Нашага суайчынніка, уладальніка судна, паспрабавалі абрабаваць.
У Эквадоры 44-гадовага беларуса хацелі абрабаваць на вуліцы, а калі той пусціўся бегчы, па ім стрэлілі са зброі і паранілі. Пра гэта паведамляе «Беларусь і свет» са спасылкай на найбуйнейшую газету краіны El Universo.
Інцыдэнт здарыўся ў сераду 28 лютага ў горадзе Мачала, які называюць бананавай сталіцай, бо менавіта адсюль праз порт Пуэрта-Балівар гэтыя плады экспартуюцца па ўсім свеце.
Наш суайчыннік — уладальнік судна, — скарыстаўшыся прыбыццём у Мачалу, вырашыў агледзець славутасці. І быў атакаваны на галоўнай вуліцы-бульвары 25 чэрвеня.
Разам з трыма сябрамі мужчына выйшаў з порта, дзе было прышвартавана судна, на якім яны плылі. Зайшоўшы ў гандлёвы цэнтр Paseo Shopping, каля 15.00 кампанія накіравалася да манумента Эль-Бананера.
Пакуль госці горада рухаліся да згаданага помніка, увекавечанага ў бронзе работніка бананавай плантацыі, і рабілі фота, з'явіліся трое суб'ектаў: двое — на матацыкле, трэці — пешшу.
Адзін з іх дастаў зброю і прыгразіў ёю 44-гадоваму беларусу, каб абрабаваць, але наш суайчыннік кінуўся бегчы. Нападнік стрэліў у яго і параніў у пятку.
Далей пацярпелы змог сесці ў таксі і прыехаў у порт. Там мужчыну аказалі першую дапамогу, а затым адвезлі ў прыватную клініку і перадалі для далейшага лячэння медыкам.
Каментары