Грамадства44

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа

Як складваліся адносіны Беларусі з ЗША ў першы тэрмін Дональда Трампа і што гаварыў Лукашэнка пра Трампа тады?

Аляксандр Лукашэнка і Дональд Трамп. Фота: БелТА, coastguard.dodlive.mil

Першы тэрмін Дональда Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША быў адзначаны пацяпленнем — праўда, вельмі абмежаваным — адносін з Беларуссю. Зрэшты, працэс пачаўся яшчэ пры ліберале Абаме.

У 2017 годзе беларусы атрымалі магчымасць падаць дакументы на амерыканскую візу непасрэдна ў Мінску, а з 1 лютага 2018 года амерыканскае пасольства ўпершыню за 10 гадоў стала прадстаўляць «поўны спектр неіміграцыйных візавых паслуг».

«І не настолькі ён дурны»

У пачатку 2017 года, праз некалькі дзён пасля таго, як Трамп афіцыйна прыступіў да выканання сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, Лукашэнка правёў «Вялікую размову», падчас якой заявіў, што ў адносінах да ЗША Расія «сядзіць у дваццаць сёмым вагоне».

Лукашэнка падчас «Вялікай размовы». 3 лютага 2017 года. Фота: БелТА

«Здзіўляе матывацыя: вялікая Расія — «вось Трамп там прыйшоў да ўлады, і цяпер беларусы могуць не разлічваць на многае». Колькі разоў ужо казаў, у тым ліку і кіраўніцтву Расіі — не рабіце гэтаму Трампу горш! Ледзь што не яны прызначылі прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі!

Трамп — прэзідэнт Амерыкі з лозунгам «Зробім Амерыку моцнай» або яшчэ нейкі. І калі мы з Пуціным абмяркоўвалі гэтую праблему, я яму выказаў свой пункт гледжання на гэтае пытанне: вось уявіце, сядзім за сталом перамоў, мы з табой і Трамп. Лозунг напісаны — «зробім Амерыку моцнай».

У якім вагоне будзеш сядзець? У першы не пасадзяць, сядзі ў дваццаць сёмым. Або ў дваццатым. Як эканоміка Расіі: дваццатае месца — дваццаты вагон. Пагодзішся? Не, і я б не пагадзіўся. А як потым рэагаваць на гэта? Прэзідэнта ж вы прызначылі!», — паведаміў Лукашэнка.

«Трамп што, таксама дрэнны? Як Абама дрэнны, так і гэты дрэнны? Трэба зразумець, што Амерыка абрала праамерыканскага прэзідэнта, не прарасійскага і не прабеларускага. І не настолькі ён дурны, як некаторыя думаюць! Хай ён неспрактыкаваны — так, ён робіць некаторыя крокі, нам адсюль здаецца…

Я ўсё гэта праходзіў. Так, трэба было спакайней дзе-нідзе, але гэта нам адсюль здаецца. Але там жа шмат разумных людзей! Восемдзесят працэнтаў яўрэяў, і не скажаш, што гэта дурныя людзі. Нацыя далёка не дурная! Таму не трэба знаходзіцца ў эйфарыі, маўляў у Амерыцы там нешта адбылося. Трамп, які б ён ні быў моцны, увесь свет не адверне. Як бы нам ні падабалася глабалізацыя — гэта трэнд на стагоддзі, яго ніхто ўжо не адверне», — сцвярджаў Лукашэнка.

«Яму трэба даказваць, што ён можа кіраваць краінай»

Праз некалькі месяцаў, у красавіку 2017 года, каментуючы ракетныя ўдары ЗША па Сірыі Лукашэнка заявіў:

«Сёння Амерыка ў адзіночку і нават са сваімі бліжэйшымі натаўскімі саюзнікамі не зможа перакуліць або кіраваць усім светам. Трэба абмежаваць апетыты і займацца тым, дзе вельмі вялікія твае інтарэсы. А яны — у Паўночнай Амерыцы перадусім».

У той жа час ён паспрабаваў апраўдаць дзеянні Трампа, заўважыўшы, што той стараецца выконваць дадзеныя грамадзянам падчас перадвыбарчай кампаніі абяцанні, але рэалізацыю гэтых ініцыятыў усяляк спыняюць:

«Яму трэба даказваць, што ён можа кіраваць краінай. А там перашкаджаюць, не даюць — і тыя, што прайгралі, і некаторыя багатыя, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І тады, каб вырашыць унутрыпалітычныя пытанні і спадабацца людзям, націскаюць на кнопку».

Магчыма, сваімі заявамі Лукашэнка спадзяваўся, што ЗША адменяць санкцыі, уведзеныя яшчэ ў 2006 годзе ў дачыненні да яго і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем'яў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Але ў чэрвені 2017 года стала вядома, што новая адміністрацыя ЗША іх працягнула.

Але гэта не перашкодзіла Лукашэнку працягваць падхвальваць Трампа ў сваіх інтарэсах. Так, на педагагічнай нарадзе ў верасні 2017 года ён выступіў за жорсткае абмежаванне свабоды выказвання ў інтэрнэце і маніпулятыўна ставіў у прыклад ЗША:

«Раней амерыканцы наперадзе планеты ўсёй беглі, папракалі ўсіх у тым, што кантралюем інтэрнэт. А сёння Дональд Трамп сам прыйшоў да гэтага і разумее, што нельга далей гэтую вольніцу распускаць. Нам трэба прымаць рашэнні, бо спознімся». 

«Я ж вельмі моцна балеў за Дональда Трампа»

У жніўні 2018 года ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», згадваючы перадвыбарчую кампанію 2017 года ў ЗША, Лукашэнка сказаў:

«Я не хаваў і не хаваю, што я ж вельмі моцна балеў за Дональда Трампа. І публічна некалькі разоў выказваўся аб ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША на карысць фактычна Дональда Трампа».

«Дональд Трамп сапраўды праамерыканскі. Для большасці грамадства. Але кагосьці ў эліце не задавальняе. (…) Эліце, нейкай частцы, асабліва дэмакратычнай, не падабаюцца паводзіны Трампа. Так, ён неардынарны палітык. Такога яшчэ не было, каб найбуйнейшая краіна ў свеце і яе прэзідэнт так актыўна дзейнічаў, і прытым такімі нестандартнымі метадамі. (…)

Я не ва ўсім яго падтрымліваю. Тым больш, можа, я чагосьці не разумею. Натуральна, некаторыя пытанні схаваныя ад усіх нас, і ад мяне ў тым ліку. Але ваяваць з усім светам, у тым ліку ў гандлі… Напэўна, гэта не зусім правільна. Але — я яшчэ раз падкрэсліваю — не ўсе мы, напэўна, ведаем, што там існуе і што адбываецца», — дзяліўся Лукашэнка сваім поглядам на Трампа.

«Я быў прыхільнікам Трампа, але цяпер мне здаецца, што гэта ўсё гульня»

Праз некалькі месяцаў, у канцы кастрычніка 2018 гада Лукашэнка абураўся прапановай Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую вайсковую базу (у выніку яна так і не была пабудавана).

«Трамп наўрад ці думае пра тое, што ёсць такая маленькая Беларусь, што тут людзі жывуць. Я быў прыхільнікам Трампа, але цяпер мне здаецца, што гэта ўсё гульня. Але такія размовы пра ядзерную зброю, пра размахванні ракетамі шкодныя, а Дональд гэтага, як малады палітык, не разумее», — гаварыў тады Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка і Джон Болтан. Фота: БелТА.

У жніўні 2019 года Лукашэнка сустрэўся з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джо Болтанам, падчас якой не прамінуў нагадаць, што балеў на выбарах менавіта за цяперашняга прэзідэнта ЗША: «Я «ўмешваўся» ў амерыканскія выбары і балеў за Трампа». 

«Я не скажу, што ўжо амерыканцы ў нас такія вялікія сябры»

У верасні 2019 года Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам, а ў лютым 2020-га — з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа.

Сустрэча Лукашэнкі і Пампеа ў Мінску. Люты 2020 года. Фота: БелТА

Пасля гэтых сустрэчы з Пампеа Лукашэнка заявіў, што «перыяд холаду» ў адносінах дзвюх краін скончыўся:

«Я не скажу, што ўжо амерыканцы ў нас такія вялікія сябры. Але перыяд вось гэтага холаду, калі мы глядзелі адзін на аднаго праз нейкую амбразуру, жалезабетонную тоўстую сценку, скончыўся. І нікому не трэба ў гэтым кірунку стагнаць, перажываць і галасіць. Мы наладжваем адносіны з самай вялікай імперыяй — вядучай краінай свету».

Лукашэнка, які на той момант дабіваўся ад Расіі зніжак на энергарэсурсы, адзначаў, што візітам Пампеа ў Мінск быццам бы былі незадаволены ў Маскве і сцвярджаў, што з ЗША ў яго «завочна даўнія адносіны»:

«Калі разгледзець усе матэрыялы, то свет нам апладзіраваць будзе. Мы з Пампеа, калі ён быў дырэктарам ЦРУ, праводзілі тут самыя сур'ёзныя аперацыі».

«Амерыканцы вельмі добра ведаюць, нават часам лепш, чым я, некаторыя пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй», — сцвярджаў Лукашэнка і расказваў, што быццам бы Пампеа яму паабяцаў, што ЗША дапамогуць Беларусі і паставяць нафту па канкурэнтнай цане.

У маі 2020 года Трамп унёс на разгляд Сената ЗША кандыдатуру пасла ЗША ў Беларусі пасля 12 гадоў адсутнасці. 20 ліпеня 2020 года Лукашэнка прызначыў паслом у ЗША намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку. 

«Я саджуся ў верталёт, а амерыканцы з космасу, сволачы, бачаць жа ўсё»

Але ўжо праз некалькі месяцаў Лукашэнка перагледзеў сваё стаўленне да ЗША. І прычынай сталі пратэсты ў Беларусі.

Так, 23 жніўня 2020-га года ён заявіў, што за імі стаяць амерыканцы: «Я саджуся ў верталёт, а амерыканцы з космасу, сволачы, бачаць жа ўсё. І яны адразу ў свой цэнтр пад Варшавай далі сігнал, што верталёт падняўся». 

У лістападзе 2020 года ён заявіў, што ЗША стварылі цэнтры сачэння за Беларуссю не толькі ў Варшаве, але і ў Кіеве:

«ЗША — яны пад Варшавай цэнтр стварылі, а цяпер у Кіеве стварылі. Добра, я б сказаў, але мы з расіянамі, разведкі наша і расійская папрацавалі, убачылі гэтыя цэнтры. Ніводнага паляка там няма. Гэта толькі тэрыторыя. Там усе амерыканцы сядзяць — разумныя, таленавітыя, здольныя людзі. (…) Вось вы стварылі, вы качаеце, вы ўмешваліся ў чужыя выбары, вось атрымалі самі. Гэта ім, разумееце, папярок горла Беларусь, трэба скамячыць. Не ўдасца!» 

У канцы 2020-га Сенат ЗША зацвердзіў Джулі Фішар паслом у Беларусі. Аднак перыяд пацяплення скончыўся, і беларускія ўлады не далі ёй візы. Дыпламат вымушаная была працаваць у Вільні.

Каментары4

  • Адказваю
    01.12.2024
    где спросить? , русскій мір заўсёды там быў і будзе. А паколькі на Беларусі вас рускамірных большасць, то гэта яе прадказальны стан.
  • вот ответ
    01.12.2024
    Простая, колхозная демагогия. И так 30 лет, пытается втереть народу
  • Гигин
    01.12.2024
    Моська о Слоне.

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →