Грамадства55

«Будзе ведаць, адкуль родам». Беларускі расказалі, як і чаму вярталіся ў Беларусь з-за мяжы нараджаць

Выданне Devby.io пагутарыла з чытачкамі (іх імёны змененыя па іх просьбе), якія вярталіся ў Беларусь з-за мяжы «на роды». Чаму прынялі такое рашэнне і ці гэта было варта таго? 

«Будзе ведаць, адкуль родам». Вярнуліся ў Беларусь нараджаць — 3 гісторыі

«Сумняваюся, што ў Польшчы са мной бы так цацкаліся»

Яўгенія, вярнулася з Польшчы:

— Дзве палоскі на тэсце сталі для нас з мужам поўнай нечаканасцю. Чужая краіна, нестабільныя часы, старэйшаму — 17. Але мы вырашылі: калі чалавеку вельмі трэба было прыйсці ў гэты свет менавіта ў такой сітуацыі, то хто мы такія, каб гэтаму перашкаджаць.

Перш за ўсё я здала аналіз на ХГЧ, потым адразу запісалася да платнага гінеколага, каб выключыць пазаматкавую цяжарнасць. Гінеколаг сказала, што раз я прыйшла, то яна абавязаная паставіць мяне на ўлік, нягледзячы на тое, што я іншаземка, — і калі я перапыню цяжарнасць, гэта можа паўплываць на сітуацыю з легалізацыяй.

Я такіх рэальных гісторый не ведаю, думаю, яна мяне проста палохала. Але менавіта дзейная на той момант у Польшчы забарона абортаў нават па медпаказніках стала галоўнай прычынай, чаму мы з’ехалі на 11 тыдні маёй цяжарнасці ў Беларусь (на шчасце, у нас была такая магчымасць).

Я была ў групе рызыкі па ўзросце (мне 42 гады), таму хацела мець магчымасць зрабіць усе генетычныя скрынінгі (НІПТ, амніяцэнтэз па паказаннях) і перапыніць цяжарнасць у выпадку пагрозы адхіленняў. 

Другая важкая прычына — я хацела нараджаць з рускамоўным доктарам, якога выберу сама. Але нават у дарагім і раскручаным варшаўскім «Медыкаверы» мне гэтага не маглі гарантаваць. А ў сітуацыі татальнай нявызначанасці (і па жыцці, і з нагоды родаў) нам хацелася максімальнай прадказальнасці.

У Беларусі я ўжо адзін раз нараджала бясплатна, і гэты малапрыемны досвед мы з мужам вырашылі не паўтараць. Таму я стала на ўлік у прыватным медцэнтры і атрымала выключнае вядзенне цяжарнасці ў выдатнага спецыяліста доказнай медыцыны.

Тое, што рашэнне з’ехаць нараджаць у Беларусь было правільным, стала канчаткова зразумела, калі на апошніх тэрмінах цяжарнасці ў мяне дыягнаставалі мнагаводдзе і нестабільнае папярочнае перадляжанне плода.

Мяне шпіталізавалі ў абсервацыю, два тыдні назіралі, збіралі кансіліумы, разглядалі любыя варыянты, як пазбегнуць аперацыі. Нараджала я таксама платна — з абраным доктарам у віп-аддзяленні 6-й радзільні. Доктар падлавіў галаўное перадляжанне, мяне прастымулявалі — і я нарадзіла сама і без ускладненняў.

У Польшчы я некалькі разоў сутыкалася з платнай медыцынай, таму моцна сумняваюся, што са мной бы там так цацкаліся. У найлепшым выпадку планава пракесарылі б, у найгоршым — сказалі б прыходзіць на схватках, і мог бы здарыцца заўчасны адыход вод з выпадзеннем пупавіны і іншымі небяспечнымі наступствамі.

Дзеля справядлівасці хачу адзначыць, што мае знаёмыя, якія нараджалі ў Польшчы бясплатна, таксама засталіся вельмі задаволеныя. Іх роды праходзілі ледзь не па кнігах Мішэля Адэна: ціха, цёмна, цёпла, умяшанні мінімальныя, парадзіха выбірае, як перажываць схваткі і ў якім становішчы нараджаць, «залаты час» — норма, а не выключэнне для «віпаў». Але ўсё гэта былі стандартныя фізіялагічныя выпадкі без ускладненняў. 

Мы з мужам, вядома, як сапраўдныя кантралёры, пакідалі магчымасць нараджаць у Польшчы ці Літве на выпадак якога-небудзь беларускага форс-мажору, і нават запісаліся ў амбасады гэтых краін на атрыманне пасведчання на вяртанне для дзіцяці. Але гэты запасны варыянт не спатрэбіўся. У выніку пра сваё рашэнне нараджаць у Беларусі мы не пашкадавалі ні разу.

І, дарэчы, польская амбасада без праблем выдала нованароджанаму малому шэнген-візу, каб вярнуцца назад у Польшчу. Перад гэтым я напісала ліст, абрысавала нашую сітуацыю, прыклала дакументы — мне ператэлефанавалі і прызначылі дату.

«Калі парадзіха прыязджае ў бальніцу, а там няма месцаў — яна сядае ў машыну і едзе ў іншую»

Юлія, вярнулася з Германіі:

— Калі мой муж атрымаў офер ад ІТ-кампаніі ў Берліне, я была цяжарная, тэрмін складаў 12 тыдняў. 

У Беларусі я назіралася ў доктара ў платным цэнтры, а ў Германіі атрымала доступ да дзяржмедыцыны, бо ў нас была дзяржстрахоўка. Я знайшла рускамоўную доктарку — каб патрапіць да яе на прыём, трэба было амаль гадзіну дабірацца на гарадской электрычцы, потым падоўгу сядзець у чарзе. На жаль, іншыя варыянты не былі мне даступныя, бо я не ведала нямецкай мовы.

Я надта перажывала праз тое, што не змагу разумець, што будуць гаварыць мне дактары падчас родаў. Два месяцы я шукала рускамоўнага доктара ці хаця б медсястру, якая магла б суправаджаць мяне ў бальніцу са схваткамі і быць са мной там увесь час, пакуль нараджаецца дзіця, — але не змагла знайсці. 

Сяброўка, якая нараджала ў Германіі, сказала: «Я ў той момант наогул усе мовы забылася», — яе словы заселі ў мяне ў галаве. 

Фота: Unsplash

Другая прычына, чаму я задумалася пра тое, каб вярнуцца ў Беларусь: у Берліне так уладкавана — калі парадзіха са схваткамі прыязджае ў бальніцу, а там няма месцаў, яна сядае ў машыну і едзе ў іншую. Вы ўяўляеце сабе такую гонку па бальніцах?!

Была яшчэ і трэцяя прычына: я думаю, гэта важна — дзе менавіта нарадзіўся чалавек. Цяпер маё дзіця жыве ў Германіі. І хутчэй за ўсё яно пойдзе ў садок, потым у школу, яно будзе гаварыць па-нямецку, але галоўнае — яно будзе па-нямецку думаць, гэта непазбежна.

І мне здавалася, што хаця б праз месца свайго нараджэння яно будзе ўсё ж звязанае з Беларуссю. І будзе ведаць, адкуль родам. 

Карацей, на тэрміне 32 тыдні мы з мужам вярнуліся. Ужо нараджаючы, я думала: дзякуй богу, што я ў Мінску. 

Клініка, у якой я назіралася ў першым трыместры, мяне не прыняла. Прыйшлося змяніць платны цэнтр. Паводле плана я мелася нараджаць у віп-аддзяленні 6-ай радзільні — ужо ўклала дамову і абрала доктара. Але за 2 тыдні да родаў яе закрылі праз кавід. 

Роды былі вельмі цяжкімі — калі схваткі перайшлі ў патугі, стала зразумела, што трэба экстранна рабіць кесарава сячэнне. Пасля аперацыі я не менш цяжка аднаўлялася — мяне літаральна выходжвалі на працягу 2 тыдняў. Але са мной увесь час быў муж, я адчувала яго падтрымку. 

Цяпер ужо я ведаю многае ў Берліне: у мяне з’явіліся знаёмыя, якія нараджалі тут, — і яны кажуць, што ў многіх бальніцах ёсць дактары і медсёстры/медбраты, якія размаўляюць па-руску. Але пра сваё рашэнне вярнуцца на роды ў Беларусь я не шкадую. 

У першы месяц да малога на патранаж прыходзіла цудоўная медсястра з беларускай паліклінікі — дапамагала мне ва ўсім, тлумачыла, як даглядаць нованароджанага. А ў Германіі я не магу выклікаць доктара на дом. Калі маё дзіця ўпершыню захварэла (з вельмі высокай тэмпературай), я ў паніцы пісала дактарам — і толькі з адной паліклінікі адказалі: «Прыходзьце!»

Рэч у тым, што тут як з родамі: калі паліклініка перагружаная, адміністратар можа адмовіць вам у прыёме (хоць дактары і абавязаныя аказваць экстранную дапамогу). Так што калі ты не ведаеш законаў, як я тады, або мовы — табе будзе няпроста дамагчыся кансультацыі і агляду.

Праз нейкі час нам давялося пераехаць у іншую кватэру ў Берліне. Цяпер да педыятаркі, якая вяла майго малога з 9-ці месяцаў, даводзіцца дабірацца 2 гадзіны. Але зрабіць нічога нельга — іншыя паліклінікі вельмі загружаныя. Доктарка-ўкраінка з паліклінікі па суседстве сказала: «У мяне 500 дзяцей — я не магу вас узяць».

Зрабіць візу малому, каб вярнуцца ў Германію, не было праблемай — дзяцей падаюць на «ўз’яднанне з сям’ёй». Пераклад дакументаў, апастыль і іншае зрабілі за пару дзён — паспелі да вар’яцкіх чэргаў. А па прыездзе ў Германію зрабілі дзіцяці ДНЖ — ён прывязаны да мужавай Blue card. 

«Пытання, дзе нараджаць, нават не стаяла — я хацела вярнуцца да доктара, якому давярала»

Ірына, вярнулася з Літвы:

— Мы з мужам планавалі дзіця, яшчэ пакуль жылі ў Беларусі, але я зацяжарыла ўжо пасля таго, як нас рэлакавалі ў Літву.

Цяжарнасць у цэлым праходзіла нармальна. Я назіралася ў платным цэнтры ў рускамоўнага гінеколага. За ўвесь час у мяне ўзялі кроў з вены некалькі разоў — і тое толькі таму, што я сама пра гэта папрасіла доктара. Дарэчы, мая страхоўка ад кампаніі не пакрывала ні вядзенне цяжарнасці ў цэлым, ні гэтыя аналізы канкрэтна. 

У нейкі момант на праекце паўстаў аўрал — я стала авертайміць і вельмі стрэсавала праз гэта.

І калі ў мяне раптам з’явіліся крывяністыя выдзяленні, жудасна спалохалася. Доктарка запэўніла: усё добра — падставы для турботы няма. Але я перажывала, таму ўвесь час пісала знаёмаму гінеколагу ў Беларусі. Ён стаў для мяне падтрымкай і апорай на ўвесь той час. І так, у адрозненне ад літоўскага спецыяліста, ён палічыў не лішнім прызначыць мне прэпараты прагестэрону. Мая доктарка ў Літве толькі сказала на гэта: «Як хочаце — шкоды не будзе!»

Пытання, дзе нараджаць, перада мной нават не стаяла — я хацела вярнуцца да доктара, якому цалкам давярала. Так што, аформіўшы «дэкрэт», я тут жа села ў аўтобус — і паехала ў Мінск. 

Ужо тут пайшла і ўклала дамову з радзільняй на платныя роды. Доктар — ну, вядома ж, той самы, мой. 

Самае цікавае: ужо ў Беларусі высветлілася, што ў мяне былі рызыкі (не хачу ўдавацца ў падрабязнасці) — але ў Літве не зрабілі ніводнага аналізу, які б іх вызначыў. Мой доктар назваў гэта «жудаснай нядбайнасцю». Добра, што ўсё добра скончылася. 

Мы ўсё яшчэ ў Мінску — я не наважваюся пакуль вяртацца назад, бо дзіця яшчэ малое для падарожжа, але падацца на літоўскую візу для яго можна толькі ў Грузіі або ў Турцыі. Ёсць яшчэ варыянт зрабіць шэнген-візу ў пасольстве любой іншай еўрапейскай краіны, а потым падавацца на ДНЖ у Літве — можа, мы так і зробім.

Чытайце таксама:

Беларусы змогуць зрабіць бясплатнае ЭКА ў Польшчы. Як і куды звяртацца

Зніжэнне нараджальнасці ва ўсім свеце можа адбыцца хутчэй, чым чакалася

У Празе выпадкова зрабілі аборт здаровай жанчыне, зблытаўшы яе з іншай пацыенткай

Каментары5

  • ярэк
    01.04.2024
    як буслы иншыя пералетныя птушки и рыба што идзе на нераст у Нёман. нешта разумнае у гэтым есць !
  • Раз уехали, так там и оставайтесь
    01.04.2024
    Все любят холяву.
  • Леанарда
    02.04.2024
    Паток свядомасці

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна2

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

Сібірак 66 дзён дрэйфаваў у Ахоцкім моры на лодцы: схуднеў на 50 кілаграмаў, страціў брата і пляменніка, але выжыў4

КНДР падарвала дарогі, што вядуць у Паўднёвую Карэю5

Доктар расказаў, каму трэба зараз рабіць прышчэпку ад кавіду

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →