Свет44

Беларусы пераехалі ў Эквадор — як ім там жывецца? ШМАТ ФОТА

Мая і Андрэй заўсёды марылі пажыць у іншай краіне. У 2021 годзе яны адправіліся на разведку ў Грузію, але калі вярнуліся ў Мінск, у Tut.by, дзе абое працавалі, прыйшлі сілавікі. Андрэй на 10 месяцаў апынуўся ў СІЗА, і ўсе мары і планы прыйшлося адкласці.

Ужо 10 месяцаў пара жыве ў Эквадоры. Мы распыталі іх, чаму яны выбралі такі экзатычны кірунак для эміграцыі, чым іх ўлюбіла ў сябе краіна, ці не страшна было, калі там адбываліся разборкі з мафіяй, і колькі каштуе жыццё ў бананавым раі.

Андрэй і Мая. Тут і далей — фота з архіваў герояў.

Раздалі амаль усе свае рэчы, пакінулі две валізкі і два заплечнікі

Мая расказвае, што, калі Андрэй выйшаў з СІЗА і яшчэ заставаўся пад падпіскай аб нявыездзе, яны пачалі наноў сканаваць мапу свету. Грузія на той момант была моцна перапоўненая эмігрантамі, таму яны адкінулі ранейшы варыянт. Еўропа адпала, бо пасля палітычнага зняволення ўжо не засталося ўнутранага рэсурсу ўключацца ў гонку «забяспечвання нармальнага ўзроўню жыцця». 

«Мы шукалі для сябе краіну-рэтрыт, — кажа Мая. — Спачатку глядзелі ў бок Азіі, але бянтэжыў клімат: мы абое дрэнна пераносім спёку. І тут мне трапіўся артыкул пра тое, што Эквадор стаў чарговай краінай, якая дае магчымасць атрымаць візу лічбавага качэўніка. У гэты момант, як кажуць, ёкнула: Эквадор!

Гэта ж чатыры прыродныя зоны на тэрыторыі невялікай краіны: Амазонія, горная частка, узбярэжжа Ціхага акіяна, унікальныя Галапагоскія выспы. Значыць, можна камфортна жыць у вечнай вясне ў гарах і выязджаць да акіяна ці ў джунглі — нешта на ідэальным, падумалі мы».

Да пераезду веды пра Эквадор у пары абмяжоўваліся налепкамі на бананах у краме (Эквадор — самы буйны экспарцёр гэтых фруктаў. — НН) і кліпам, дзе мужчына крычыць: «Эквадор!». 

Самым танным на момант пераезду аказаўся маршрут праз Еўропу: Мінск-Вільня-Амстэрдам-Кіта. Пара раздала амаль усе свае рэчы, пакінуўшы сабе дзве валізкі і два заплечнікі.

«У маёй валізцы апынуліся ўлюбёныя кансолі Steam Deck і Nintendo Switch, стужкавы фотаапарат, дзве пары красовак, пара баек і летнія рэчы. Турма навучыла мяне: «Усе мае рэчы — хер ды кляшчы», — пасміхаецца Андрэй.

«Я ўзяла з сабой дыванок для ёгі, дошкі Садху (дошкі з цвікамі. — НН), маміну кнігу, сшыткі з іспанскай мовай. Памятаю, яшчэ былі водарасці вакамэ (тут іх пакуль не знайшла)», — дадае Мая.

Авакада ў Эквадоры.

«На дзень закаханых падарыла мужу ДНЖ»

Грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца ў Эквадоры без візы да 90 дзён, а потым яшчэ на 90 дзён падоўжыць легальнае знаходжанне за 150$.

«За гэты час можна якраз паспець аформіць дакументы і падацца на дазвол на жыхарства, — расказвае Мая. — Эквадор дазваляе атрымаць ДНЖ на падставе дыплома аб вышэйшай адукацыі. Пацвердзіць яго можна ў мясцовай установе — працэс займае ад месяца да пяці, як пашанцуе. Вядома, патрабуецца стандартны пакет дакументаў: пашпарт, даведка пра неасуджанасць, пасведчанне пра шлюб, выпіска з рухам грашовых сродкаў за апошнія тры месяцы. Плюс патрэбныя апастылі, пераклад і каб дакументы былі натарыяльна завераныя).

Мой дыплом БДЭУ ў выніку прызналі, у снежні я атрымала ДНЖ на два гады. Андрэй жа легалізаваўся як мой муж, так званая залежная асоба.

Гэта адбылося 14 лютага, і мы пасмяяліся, што я пяць гадоў вучылася, каб яму на дзень закаханых ДНЖ падарыць».

У Эквадоры Андрэй працуе дыстанцыйна на адну з еўрапейскіх кампаній. Мая ж паўгода вучылася на інструктара практык усвядомленасці і свецкай медытацыі:

«Яшчэ ў Мінску я вырашыла, што хачу памяняць сферу дзейнасці і атрымаць прафесію, якая б дазволіла дапамагаць іншым. Цяпер я набіраюся досведу, вяду вучняў анлайн і складаю сваю праграму, каб надалей дапамагаць людзям экалагічна праходзіць праз складаныя перыяды ў жыцці (у тым ліку, напрыклад, пераезд).

Займацца практыкамі, калі вакол такія віды, яшчэ больш прыемна.

Героі кажуць, што ў самім Эквадоры знайсці працу можна, але, калі ты «рукасты і высокакваліфікаваны». Ну і для гэтага трэба ведаць іспанскую мову. Англійскую на вуліцах пачуеш рэдка, таму яны ўжо вывучылі базавую іспанскую, якой хапае для вырашэння штодзённых побытавых пытанняў. 

«Чулі, што нядаўна адзін мужчына з Расіі ўладкаваўся тут кіроўцам аўтобуса. Увогуле, краіна адкрытая для развіцця прыватнага бізнэсу: нехта адкрывае бар, нехта займаецца броўкамі/валасамі, нехта аказвае паслугі па пераездзе, у сферы турызму, нехта гатуе стравы традыцыйнай рускай кухні і ажыццяўляе дастаўку. Агулам жа негатыўна на агульны ўзровень беспрацоўя паўплываў прыток таннай працоўнай сілы з Венесуэлы. Тут часта можна сустрэць вулічных гандляроў, якія прадаюць розныя нішцякі: прысмакі, арэшкі, садавіну, газіроўку. Пакуль гарыць чырвоны сігнал светлафора, можна назіраць, як яны жанглююць факеламі ці нажамі, катаюцца на адным коле, мыюць вокны машын», — расказвае Андрэй.

«Гістарычны цэнтр тут вельмі напамінае стары горад еўрапейскіх сталіц»

Пара жыве ў горадзе Куэнка — гэта трэці па велічыні горад, размешчаны ў эквадорскіх Андах. Ëн лічыцца культурнай сталіцай. 

«Калі глядзець зверху, то па памеры — як дзве Серабранкі», — пасміхаецца Андрэй.

Куэнка.

На пачатку года Эквадор прагрымеў ва ўсіх СМІ ў сувязі з мясцовай мафіяй, якая зладзіла мяцеж. Бандыты з наркакартэляў захапілі тэлеканал у жывым эфіры, узялі ў закладнікі некалькіх паліцэйскіх і зладзілі смуту ў некалькіх турмах. У адказ прэзідэнт абвясціў у краіне «ўнутраны ўзброены канфлікт».

«Палітыка новага маладога прэзідэнта Даніэля Набоа моцна адрозніваецца ад яго папярэднікаў: замест таго, каб заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца, ён вырашыў даць адпор. Калі ўвялі ваеннае становішча, у пяць вечары зачыніліся крамы, але на наступны дзень мы прыйшлі ў супермаркет, не было ні ажыятажу, ні чэргаў — усё спакойна.

Варта ўлічваць, што горад, дзе мы жывем, моцна адрозніваецца ад Кіта і Гуаякіля. Там зусім іншае крымінагеннае становішча, і часам здараюцца разборкі. Да бяспекі ж у Куэнцы пільная ўвага з боку дзяржавы, бо тут жывуць і купляюць нерухомасць паўночнаамерыканскія і еўрапейскія пенсіянеры. Горад вельмі зялёны. Куды б ты ні пайшоў, усюды чутны шум ракі — іх тут чатыры, з дагледжанымі зялёнымі зонамі ўздоўж. Яшчэ Куэнка клічуць горадам чырвоных дахаў. Гістарычны цэнтр тут вельмі напамінае стары горад еўрапейскіх сталіц», — расказваюць героі. 

Яны адзначаюць, што як толькі пераехалі, не разумелі, як сябе паводзіць, ці бяспечна ім тут, але цяпер асвоіліся і гэтая няўпэўненасць знікла.

Горад на Новы год.

«Цэны на жытло — ад 200 даляраў да некалькіх тысяч» 

Па словах суразмоўцаў, нерухомасць у Куэнцы можна ўмоўна падзяліць на кандамініумы (комплекс: дом + таўнхаўсы + паркоўка + унутраны двор ці тэраса, усё гэта абгароджана плотам, уваход толькі па картцы), проста кватэры, дамы і таўнхаўсы і зусім просценькія «вясковыя хаты».

«Цэны стартуюць ад 200 даляраў на месяц за «бабушатнік» і даходзяць да некалькіх тысяч за новенькі трохпавярховы таўнхаўс побач з ракой і поўным наборам сучаснай тэхнікі. Кожны можа знайсці жытло па сваіх патрэбах і гаманцу. У працэсе пошуку часта трапляюцца варыянты без мэблі і тэхнікі, у такіх выпадках месячная арэнда ўдвая меншая за звычайную.

Мы ў выніку знайшлі светлую, новую двухпакаёвую кватэру ў кандамініуме з тэрасай на даху і відам на горы за 600 даляраў на месяц (сюды ўваходзяць усе аплаты і хуткі інтэрнэт, але калі раздзяляць, то асобныя адміністрацыйныя паслугі абыходзяцца ў $50, электрычнасць — таксама, інтэрнэт жа каштуе каля $30). Знаходзіцца наш дом на ўскраіне, але горад маленькі, так што гэта не праблема», — распавядае Андрэй.

Куэнка, дзе жывуць Мая і Андрэй.

«Сярод вядомых далікатэсаў — куй — марская свінка на ражне»

Амаль усю ежу героі гатуюць дома.

«Аснова нашага рацыёну — гэта зяляніна, гародніна, садавіна, бабовыя, крупы. Два разы на тыдзень закупляемся на рынку: велізарны пакет рознай зеляніны, шопер з гароднінай і яшчэ адзін з садавіной у сярэднім выходзіць на $12.

Раз на месяц мы ездзім у краму, дзе на вагу з мяшкоў, можна купіць розныя віды бабовых, арэхаў, а таксама спецыі і травы, суперфуды, чай, тахіні, свежую міндальную пасту — там мы пакідаем каля $100. Усё іншае, уключаючы побытавую хімію і сродкі асабістай гігіены, дакупляем у краме — у сярэднім гэта $70 на тыдзень», — дзеліцца Мая.

Калі ж выбірацца ў кафэ, то за комплексны абед з супам, гарнірам і мясам ды кампотам можна аддаць усяго $2,5. Паўнавартасны веган-абед абыдзецца ў $5. Піўная дэгустацыя і бургер з бульбай фры на чалавека ў пабе — $25.

Традыцыйны абед за $2,5

«Тут бракуе, канечне, кафэ і фастфуду высокай якасці ў звыклым нам фармаце. Напрыклад, у Мінску ды і па ўсёй Еўропе я ведаў, што дэсерт у хіпстарскай кавярні мне спадабаецца ў 90% выпадкаў.

Тут усе мае хатні флёр: нават MсDonalds і KFC з тлуставатым прысмакам тыповых мясцовых забягалавак. Рэч у тым, што франшызы тут працуюць на ўмовах выкарыстання эквадорскай прадукцыі. Самі ж эквадорцы вельмі кансерватыўныя: яны аддаюць перавагу традыцыйнай кухні і гатовыя есці рыс на сняданак, абед і вячэру», — дадае Андрэй.

Прадавачка з рынку.

У Эквадоры не адшукаць грэчкі, прасянкі, кропу (можна, вядома, заказаць, але выйдзе дорага). Але затое тут багата на розныя віды кіноа, а свежая зеляніна даступная круглы год.

Мясцовыя жыхаркі.

«Мы вельмі палюбілі мясцовыя рынкі з багатым выбарам зеляніны, гародніны і садавіны! А які тут выбар экзатычных фруктаў! Упершыню паспрабавалі тут і адкрылі для сябе чэрымою, гуанабану, сапоце, мору, такса, бабако, салодкі агурок і шмат чаго іншага. Не кажучы ўжо пра тое, што тут некалькі відаў бананаў і манга», — не хаваюць захаплення суразмоўцы.

Мясцовай кухняй Мая з Андрэем асабліва не пранікліся: яна досыць тлустая. Сярод вядомых далікатэсаў: куй — марская свінка на ражне, марозіва з сырам, чыпсы са свіной скуры, салодкія напоі з аўсянкі. Ну і, канечне, бананавыя стравы, напрыклад, патаконес — абсмажаныя кавалкі зялёных бананаў.

Што тычыцца медыцыны і сферы паслуг, то суразмоўцы прыводзяць у прыклад стаматалогію.

«Складанае выдаленне зуба мудрасці на паўтары гадзіны з назіраннем і здыманнем швоў у прыватным кабінеце з новым абсталяваннем абышлося у $70. Медыцына ёсць як бясплатная, так і платная. На экстранную дапамогу можа разлічваць нават турыст без страхоўкі, яшчэ і прышчэпку ад грыпу задарма прапануюць.

Пенсіянеры з ЗША, Канады і Еўропы узроўнем медыцынскіх паслуг тут цалкам задаволеныя», — развівае тэму Андрэй.

Калі згадваць пра б'юці-паслугі, то паход у барбершоп і стрыжка самай просценькай брытвай абыдзецца ў $4.

Навагодняя традыцыя: 31 снежня мужчыны апранаюцца ў жаночыя сукенкі і пераўвасабляюцца ў «viudas del año viejo» («удовы старога года»). Яны спыняюць машыны, што праязджаюць міма, і просяць грошай на пахаванне свайго «старога».

«Мясцовыя не спяшаюцца пераходзіць у лічбавы свет»

Адна з галоўных рэчаў, якой беларусам не хапае на сваім новым месцы жыхарства, — развітыя сэрвісы дастаўкі.

«Кажуць, што Беларусь адстае ў развіцці ад высокатэхналагічных краін, але вы не ўяўляеце, наколькі ў гэтым плане Эквадор адстае ад нас. Знайсці нешта ў інтэрнэце практычна немагчыма, мясцовыя паступова прыходзяць да разумення выгоды дыджыталізацыі, але праз менталітэт і вялікую долю пажылога насельніцтва, не спяшаюцца пераходзіць у лічбавы свет.

Гэта тычыцца ўсёй сферы паслуг, акрамя дастаўкі ежы: прыйшоўшы на рынак, Uber eats задаў высокую планку, і мясцовыя сэрвісы вымушаныя падладжвацца, павялічваючы якасць сваіх паслуг».

Краіна з вечнай вясной.

Купіць нейкую тэхніку тут — задача з няпростых і нятанных, калі хочацца нешта імпартнае.

«У краіне дзейнічае правіла на ўвоз тавараў — «не буйней за 4 кг і не даражэй за 400$» (усё, што даражэй/цяжэй, будзе абкладацца высокай пошлінай). Такім чынам мясцовыя ўлады спрабуюць спрыяць развіццю мясцовага бізнэсу. Мабыць, гэта шырыцца і на юрыдычнх асоб, таму звыклыя нам буйныя брэнды прадаюцца галоўным чынам у дробнагабарытным сегменце». 

Як выкручваюцца Мая і Андрэй? Карыстаюцца паслугамі так званых мулаў — яны возяць у ЗША і назад пасылкі пад заказ. 

«Заказваем мы звычайна з Amazon, пакупка абыходзіцца ў ~$15 за кілаграм. Такім чынам я, напрыклад, сабраў сабе камп’ютар, які на месцы абышоўся б мінімум удвая даражэй», — каментуе Андрэй.

У Эквадоры вельмі развіты аўтобусны рух паміж гарадамі. А ў Куэнцы, дзе жывуць Мая і Андрэй, ходзіць сучасны трамвай: на ім праз увесь горад можна даехаць да аэрапорта за паўгадзіны, патраціўшы ўсяго даляр. З аэрапорта ж можна за гадзіну даляцець да сталіцы, адкуль ходзіць шмат рэйсаў па свеце.

Мясцовае таксі таксама досыць даступнае: кошт паездкі з аднаго канца горада ў іншы — $5.

«Адзін дзядуля захацеў вывучыць беларускую мову»

Суразмоўцы адзначаюць, што ў Эквадоры вельмі адкрытыя і ўсмешлівыя жыхары, здаецца, не заражаныя эпідэміяй дасягальніцтва. Пры гэтым яны ўмеюць змагацца за свае правы: маштабнымі страйкамі пастаянна даносяць свае патрабаванні да ўрада.

«Шторанку, гуляючы ў парку, я расплываюся ва ўсмешцы, бачачы, колькі людзей на прабежцы, займаюцца на трэнажорах, ёгай і аднаборствамі. Амаль усе мясцовыя, з якімі я перасякаюся раніцай у парку, пазнаёміліся са мной і цяпер віншуюць са святамі. А адзін мілы дзядуля захацеў вывучыць маю родную мову, і цяпер заўсёды пры сустрэчы кажа: «Добрай ранiцы! Як ты?»

І вельмі яму падабаецца, як гучыць на беларускай фраза «Усё добра», — расказвае Мая. Пры гэтым многія ўпершыню чуюць пра Беларусь менавіта ад пары, нехта блытае з Расіяй, і прыходзіцца тлумачыць, што гэта іншая краіна. Канкрэтна ў Куэнцы жыве шмат рускамоўных экспатаў.

Мясцовыя з задавальненнем бавяць выходныя цэлымі сем'ямі ў парках (тут сапраўды адчуваецца культ сям’і) і вельмі рана пачынаюць свой дзень.

«А пятай раніцы яны ўжо чакаюць транспарт на прыпынку, набываючы сняданак у вулічнага гандляра — тут гэта вельмі распаўсюджана. Эмпанадас (смажаны піражок), рыс з курыцай, шарык з банана — усё гэта часта ядуць на хаду, запіваючы салодкай кавай. Ад гэтага, канечне, шмат смецця, хаця камунальныя службы тут працуюць выдатна», — працягвае Мая.

Вока беларусаў дагэтуль дзівяць мясцовыя кабеты ў яркіх нацыянальных спадніцах, якія разгружаюць цэглу ці нясуць за спінай велізарныя мяшкі. Ці карціна, як на ўскраіне горада мясцовыя сціраюць рэчы ў рацэ.

«А яшчэ тут вырошчваюць агуркі велізарных памераў. Толькі адзін раз мы знайшлі на рынку звыклыя нам маленькія, — згадваюць рабяты. — Але тая розніца, з якой нам сапраўды складана мірыцца — іх прынцыпам жыцця — «mañana» (заўтра) і часам наплявальніцкае стаўленне да кліента».

Эквадоркі разгружаюць цэглу

«Амаль кожны дзень бачу, як мясцовыя абдымаюць дрэвы ў парку»

Здаецца, прырода і мяккі клімат перакрываюць для жыхароў тут любыя іншыя мінусы.

Блакітнаногія олушы

«Аблокі тут так блізка, што, здаецца, можна дацягнуцца рукой. Мы цяпер жывём з адчуваннем вечнай вясны: спяваюць птушкі, калібры зазіраюць на тэрасу, вельмі смачна пахне падстрыжанай травой і квітнеючымі дрэвамі, — не хавае эмоцый Мая. — Дарэчы, я амаль кожны дзень бачу, як мясцовыя абдымаюць дрэвы ў парку, а ў абедзенны перапынак проста ляжаць на лужку. Вельмі падабаецца іх павага да прыроды: тут шмат нацыянальных запаведнікаў. Аднойчы мы ўбачылі ў парку невялікага паўднёвага мястэчка апарат з кормам для вадаплаўных птушак — гэта, на мой погляд, цудоўна.

А ратуючы неяк параненую олушу, пасябравалі з Карласам, які пасля доўгага жыцця ў Еўропе, вярнуўся ў родную краіну аднаўляць каралавы рыф! Яшчэ, здаецца, гэта краіна сабакаў — іх тут вельмі любяць».

Традыцыйнае абдыманне дрэваў у парку.

Перыяд адаптацыі ў мужа з жонкай праходзіў па-рознаму. Калі Мая прыняла краіну ледзь не ў першы дзень прыезду, то Андрэю на тое спатрэбіўся час:

«Быў складаны перыяд, таму што ўсё было нязвыкла: іншыя людзі, іншыя правілы, іншае стаўленне да ўсяго. Стан непрыняцця выпаў на другі ці трэці месяц, але цяпер гэта ў мінулым».

Што тычыцца такой вялікай адлегласці ад сваякоў і сяброў, то на гэта стараюцца глядзець па-філасофску:

«Родныя і сябры разумелі, што мы ў любым выпадку пакінем краіну. Калі нарэшце была знятая забарона на выезд, яны шчыра былі радыя таму, што мы можам з'ехаць і зрабіць глыток свабоды. Здаецца, калі б у той момант мы ім сказалі, што ляцім на Месяц, яны б і такі варыянт прынялі».

Тым больш хутка самім героям стане весялей: у канцы лета ў Эквадор пераедуць жыць іх сябры.

Ці не з’явілася жаданне аднойчы пажыць недзе яшчэ? Героі не загадваюць.

«Пакуль мы жывём тут і вельмі гэтаму радыя. Але не выключаем, што праз пару год захочацца паспрабаваць нешта яшчэ».

Топ-тры месцы, якія варта наведаць, калі вы заплануеце падарожжа ў Эквадор:

  1. Галапагоскія выспы
  2. Выспа Ісла-дэ-ла-Плата, дзе можна пазнаёміцца з блакітнаногімі птушкамі олушамі і паназіраць за гарбатымі кітамі.
  3. Дарога вулканаў.

@nashaniva Беларусы пераехалі ў Эквадор — як ім там жывецца? #Белорусы #путешествия #беларусьновости #нашаніва #минсксейчас #переезд #эквадор #беларусь ♬ Paris - 3Hzwave

Каментары4

  • BacktoROOTS
    26.03.2024
    Галоўнае каб было куды вяртацца.
  • Никто не вернется
    01.04.2024
    Ипотеки, дети в школах, возраст.
  • Сам возвращайся и обагащай
    03.04.2024
    Васiль, зачем снова в колхоз возвращаться мазохисты что-ли

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі13

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: Адзіны спосаб спыніць вайну — не пакідаць Украіну3

У Бярозе з'явілася новая славутасць — Мюнхгаўзэн1

Беларуская кухня за год пагоршыла свае пазіцыі ў свеце3

У Мінску ўзніклі праблемы з інтэрнэтам у абанентаў А12

Пуцін назваў кампазітара Пахмутаву Аляксандрай Мікалаевічам Патрушавым12

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа10

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы6

Селена Гомес заявіла, што выходзіць замуж і паказала заручальны пярсцёнак ФОТАФАКТ2

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі13

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Галоўнае
Усе навіны →