваабаронцы, а таксама былыя палітвязні і іх сваякі.
Шэраг тэмаў у раскладзе кангрэса вялікі, асабліва па частцы шляхоў вызвалення і падтрымкі рэпрэсаваных і палітвязняў, на абмеркаванне і распрацоўку якіх будзе выдзелены асобны дзень.
Карэспандэнт «Нашай Нівы» зрабіў агляд самага асноўнага з таго, пра што казалі на мерапрыемстве ў першы дзень.
«Нас спрабуюць забіваць»
У першай працоўнай панэлі па тэме «Трэнды рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі» выступілі Кацярына Дзяйкала (Беларускі Хельсінскі камітэт), Марыя Колесава-Гудзіліна (Беларуская Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека), Леанід Судаленка (Праваабарончы цэнтр «Вясна») і Вячаслаў Касінераў (Праваабарончая ініцыятыва «Dissident BY»).
У сваёй прамове юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала заявіла, што «заходнія партнёры дагэтуль не разумеюць усю сур'ёзнасць сітуацыі ў Беларусі, а рэпрэсіі ўнутры краіны толькі пагаршаюцца»:
«У рэжыму ёсць выразны падзел на сваё і чужое з намерам знішчыць апошняе. Ніякага плато па рэпрэсіях не адбываецца, усё будзе толькі горш.
Напрыклад, адзін дыпламат еўрапейскай краіны нядаўна падышоў да мяне з такім пытаннем: «А мы можам вярнуць Беларусь у стан 2019 года?».
Падобны пункт гледжання наконт імкненняў рэжыму Лукашэнкі мае актывіст анархічнага руху і арганізатар Dissident BY Вячаслаў Касінераў, які ў сваёй прамове прааналізаваў біялагічныя наступствы знаходжання за кратамі для беларускіх палітвязняў.
Па яго словах, супраць апанентаў улады ладзіцца сапраўдная вайна на знішчэнне і што палітвязняў у турмах спрабуюць забіць.
«Перманентны стрэс прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў, моцнага зніжэння імунітэту, страты кантролю над эмоцыямі, пазбаўлення сну, дэпрэсіі і старэння. Арганізм у стрэсе ставіць на паўзу ўсе іншыя біялагічныя працэсы і пагаршае працэсы, звязаныя з ракам. Таксама церпіць рэпрадуктыўная сістэма.
Тое, што адчуваюць рэпрэсаваныя і палітвязні, не метафарычныя пакуты, гэта вайна на знішчэнне апанентаў дыктатуры. Нас спрабуюць забіваць.
Палітвязні траўмаваныя, і пры гэтым яны валодаюць вялікім вопытам, ведамі і патэнцыялам, якія могуць удыхнуць новае жыццё ў нашу агульную справу», — падкрэсліў Касінераў.
Былы палітвязень і праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка выразіў занепакоенасць лёсам сваіх калег-праваабаронцаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах.
Судаленка адзначыў, што пасля вызвалення пачуццё адчаю і безнадзейнасці ніколі яго не пакідалі, а таксама згадаў ліст ад нобелеўскага лаўрэата і старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага ў 2021 годзе.
«Вясной 2021 года Алесь Бяляцкі пісаў мне: «Восенню будзеш дома». Але ў выніку Алесь сам апынуўся ў турме. Хвалююся за яго, як ён выжывае, бо мне ў тых умовах не раз даводзілася развітвацца з жыццём, медыцыны там няма. І толькі ў гэтым годзе адбылося тры смерці палітвязняў», — падзяліўся Леанід Судаленка.
Марыя Колесава-Гудзіліна з Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека звярнула ўвагу на распаўсюджаны стэрэатып пра адвакатаў, якіх у сённяшніх умовах у Беларусі называюць толькі паштальёнамі, якія не здольны абараніць рэпрэсаваных.
«Не называйце адвакатаў паштальёнамі, мы кладзём сваю прафесію і жыццё на дапамогу людзям. З 2020 года нас затрымлівалі і пазбаўлялі ліцэнзій, а цяпер нас засталося мала, бо адвакатаў саджаюць у турмы і таксама катуюць.
Па нашых падліках, цяпер на аднаго адваката ў Беларусі прыходзіцца 5800 беларусаў. З-за таго, што нас засталося мала, у тым ліку і адбываецца праблема са стратай усялякай сувязі з палітвязнямі.
Нярэдка адвакаты з-за рэпрэсій самі адмаўляюцца бараніць рэпрэсаваных. Напрыклад, мая адвакатка па заведзенай на мяне спецвытворчасці проста заблакавала мяне ў месенджарах», — канстантавала Марыя Колесава-Гудзіліна.
Пра што казалі яшчэ?
На наступных трох панэлях спікерамі абмяркоўваліся тэмы, датычныя ўразлівых груп палітвязняў у турмах (непаўнагадовыя, пажылыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і хваробамі, ЛГБТК+, жанчыны, вернікі, анархісты і гэтак далей), праблем сваякоў палітзняволеных і дапамогі з боку заходніх палітыкаў.
Сярод іншага, былі прадстаўлены вынікі медыцынскага апытання 105 былых палітвязняў і былых звычайных вязняў аб умовах за кратамі, якое праводзілася арганізацыяй «Лекары за праўду і справядлівасць»:
«Усяго ў медыцынскім апытанні было 46 пытанняў. 42% рэспандэнтаў сказалі, што маюць хранічныя захворванні. Большасць адзначыла, што іх медыцынскі агляд за кратамі быў фармальным і наяўныя дакументы з волі часта не прымалі. 80% апытаных ніхто не аглядаў пры змяшчэнні ў ШІЗА, і вельмі малую колькасць з рэспандэнтаў увогуле там наведвалі медыкі.
Мы яшчэ пыталіся: «Што было для вас самым складаным падчас адбыцця пакарання?». 75,2% адказалі, што гэта было разуменне несправядлівасці свайго лёсу. Таксама гучалі адказы: прыніжэнне чалавечай годнасці, адчуванне сябе закладнікамі і немагчымасць адмовіцца ад той сітуацыі, якая ёсць», — распавяла прадстаўніца арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць» псіхолаг Вольга Вялічка.
Таксама прагучалі лічбы, колькі патрэбна грошай на мінімальную штомесячную падтрымку сем'яў абсалютна ўсіх палітвязняў.
«Каб прафінансаваць усе сем'і палітзняволеных на 100-150 еўра на месяц — суму, якая патрэбная на адну вялікую перадачу ў калонію — патрэбныя 1 мільён 843 тысячы еўра ў год», — заявіла кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская.
Яна акцэнтавала ўвагу, што яшчэ ў самым пачатку пратэстаў асноўная частка грошай на дапамогу рэпрэсаваным і палітвязням прыходзіла менавіта ад людзей унутры Беларусі, і з улікам масавай эміграцыі ад рэпрэсій большая частка гэтых людзей ужо самі сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі.
Зазулінская таксама заклікала ўсіх дапамагаць палітзняволеным і іх сем'ям не толькі матэрыяльна, але і псіхалагічна.
З тым жа пасылам па відэасувязі на кангрэсе выступіла і Святлана Ціханоўская, адзначыўшы, што ўсе палітвязні — героі і што барацьба за іх — гэта змаганне за ўсю Беларусь.
«Мы дамо рады толькі калі падключыцца кожны. Хтосьці можа дапамагчы сваім рэсурсам, нехта часам, сваімі ўменнямі. Гэта змаганне за сем’і ў вузкім сэнсе. І ў шырокім — за ўсіх нашых родных. За нашую Беларусь», — сказала Ціханоўская ў відэазвароце да ўдзельнікаў кангрэса.
Падагульняючы ўсё сказанае ў першы дзень кангрэсу, асабліва адзначаліся наступныя вострыя праблемы ў кантэксце дапамогі палітвязням: недахоп рэсурсаў, поўная страта сувязі з палітвязнямі, перспектыва крыміналізацыі самога факта прызнання чалавека палітзняволеным і таксама стан здароўя людзей, якія вызваліліся, і іх матэрыяльна-маральныя пакуты.
Існуючыя і новыя шляхі вырашэння гэтых праблем абмяркоўваюцца на кангрэсе дагэтуль.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары