Беларусам з «чорнага спіса» не дазволілі згуляць за расійскі «Урал» у Барысаве — Трыбуна
Беларусы Ягор Філіпенка і Дзяніс Шчарбіцкі, якія гуляюць за «Урал» (Екацярынбург), не змаглі выйсці на поле супраць зборнай клубаў чэмпіянату Беларусі ў таварыскім матчы, які прайшоў на «Барысаў-Арэне» ў нядзелю.
Паводле інфармацыі «Трыбуны», пасля прыбыцця ў Беларусь «Уралу» перадалі, што гульцы не павінны ўдзельнічаць у матчы з-за распараджэння міністра спорту Сяргея Кавальчука.
Клубу нагадалі, што Дзяніс і Ягор — непажаданыя персоны для рэжыму. Абодва гульцы знаходзяцца ў «чорным спісе» Мінспорту, з-за чаго Шчарбіцкі з сакавіка па ліпень 2023-га ўвогуле трэніраваўся з БАТЭ без кантракту.
Аднак пра перададзеную «Уралу» інфармацыю даведаўся старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў — ініцыятар прылёту «Урала» і праціўнік «чорнага спіса». Па звестках «Трыбуны», функцыянер сам звязаўся з «Уралам» — і сказаў, што каманда можа выстаўляць на гульню ў Барысаве такі склад, які палічыць патрэбным, у тым ліку і ўключаць у яго Філіпенку і Шчарбіцкага.
Але і на гэтым гісторыя не скончылася. Ужо ў дзень матча ва «Урал» патэлефанаваў хтосьці з вярхушкі Мінспорту — і «настойліва рэкамендаваў» выканаць указанне Кавальчука. Што будзе ў адваротным выпадку, не ўдакладнялася. Але пасля размовы ў расійскім клубе прынялі рашэнне выканаць патрабаванні міністра.
Матч зборнай клубаў чэмпіянату Беларусі і «Урала» скончыўся перамогай расійскага клуба 2:1.
«Урал» трэніруе Віктар Ганчарэнка, які ўзначальваў БАТЭ з лістапада 2007-га па 2013 год і з якім шэсць разоў заваёўваў залатыя медалі чэмпіянату краіны і некалькі разоў выводзіў клуб у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
Каментары