Беспілотнік атакаваў металургічны завод у расійскім Чарапаўцы. Домна выведзена «ў планавы рамонт»
Сёння каля 6 ранку беспілотнік трапіў у Чарапавецкі металургічны камбінат. Як можна зразумець з іншасказальных паведамленняў расійскіх выданняў, атака была паспяховай.
«Тэхналагічны інцыдэнт», паводле прэс-службы прадпрыемства, адбыўся ў чацвер раніцай на прамысловай пляцоўцы «Северсталі» ў Чарапаўцы. Пацярпелых няма, паведамілі ў кампаніі.
Пры гэтым «адзін з агрэгатаў выведзены ў запланаваны раней рамонт».
Выданне «ГородЧе» пісала, што каля 5:45 з боку прадпрыемства чулі гук выбуху.
У абед выканаўчы абавязкі губернатара Валагодскай вобласці Георгій Філімонаў паведаміў, што «інцыдэнт» на заводзе ў Чарапаўцы адбыўся з-за трапляння беспілотніка.
Чарапавецкі металургічны камбінат — другая па велічыні сталеліцейная вытворчасць у Расіі.
6 сакавіка беспілотнікі паспяхова атакавалі Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат у Курскай вобласці. Гэта адно з найбуйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па здабычы і ўзбагачэнні жалезнай руды.
24 лютага беспілотнік нанёс удар па Наваліпецкім металургічным камбінаце. Гэта найбуйнейшы ў Расіі вытворца сталі.
Каментары