Былы хакер ЦРУ, які перадаў сакрэты праекту WikiLeaks, атрымаў 40 гадоў турмы
«Джошуа Шультэ здрадзіў сваёй краіне, здзейсніўшы адзін з самых дзёрзкіх і гнюсных актаў шпіянажу ў гісторыі Амерыкі», — заявіў пракурор Дэміян Уільямс.
Былы супрацоўнік ЦРУ Джошуа Шультэ, які некалькі гадоў таму перадаў праекту WikiLeaks масіў сакрэтных дакументаў аб інструментах хакераў Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, у чацвер быў асуджаны да 40 гадоў турмы, піша Бі-бі-сі.
Джошуа Шультэ быў прызнаны вінаватым у шпіянажы і іншых злачынствах па выніках розных судовых працэсаў ужо тройчы: у 2020, 2022, і 2023 гадах, але толькі цяпер суддзя акруговага суда ЗША па паўднёвым Нью-Ёрку Джэсі Фурман прызначыў яму канкрэтны турэмны тэрмін.
«Джошуа Шультэ здрадзіў сваёй краіне, здзейсніўшы адзін з самых дзёрзкіх і гнюсных актаў шпіянажу ў гісторыі Амерыкі», — заявіў пракурор Дэміян Уільямс.
Шультэ працаваў праграмістам у цэнтры кіберразведкі ЦРУ з 2012 па 2016 год і, згодна з высновамі следства і суда, таемна капіяваў хакерскія праграмы, якімі карысталася амерыканская разведка.
Звольніўшыся, ён паслаў гэтыя матэрыялы — 8761 файл — праекту WikiLeaks, які пачаў публікаваць іх у сакавіку 2017 года, назваўшы гэты раздзел на сваім сайце «Vault 7».
У злітых Шультэ файлах былі вірусы, «траяны», іншыя хакерскія праграмы, пры дапамозе якіх ЦРУ ўзломвалі, напрыклад, мабільныя тэлефоны тэрарыстаў або замежных палітыкаў і ператваралі іх у падслухоўвальныя прылады.
«Крадзеж і раскрыццё сакрэтаў, учыненыя Шультэ, неадкладна і грунтоўна падарвалі магчымасці ЦРУ па зборы разведданых на праціўнікаў Амерыкі, падвергнулі непасрэднай рызыцы персанал, праграмы і ўласнасць ЦРУ і абышліся ЦРУ ў мільёны даляраў», — заяўляла на судзе дзяржаўнае абвінавачванне.
Шультэ адмаўляў віну, але суд не пераканаў.
Па звестках следства, Шультэ быў вымушаны звольніцца, бо ўвесь час зрываў тэрміны выканання заданняў, і пасля звальнення аддаў крадзеныя матэрыялы WikiLeaks, жадаючы адпомсціць сваім былым працадаўцам.
Акрамя шпіянажу і хлусні агентам ФБР падчас папярэдняга следства, Шультэ асуджаны яшчэ і за захоўванне дзіцячай парнаграфіі. Паводле матэрыялаў суда, пры ператрусе ў яго кватэры былі знойдзеныя дзясяткі тысяч файлаў з дзіцячай парнаграфіяй.
Са слоў пракурораў, нават пасля арышту ў 2018 годзе Шультэ спрабаваў яшчэ перадаць на волю сакрэтную інфармацыю. Ён пранёс у турму тэлефон і збіраўся перадаць журналістам звесткі аб кіберпадраздзяленнях ЦРУ, а таксама апублікаваць твіты з сакрэтнай інфармацыяй. Акаўнт у твітары ён назваў «Джэйсан Борн».
Каментары