Лукашэнка апраўдваўся перад вайскоўцамі за сваё «калдыбанне па завуголлях з Шайгу»
Выглядае, што Лукашэнку сур'ёзна зачапіла тое, што блогеры і СМІ звярнулі ўвагу, як ён сёння, падобна як і ў мінулым годзе, не ішоў да Магілы невядомага салдата каля Крамля разам з Пуціным ды азіяцкімі і афрыканскімі прэзідэнтамі, а быў у куды менш прэстыжнай кампаніі. Таму ўвечары на плошчы Перамогі разыграў сцэнку са сваімі вайскоўцамі, тлумачачы ім, як такое сталася.
Перадусім Лукашэнка перадаў дзяржсакратару Аляксандру Вальфовічу прывітанне ад Сяргея Шайгу, што стала мастком да выкладання ўласнай версіі той непрыемнай для яго сітуацыі.
«Мы цягаліся там па завуголлях, і нас крытыкавалі, што мы недзе калдыбалі, адсталі. Камандуючы Сухапутнымі войскамі, ён мне ўсё расказвае пра СВА. Ну, я ж крыху ў тэме. І прытым ноччу мы заслухалі даклад Герасімава, Шайгу і Бортнікава пра сітуацыю на фронце. Я абсалютна ў тэме. І яны ўсе мне расказваюць. Тут СВА-шнікі сабраліся, там іх паўсотні, фатаграфуюцца… Ну, мы з Шайгу і адсталі там. Дык яны нас за гэта пакрытыкавалі. А мы ззаду… Ну ладна, там не было такога ўжо строгага пратакола».
Пры гэтым, паводле слоў Лукашэнкі, ён сказаў расійскім вайскоўцам, што самі беларусы на вайну ехаць не збіраюцца, хоць ім і сімпатызуюць. І яны, маўляў, гэта разумеюць, але кажуць, што «нас там не хапае».
Каментары