Гісторыя1111

Горад з магіламі беларускіх прэзідэнтаў + фота

У XIV стагоддзі чэхі наймалі беларусаў‑военачальнікаў. У ХХ‑м Прага стала цэнтрам беларускай эміграцыі. Алесь Пілецкі піша пра беларускую Прагу.

Чэхія ніколі не была для беларусаў суседкай. Нават у сацыялістычныя часы сюды мала хто трапляў. З гэтай краінай знаёміліся, збольшага дзякуючы чэхаславацкім таварам.

Аднак, нягледзячы на адносную аддаленасць, беларуская прысутнасць у Празе налічвае шмат стагоддзяў. Прычым прысутнасць зусім не намінальная.

Палітэмігрант Бутаўт Кейстутавіч і студэнт Войдат Бутаўтавіч

Першым жыхаром беларуска‑літоўскіх земляў, сляды якога мы можам знайсці ў Празе, быў сын князя Кейстута Бутаўт. У 1365 годзе ён паспрабаваў захапіць уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім, скарыстаўшыся тым, што бацька і дзядзька, вялікі князь Альгерд, ваявалі на Валыні. Але змову выкрылі, і Бутаўт ратаваўся ўцёкамі да крыжакоў, дзе быў ахрышчаны пад імем Генрыха. Дапамагаў у аперацыях супраць Вялікага Княства, падступаў з рыцарскім войскам аж пад сцены Вільні. А пасля, калі ўжо не быў патрэбны нямецкім рыцарам, бадзяўся па Еўропе. Трапіў у Прагу — сталіцу Святой Рымскай Імперыі, — дзе і прыжыўся ля імператарскага стала. Імя Бутаўта‑Генрыха сустракаецца ў пераліку прыдворных імператара Карла IV з пазнакай «dux Lituaniae» — літоўскі князь.

Было гэта ў 1366 годзе. Цікава, што гадоў праз дваццаць у Прагу прыязджае і сын Бутаўта, Войдат. Які таксама хрысціўся ў каталіцтва і стаў першым вядомым з дакументаў беларускім студэнтам. Выдатная чэшская адукацыя дала плён:

у 1401—1402 гадах Войдат зрабіўся рэктарам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Другім па ліку.

Заснавальнік універсітэта, кароль Ягайла, зрабіў пратэкцыю стрыечнаму пляменніку.

Пасля Крэўскай уніі пры двары польскай каралевы Ядвігі ўзнік праект навучання студэнтаў з Польшчы і ВКЛ у Карлавым універсітэце — Ягелонскі на той час быў у заняпадзе. У 1397 г. пры Карлавым універсітэце Ядвіга зафундавала калегіум — спецыяльны дом для літоўскіх студэнтаў, дзе яны былі цалкам забяспечаныя матэрыяльна. Але пасля смерці Ядвігі ў 1399 г. калегіум заняпаў — адказны за яго ўтрыманне чэх Ян Шцекна растраціў дзяржаўныя сродкі на ўласныя патрэбы. Наноў калегіум быў адкрыты толькі пасля смерці Яна Шцекны.

Жыгімонт Карыбутавіч

Другім цікавым эпізодам беларуска‑чэшскіх дачыненняў з’яўляецца гісторыя Жыгімонта Карыбутавіча — яшчэ аднаго пляменніка Ягайлы.

У 1420 годзе, калі памёр кароль Вацлаў IV, сын Карла IV, пачалася гусіцкая рэвалюцыя. Чэхі адмовіліся выбраць за караля брата Вацлава, Жыгімонта Люксембургскага. А паколькі сярэднявечная ментальнасць патрабавала прысутнасці ў дзяржаве манарха, яны звярнуліся да Ягайлы. Той адмовіўся быць чэшскім каралём — праблем хапала і ва ўласнай дзяржаве. Тады чэшскае пасольства паехала да вялікага князя Вітаўта. Ён прыняў чэхаў у Варнянах. Вітаўт пагадзіўся ўзяць іх карону, прызначыўшы ў Прагу намеснікам Жыгімонта Карыбутавіча, які быў адначасова пляменнікам як Вітаўта, так і Ягайлы.

У 1422 годзе Жыгімонт прыязджае ў Чэхію і пачынае абжывацца. Захоплівае горад Умічаў. З’яўляецца ў Празе. Лідэр гусітаў Ян Жыжка не адразу пагаджаецца з прысутнасцю намесніка Вітаўта, але паступова Жыгімонт Карыбутавіч заваёўвае павагу і сімпатыі гусітаў удалымі вайсковымі кампаніямі. Ён адбівае трэці крыжовы паход супраць Чэхіі. Спрабуе захапіць Карлштайн.

Гэты не самы ўдалы штурм увайшоў у гісторыю беларускай вайсковай славы як першы зафіксаваны выпадак выкарыстання біялагічнай зброі.

Раз’ятраны ўпартасцю абаронцаў, Жыгімонт загадаў сваім ваярам закідваць непрыступны замак фекаліямі з дапамогай катапультаў. Выкарыстана было 60 вазоў гэтага рэчыва, але мужныя абаронцы не здаліся.

Намесніцтва Жыгімонта не было доўгім. Вітаўт адклікаў яго назад у 1423 годзе. Што, вядома, пляменніку не спадабалася. Таму Жыгімонт у 1424 годзе вяртаецца з уласнай ініцыятывы. У гэты час сярод гусітаў пачаліся спрэчкі. Памяркоўнае крыло нават каранавала Жыгімонта Карыбутавіча. Вось толькі ўлада яго абмяжоўвалася Прагай і блізкімі гарадамі.

Караляванне доўжылася тры гады. Жыгімонт спрабаваў знайсці паразуменне з суседнімі каталіцкімі дзяржавамі. Але ягонае ліставанне трапіла ў рукі пражанаў. Вынікам стала высяленне ў 1427 годзе Жыгімонта Карыбутавіча з яго каралеўскай рэзідэнцыі ў Старым горадзе. Прычым папярэдне гараджане нацягнулі няўдаламу дыпламату на галаву мех. Скончылася каралеўская эпапея Жыгімонта Карыбутавіча тым, што Вітаўт выкупіў пляменніка ў ганарлівых чэхаў у 1428 годзе. Пасля насельніцтва Прагі, як сведчаць летапісы, вельмі шкадавала аб учыненым перавароце. Існуе нават перакананне, што гераічны вобраз Яна Жыжкі на кані змаляваны з літоўскай «Пагоні» Жыгімонта Карыбутавіча.

Скарына

З Прагай звязаныя два перыяды жыцця Францішка Скарыны. Першы перыяд — друкарскі. Скарына не меў уласнай друкарні ў Празе і карыстаўся паслугамі адной з сямнаццаці пражскіх. Зараз невядома, якой менавіта. Таксама складана сказаць, дзе дакладна ў Празе жыў наш першадрукар. Пажар 1547 года знішчыў гарадскія архівы… Аднак у самім паведамленні пра пажар згадваецца, што падчас яго згарэў дом Мацея Руса (альбо Русіна), які знаходзіўся на рагу Старамесцкай плошчы.

Другі перыяд жыцця першадрукара ў чэшскай сталіцы — батанічны. Каралеўскія сады і паркі Прагі былі закладзеныя ў пачатку XVI стагоддзя. Акурат у той час, калі ў дакументах сустракаецца імя каралеўскага садоўніка Францішка Скарыны. Фактычна, Скарына быў адным з заснавальнікаў гэтых садоў.

Чэшскім каралём быў тады эрцгерцаг Габсбург, які сядзеў у Вене. Захавалася перапіска з канцылярыяй пражскага Града, дзе выказвалася незадаволенасць садоўнікам.

Маўляў, Скарына не рупіўся аб апельсінах.

Апошні вядомы дакумент, звязаны з жыццём Скарыны, — заклік чэшскага караля да сына першадрукара пераняць яго спадчыну. Скарынаў сын, паводле таго дакумента, жыў у Чэшскім Крумлаве, на поўдні краіны. Вядомае імя доктара Сымона Скарыны. Зараз складана з упэўненасцю сказаць, у якіх дачыненнях быў Сымон Скарына з Францішкам. Аднак найхутчэй менавіта ён быў тым сынам беларускага першадрукара. На жаль, сляды Сымона Скарыны губляюцца. Магчыма, што нашчадкі Францішка і сёння ходзяць па сярэднявечных вуліцах знакамітага Крумлава.

Рада БНР

Але самым плённым для беларускай прысутнасці ў Празе стала ўсё ж ХХ стагоддзе. А дакладней, міжваенны яго перыяд. На гэты час прыпадае першая хваля беларускай эміграцыі ў Чэхію. Асобай, якая фактычна арганізавала прыезд беларускіх дзеячаў сюды, быў Мікола Вяршынін. Ён эміграваў з Расіі пасля рэвалюцыі 1905‑га. Менавіта праз яго наладжваліся кантакты з чэшскімі ўладамі.

Сёння вельмі пашыранае ўяўленне аб тым, як чэхі з ахвотай дапамагалі беларусам. Рэальнасць крыху іншая.

Чэхія ў 1920‑я актыўна падтрымлівала ўсіх уцекачоў з былой Расійскай Імперыі — украінцаў, расійцаў і беларусаў. Беларусаў было мала ў параўнанні з іншымі — максімум некалькі соцень. У 1926 годзе толькі 82 нашыя землякі атрымлівалі стыпендыі ад чэшскага ўрада, а расійцаў — сем тысяч.

У 1923 годзе ў Прагу пераехала Рада БНР. Яна была зарэгістраваная ў Чэхіі як грамадская арганізацыя. І, паводле чэшскіх законаў, не магла займацца палітычнай дзейнасцю. Аднак чэхі на гэта заплюшчвалі вочы.

Існуе шмат міфаў адносна беларуска‑чэшскіх міждзяржаўных адносінаў. Напрыклад, толькі зыходзячы з таго факту, што Масарык прыняў Луцкевіча, прынята меркаваць аб прызнанні Чэхіяй незалежнасці БНР. Аднак той жа Масарык у лісце да міністра замежных справаў Бенеша пісаў, каб ён не абяцаў шмат дэлегатам БНР, а падтрымаў непадзельную і дэмакратычную Расію. Што наўрад ці сведчыць аб прызнанні Масарыкам незалежнасці Беларусі.

У Празе існаваў асяродак, дзе беларусы маглі цешыцца сваімі ідэямі і ім ніхто ў гэтым не перашкаджаў. Ствараліся культурніцкія і студэнцкія арганізацыі, дзейнічаў урад БНР у выгнанні.

Сёння аб тых часах нагадваюць магілы на знакамітых Альшанскіх могілках Прагі, дзе пахаваныя прэзідэнты Рады БНР Васіль Захарка і Пётра Крэчаўскі. Тут жа знайшоў спакой і спявак Міхась Забэйда‑Суміцкі.

Кур’ёзна, але многія запісы ягоных твораў былі знішчаныя ў 1968‑м, падчас усплёску нянавісці да Расіі сярод пражанаў…

Пасля вайны Альшаны сталі тым месцам, дзе гуртаваліся беларусы. Іх засталося мала — шмат хто скарыстаўся магчымасцю перабрацца далей на Захад. А тыя, што засталіся, збіраліся ў памятныя дні ля магілаў вядомых беларусаў. Чым не прамінулі скарыстацца чэхаславацкія спецслужбы. Яны адсочвалі людзей, якія прыходзілі на магілы, арыштоўвалі іх і адпраўлялі ў СССР.

Магілы прэзідэнтаў і сёння гуртуюць беларусаў Прагі. Сярод іх усё больш студэнтаў і моладзі, якія з’ехалі з ўжо незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Алесь Пілецкі, фота аўтара

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Паўлу Котаву

Каментары11

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →