Краўцоў паразважаў пра рэзанансныя словы Бабарыкі ў 2020-м і анансаваў сваю кнігу
Сакратар Каардынацыйнай рады і сябра штаба Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў у эфіры «Еўрарадыё» ацаніў магчымасць Лукашэнкі сесці за стол перамоваў і выказаўся па спрэчных тэзісах Бабарыкі.
Спрэчныя тэзісы Бабарыкі
У эфіры згадалі словы Бабарыкі, якія гучалі да жніўня 2020 года — пра тое, што калі за кандыдата прагаласуе 80%, то сфальсіфікаваць выбары будзе нельга, што масавыя рэпрэсіі немагчымы.
Краўцоў выказаў сваё стаўленне. На яго погляд, падобную думку прадстаўнікі апазіцыі выказвалі задоўга да Бабарыкі. Яшчэ ў 2006 годзе, згадвае Краўцоў, гаварылі пра выхад 100 тысяч чалавек.
«І гэта пацвердзілася. Таму што ў прынцыпе не атрымалася сфальсіфікаваць выбары. Была зафіксавана вялікая колькасць парушэнняў. Выбары не прызналі. Воля народа відавочна аб'ектыўна праявілася».
Што тычыцца палітзняволеных і рэпрэсій, то тут Краўцоў гаворыць пра існаванне пэўнай дылемы:
«Ты не можаш адначасова гаварыць аб выбарах і пры гэтым адмяняць тое, што робіш. <…> Таму што калі ты пачынаеш гаварыць, што выбараў у краіне няма, у тым ліку таму, што асноўных апанентаў пасадзілі ў турму, што былі палітзняволеныя, рэпрэсіі, то тады лагічнае пытанне, навошта ты ў іх удзельнічаеш.
А калі ты вырашыў у іх удзельнічаць, то ты не вяртаешся да досведу мінулага, а канцэнтруешся на тым, што ёсць цяпер».
Краўцоў адзначае, што ведае, што былі палітзняволеныя на момант выбарчай кампаніі. І дадае, што лічыць свайго бацьку палітзняволеным, хоць ён ніколі ім не быў прызнаны. «Яго арышт быў чыста палітычнае рашэнне. <…> Для мене гэта (існаванне палітзняволеных. — НН) вельмі зразумела і вядома. Не гаворачы пра тых людзей, якія прападалі.
Але, хіба што, удзел у выбарах і абмеркаванне таго, якія злачынствы былі здзейснены, гэта проста розныя пытанні. Часам яны не сумяшчальныя ў адной [выбарчай] кампаніі».
Ці сядзе Лукашэнка за стол перамоваў
Іван Краўцоў звярнуў увагу на тое, што апошнім часам прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пачалі гаварыць аб перамовах з Лукашэнкам. Але, на яго погляд, цяпер такое немагчыма як па прычыне міжнароднай сітуацыі, так і таму, што «страчаны момант».
Краўцоў згадвае, што пра перамовы ён гаварыў у снежні 2021 года. Але тады, па яго словах, усе казалі: «Як ён такое гаворыць? Як такое магчыма?»
«На той момант, калі яшчэ не было вайны ва Украіне, не было адназначнай ідэалагічнай напампоўкі, быў шанец неяк гэта зрабіць. Але, як заўсёды, мы трохі спазняемся. І спазняемся, як мне падаецца, з канца 2020 года ў нейкіх рэчах», — лічыць член штаба Бабарыкі.
У выпадку, калі гіпатэтычна Лукашэнка пагодзіцца на перамовы з апазіцыяй на фоне паразы Расіі ў вайне, на погляд Краўцова, дэмакратычныя сілы ў эміграцыі не будуць у іх прымаць непасрэдны ўдзел:
«Можа, каму-небудзь хацелася б, каб беларусы, скажам так, пратэсту былі прадстаўлены ў нейкім дыялогу. Але, калі гэта будзе Лукашэнка, то я не бачу, што дэмакратычныя сілы ў выгнанні нейкім чынам будуць за сталом [перамоваў]. З імі могуць кансультавацца, пытацца меркавання, але яны не суб'екты для прысутнасці на перагаворах.
Таму што ў іх няма эфектыўнага кантролю ні над чым — ні над бюджэтам, ні над тэрыторыяй, ні над людзьмі ў краіне. Няма нават юрыдычнага кантролю за суб'ектнасцю. Таму што міжнародная суб'ектнасць — гэта дзяржава».
Адносна таго, ці пойдзе Лукашэнка на перамовы з Захадам ці ЗША, палітык адзначае, што гэта магчыма ў выпадку, калі будзе «спрыяльная міжнародная сітуацыя»:
«Я не думаю, што ён будзе адмаўляцца, калі яму пачнуць званіць. Напрыклад, Макрон. <…> Для яго гэта будзе вялікая дыпламатычная перамога. Гэта трэба таксама разумець. Іншае пытанне, як зрабіць, каб гэта для нас было хаця б невялікай перамогай.
Бо на фоне таго, што адбываецца ва Украіне, тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі гасне».
Пра кнігу, якую піша
Іван Краўцоў расказаў, што піша кнігу пра 2020 год, у якой будзе прадстаўлены «погляд знутры», тое, што адбывалася ў штабе Бабарыкі.
Ён адзначае, што «гэта хутчэй праца над памылкамі, рэфлексія».
Каментары