Пяць рабочых былі траўмаваныя ў выніку інцыдэнту на ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат», паведамілі ў МНС. Прычынай стаў зрыў вечка вертыкальнага аўтаклава для стэрылізацыі прадукцыі ў кансервавым цэху.
«Папярэдне ўстаноўлена, што супрацоўніца мясакамбіната выконвала вытворчыя працэсы з аўтаклавам, у якім стэрылізавалася тушонка. Пры спробе астуджэння абсталявання адбыўся выкід пары, якая знаходзіцца пад высокім ціскам», — паведамілі ў Следчым камітэце.
Пацярпелыя былі дастаўлены ў гарадскую бальніцу № 1 імя Сямашкі.
У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што ва ўсіх пацярпелых дыягнаставаныя чэрапна-мазгавыя траўмы, тэрмічныя апёкі твару, цела, верхніх і ніжніх канечнасцяў.
«Двое знаходзяцца ў цяжкім стане, у іх дыягнаставаныя апёкі 40-60%. У траіх — апёкі меншай ступені, яны знаходзяцца ў здавальняючым стане», — удакладнілі ў ведамстве.
Абмяркоўваецца магчымасць транспарціроўкі пацярпелых у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску.
Каментары