Алжас Бектэнаў узначаліў кабінет міністраў Казахстана. Яго кандыдатуру зацвердзіў сёння прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў.
Напярэдадні партыя «Amanat» прапанавала Бектэнава на пасаду прэм'ер-міністра. Днём 6 лютага ягоную кандыдатуру разгледзелі ў казахскім парламенце, паведамляе Бі-бі-сі.
«Я думаю, што ў яго хопіць патэнцыялу для рэалізацыі пастаўленых задач», — сказаў Такаеў.
Днём раней прэзідэнт Казахстана адправіў у адстаўку прэм'ер-міністра Аліхана Смаілава і ўрад у поўным складзе.
Сёння, выступаючы ў парламенце, Такаеў адзначыў, што Казахстан ставіць «вельмі маштабныя мэты і задачы», таму ў краіне патрэбны «новыя пазіцыі і новы погляд». Кабінет міністраў будзе таксама абноўлены, дадаў прэзідэнт.
Амаль усе фракцыі ў мажыліс, ніжняй палаце парламента, падтрымалі кандыдатуру Бектэнава. 69 дэпутатаў прагаласавалі за, сем парламентарыяў устрымаліся.
43-гадовы Алжас Бектэнаў да прызначэння на пасаду прэм'ер-міністра кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта. Ён узначаліў апарат у красавіку 2023 года. Да гэтага ён быў старшынём Агенцтва па супрацьдзеянні карупцыі.
Каментары