Зорка Бэтлеемска над маёнткам ззяе. Як шляхта святкавала Божае Нараджэнне
Спрадвечныя калядныя традыцыі, якія паходзяць з беларускай вёскі, добра вядомыя і апісаныя ў літаратуры. Вядомыя і разгульныя балы магнатаў. А як адзначала Божае Нараджэнне тутэйшая шляхта ў шматлікіх дварах, маёнтках, фальварках і засценках, піша «Новы час».
У полымі класавай барацьбы, якая віравала на нашых землях у XX стагоддзі, быць любога іншага паходжання, акрамя сялянскага ці працоўнага, магло каштаваць жыцця. Таму і не датрывала да нашага часу культура і традыцыі многіх грамадскіх груп. Напрыклад, шляхты. Але ж на нашых землях па самых смелых падліках шляхты было ці ж не 15% ад насельніцтва!
Побытавыя і святочныя традыцыі шляхты трымаліся і клапатліва захоўваліся ў жыцці дробных сядзіб, земскіх двароў, шматлікіх фальваркаў і засценкаў. Сядзіба была сховішчам старасвецкай традыцыі. Бурная гісторыя нашай краіны пахіснула гэты ўстой. Зніклі сядзібы, іх гаспадароў сустрэла бальшавіцкая куля альбо далёкі паўночны шлях высылкі, а за людзьмі пайшлі прахам і іх традыцыі. Яшчэ напачатку XX стагоддзя здавалася, што плынь часу застыла пад дахам сядзіб, штодзённасць мала чым адрознівалася там дзень пры дні, хіба што святочныя дні адзначаліся па-асабліваму. А што калі не ўсё знікла, і тыя даўнія шляхецкія традыцыі не так моцна адрозніваюцца ад многіх нашых сённяшніх звычаяў? Трэба разабрацца, усё ж, Божае Нараджэнне — час цудаў.
Час падрыхтоўкі і чакання
У тутэйшай традыцыі святочныя зімовыя дні называліся (дый называюцца па сёння!) Калядамі. Гэта дванаццацідзённы перыяд ад Вігіліі да 6 студзеня — свята Божага Аб’яўлення (у каталіцкай традыцыі «Тры Каралі»). Гэта з аднаго боку, а з іншага — час Калядаў пачынаўся ў першую нядзелю Адвэнту і заканчваўся аж у суботу за тры тыдні перад Вялікім Постам. Святочных дзён тут нямерана: Адвэнт, актава Божага Нараджэння, час ад Богаяўлення… У былыя часы гулялі доўга і з размахам!
Час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння ў сядзібах досыць часта пачынаўся яшчэ ў лістападзе. З надыходам першай нядзелі Адвэнту спыняліся звычайныя гулянні, балі, забаўкі, вяселлі, а на іх месцы з’яўляўся пост і рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту, якія традыцыйна адбываюцца перад усходам сонца. Ранняя зіма з лёгкім марозам і першым пухнатым сняжком, цеплыня камінаў, цьмянае свячное святло… У такой атмасферы шляхецкія дзеці прысвячалі гэтыя дні падрыхтоўцы да свята, майструючы калядныя ўпрыгажэнні.
А гаспадыні аддаваліся планаванню: рабілі пакупкі і аддавалі распараджэнні наконт святочнай падрыхтоўкі. Зрабіць трэба было шмат! Скласці вігілійнае меню, прыдумаць падарункі, падрыхтавацца да прыёму шматлікіх гасцей, якія традыцыйна прыязджалі на Раство ў кожную гасцінную сядзібу.
Адным з абавязковых пунктаў гэтых падрыхтовак быў выезд у горад ці мястэчка на калядныя закупы. Так, перадсвяточны шопінг быў і ў нашых продкаў у пашане! У спісах спраў былі падарункі дзецям і сям’і, асобам, якія працавалі ў сядзібах. У святочныя дні ніхто не быў забыты. Падзякаваўшы за працу, гаспадары маёнткаў уручалі падарункі ўсім, хто меў дачыненне да вядзення гаспадарчых спраў. Сярод падарункаў былі, між іншым, ласункі і элементы вопраткі: шалікі, пальчаткі, кашулі або тканіна для сукенак.
Аднак у горадзе куплялі не толькі падарункі. Адтуль прывозілі таксама прысмакі, садавіну і сухафрукты для двара, а таксама калядныя ўпрыгажэнні — у тым ліку «анёльскія валасы» (сёння мы называем гэтае ўпрыгожанне «дожджыкам») і срэбныя шарыкі.
Зялёная пані ў сядзібным доме
Звычай упрыгожваць ялінку прыйшоў да нас з-за нашай заходняй мяжы ў XX стагоддзі і хутка прыжыўся пад шляхецкімі дахамі. Дрэўца ўпрыгожвалі пераважна ядомымі цацкамі. Яблыкамі, пернікамі, пазалочанымі арэхамі, сушанымі стручкамі бабоў ці гароху, шакаладнымі ці марцыпанавымі прысмакамі. Усё гэта дапаўнялася ланцужкамі і дробнымі ўпрыгожаннямі, зробленымі рукамі дзетак пад наглядам нянек або гувернантак.
На ялінцы ў шляхецкім доме можна было сустрэць і пакупныя ўпрыгожанні, але не так шмат, бо іх першапачаткова завозілі выключна з-за мяжы, у асноўным з Германіі.
Сама ёлка з’яўлялася ў сядзібе напярэдадні або раніцай на Вігілію. Высокая, раскідзістая і з цудоўным пахам, яна стаяла ў гасцінай. Пад яе галінамі яна хавала дары ад Святога Мікалая, які спраўна і адказна наведваў шляхецкія дамы. Упрыгожаныя ёлкі старанна хавалі пад замок ад самых маленькіх жыхароў. Іх прыгажосць і схаваныя падарункі дзеткі маглі ўбачыць толькі пасля вігілійнай вячэры.
Святочны хлеб
Падрыхтоўка скончана, ялінка ўпрыгожаная, Святы Мікалай таксама зрабіў сваю справу… Час святочнай вячэры.
Вігілійная вячэра пачыналася з разломвання аплаткі. Гэта традыцыя паходзіць са звычаю, які культываваўся ў першыя стагоддзі хрысціянства: браць дадому асвечаны пасля Імшы хлеб для тых, хто не мог удзельнічаць у набажэнстве.
З цягам часу гэты хлеб ператварыўся ў аплатку, якая на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў стала з’яўляцца на вігілійных сталах у шляхецкіх сядзібах. Выпечаныя ў парафіях і манастырах, яны раздаваліся на тыдні напярэдадні Божага Нараджэння касцёльнымі служкамі або арганістам. Часцей за ўсё на калядных сталах гасцявала белая аплатка.
Як на Вігілію, так цэлы год!
У наш час гуляе прыказка «як Новы год сустрэнеш, так і правядзеш», а ў даўнія часы арыентаваліся на Вігілію.
Святочны час — час асаблівай містыкі, ён быў звязаны са звычаямі забяспечыць дабрабыт у наступным годзе. Калядныя павер’і знаходзілі сваіх прыхільнікаў як у сялянскай хаце, так і ў шляхецкай сядзібе. Напрыклад, лічылася, што тая дзяўчына, якая націрае мак на вігілійную вячэру, у наступным годзе абавязкова выйдзе замуж. Іншыя павер’і тычыліся вігілійных страў, смакаванне якіх павінна было гарантаваць поспех і дабрабыт.
Калі гаспадыні і слугі праводзілі гэты дзень, гатуючы вячэру, гаспадары звычайна вырашалі выбрацца з дому і адправіцца на паляванне. З гэтым звычаем было звязана яшчэ адно павер’е, «калі паляўнічы на Вігілію нешта ўпалюе, то на працягу года з палявання не будзе вяртацца з пустымі рукамі».
Аднак самым папулярным павер’ем была прымаўка «як на Вігілію, так і ўвесь год». Таму гэты дзень пачыналі рана і праводзілі ў добрай атмасферы, каб на працягу наступных дванаццаці месяцаў не было сварак і гультайства.
За вігілійным сталом
Пакуль слугі рабілі апошнія прыгатаванні да вячэры, прыбіралі сталовую, сачылі, каб усе стравы былі прыгатаваны своечасова, жыхары сядзібы пераапраналіся ў святочнае адзенне і чакалі першую зорку. З яе з’яўленнем уся сям’я і запрошаныя госці сядалі за стол, пад абрусам якога хавалася сена, што мела вялікі ўплыў на ўстойлівасць посуду і перакульванне шклянак.
Пасля разломвання аплаткі можна было пачынаць вячэру. У посным калядным меню пераважала рыба з мясцовых азёр — судак, смажаны лінь і шчупак з хрэнам. Акрамя іх на стале можна было пабачыць боршч з клёцкамі, капусту з грыбамі, абаранкі з макам, кампот з сушаных сліў ці яблыкаў, міндальны пудынг. І, канечне ж, куцця.
І ўсё гэта дапаўнялася такімі далікатэсамі, як сухафрукты, вінаград, яблыкі, варэнне і вялікая колькасць рознага алкаголю.
Калі вячэра заканчвалася, уся кампанія перамяшчалася ў раней зачынены пакой. Там пад радасныя воклічы дзяцей і водар заваранай кавы з пірагом уручалі падарункі, спявалі калядкі і разам чакалі моманту, калі трэба ехаць на пастэрку — святую імшу ў Вігілію Божага Нараджэння.
Аднак гэта была не мірнае катанне на санях, а шалёныя гонкі паміж гаспадарамі. Згодна з традыцыяй, той, хто першым пераступіць парог храма, павінен быў правесці будучы год у дастатку і дабрабыце.
Дні святочныя і пасля іх
Наступныя дні, аж да Новага года і Божага Аб’яўлення, былі насычаны святочнымі візітамі, гульнямі і калядаваннем. Калядоўшчыкі з жывой батлейкай хадзілі па шляхецкіх сядзібах і сялянскіх хатах, узнаўляючы біблейскія сюжэты ў абмен на невялікія падарункі. Ладзіліся таксама катанні на санях, якія вазілі ад сядзібы да сядзібы, частуючыся і спусташаючы шляхецкія каморы і вінныя пограбы.
Сезон адпачынкаў заканамерна перарастаў у карнавал, атракцыёны якога запаўнялі доўгія зімовыя ночы. Так і праходзіў час у чаканні прыходу вясны, а з ёй і пачатку чарговага ўраджайнага сезона.
Каментары