Дырэктар ЦРУ даў прагнозы на 2024 год і апісаў тое, што адбываецца ў свеце
Якая пагроза, на думку дырэктара ЦРУ Уільяма Бэрнса, з'яўляецца найбольш значнай, што будзе з амерыканскай дапамогай Украіне, у якой краіне ключ да вырашэння праблем?
Вайна ва Украіне
Як адзначае ў сваім вялікім артыкуле ў выданні Foreign Affairs дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнс (William Burns), Злучаныя Штаты перажываюць сёння адзін з тых рэдкіх пераломных момантаў, гэтак жа важных, як пачатак халоднай вайны ці перыяд пасля 11 верасня 2001 года.
Уздым Кітая і рэваншызм Расіі ствараюць сурʼёзныя геапалітычныя праблемы ў свеце, дзе адбываецца інтэнсіўная стратэгічная канкурэнцыя, дзе Злучаныя Штаты больш не бясспрэчны гегемон і дзе экзістэнцыйныя кліматычныя пагрозы растуць.
На погляд Бэрнса, эпоха пасля халоднай вайны канчаткова скончылася ў той момант, калі Расія ўварвалася ва Украіну ў лютым 2022 года.
Развязаная Пуціным вайна ўжо стала правалам для Расіі на многіх узроўнях. Расійскае войска панесла велізарныя страты. Больш за 315 тысяч расійскіх салдат загінулі або былі параненыя, Расія страціла дзве траціны сваіх танкаў, а хвалёная дзесяцігадовая праграма мадэрнізацыі арміі скончылася пшыкам.
Расійская эканоміка перажывае працяглую стагнацыю, краіна ператвараецца ў эканамічнага васала Кітая. Непамерныя амбіцыі Пуціна мелі непрыемныя для яго наступствы і ў іншым сэнсе: яны сталі імпульсам для ўзмацнення і пашырэння НАТА.
2024 год, на думку Бэрнса, будзе дакладна цяжкім на полі бою ва Украіне, выпрабаваннем на трываласць, наступствы якога выйдуць далёка за рамкі гераічнай барацьбы краіны за захаванне сваёй свабоды і незалежнасці.
Па меры таго, як Пуцін аднаўляе абаронную вытворчасць Расіі, ён працягвае рабіць стаўку на тое, што час на ягоным баку, што ён зможа раздушыць Украіну і вымучыць яе заходніх саюзнікаў.
Ключ да поспеху, на погляд дырэктара ЦРУ, заключаецца ў захаванні заходняй дапамогі Украіне. Захаванне паставак зброі ўмацуе пазіцыі Украіны, калі зʼявіцца магчымасць для сурʼёзных перамоў. Гэта дае шанц забяспечыць доўгатэрміновую перамогу Украіне і стратэгічны пройгрыш Расіі.
Між тым незадаволенасць вайной працягвае разʼядаць расійскае кіраўніцтва і расійскі народ пад тоўстай паверхняй дзяржаўнай прапаганды і рэпрэсій. Гэта прыхаваная незадаволенасць стварае для ЦРУ ўнікальную магчымасць для вярбоўкі агентуры, прызнае Бэрнс.
Бэрнс падкрэслівае, што ўварванне Расіі ва Украіну, гэтак жа, як калісьці 11 верасня 2001 года, адкрыла новую эру для ЦРУ. Ён нагадвае, што ЦРУ разам з партнёрамі змагло забяспечыць ранняе і дакладнае папярэджанне аб будучым уварванні ва Украіну.
Добрая разведка з таго часу дапамагла прэзідэнту ЗША мабілізаваць і падтрымліваць моцную кааліцыю краін у падтрымку Украіны. Гэта таксама дапамагло Украіне абараніць сябе, прадэманстраваўшы дзівосную адвагу і настойлівасць.
Адносіны з Кітаем
На погляд Бэрнса, хоць Расія можа ўяўляць сабой самую непасрэдную пагрозу, Кітай уяўляе сабой больш сурʼёзную доўгатэрміновую пагрозу, і за апошнія два гады ЦРУ рэарганізавала сябе, каб адлюстраваць гэты прыярытэт.
ЦРУ выдзеліла значна больш рэсурсаў на збор, аперацыі і аналіз разведвальнай інфармацыі, звязанай з Кітаем, па ўсім свеце, што больш чым удвая павялічыла долю агульнага бюджэту, арыентаванага на Кітай, усяго за апошнія два гады. У 2021 годзе быў адкрыты новы цэнтр (mission center), арыентаваны выключна на Кітай.
Дырэктар ЦРУ лічыць, што Кітай застаецца адзіным супернікам ЗША, які мае як намер змяніць міжнародны парадак, так і эканамічную, дыпламатычную, ваенную ды тэхналагічную моц для гэтага.
Лідар Кітая Сі Цзіньпін пачаў свой трэці прэзідэнцкі тэрмін з большай уладай, чым любы з ягоных папярэднікаў з часоў Мао Цзэдуна. Замест таго, каб выкарыстоўваць гэтую сілу для ўмацавання і ажыўлення міжнароднай сістэмы, якая садзейнічала трансфармацыі Кітая, Сі спрабуе яе перапісаць.
Для Сі, як чалавека, схільнага разглядаць Злучаныя Штаты як дзяржаву, якая згасае, амерыканскае лідарства ва Украіне, безумоўна, стала нечаканасцю.
Таму, на погляд Бэрнса, самы надзейны спосаб падкінуць Кітаю думку, што Амерыка бездапаможная, самы просты спосаб падагрэць агрэсіўнасць Кітая — гэта адмовіцца ад падтрымкі Украіны.
Іншыя выклікі
Канкурэнцыя з Кітаем застанецца найвышэйшым прыярытэтам Вашынгтона, але гэта не значыць, што ён зможа ўхіліцца ад іншых выклікаў. Сёння ЗША, на погляд Бэрнса, перажываюць адзін з такіх рэдкіх момантаў, не менш значных за пачатак «халоднай вайны» ці перыяд пасля падзей 11 верасня.
«Я не бачыў Блізкага Усходу такім складаным і выбухованебяспечным за апошнія 40 гадоў», — заўважае дырэктар ЦРУ і адзначае, што ключ да бяспекі Ізраіля і ўсяго рэгіёна — адносіны з Іранам.
Пры гэтым, як піша Бэрнс, Злучаныя Штаты не адныя нясуць адказнасць за вырашэнне розных непрыемных праблем Блізкага Усходу. Але ні адна з іх не можа быць вырашана без актыўнага ўдзелу ЗША.
Дырэктар ЦРУ таксама адзначае крытычную ўразлівасць і сурʼёзныя рызыкі для амерыканскай бяспекі і росквіту. Іх корань — у моцнай эканамічнай узаемазалежнасці і эканамічных сувязях Кітая і Злучаных Штатаў. Выйсце з гэтага ён бачыць у дыверсіфікацыі амерыканскага імпарту.
Дырэктар ЦРУ таксама лічыць, што Вашынгтону варта быць уважлівым да суперніцтва паміж усё большай колькасцю дзяржаў сярэдняга памеру, якое гістарычна спрыяла ўзнікненню ў будучыні сутыкненняў і паміж найбольшымі дзяржавамі.
Чытайце яшчэ:
Дырэктар ЦРУ: Кітай вывучае магчымасць пастаўкі зброі ў Расію
WP: Дырэктар ЦРУ таемна наведаў Кіеў і распавёў Зяленскаму аб планах Расіі
Каментары