Памёр амерыканскі акцёр Мэцью Пэры. Ён стаў знакамітым пасля серыяла «Сябры»
Амерыканскі акцёр Мэцью Пэры памёр ва ўзросце 54 гадоў. Пра яго смерць, спасылаючыся на крыніцы ў паліцыі, пішуць LA Times і TMZ.
Цела акцёра знайшлі ў ванне ў яго доме ў Лос-Анджэлесе днём 29 кастрычніка. Прычына смерці Пэры пакуль невядомая. Супрацоўнікі службы выратавання прыбылі на выклік аб спыненні сэрца. Па словах крыніцы LA Times у праваахоўных органах, паліцыянты не знайшлі слядоў гвалту.
Акцёр у сваіх мемуарах, апублікаваных летась, паведамляў, што пакутаваў на алкагольную і наркатычную залежнасць, але на месцы здарэння забароненых рэчываў выяўлена не было, удакладняе TMZ. Таксама Пэры меў праблемы са здароўем.
Мэцью Пэры вядомы па ролі Чэндлера ў серыяле «Сябры», а таксама па фільмах «Дзевяць ярдаў», «Тату зноў 17» і інш.
Каментары