Грамадства3737

«Злы дальнабой» адмаўляе працу на ГУБАЗіК. А што з яго мабільнымі праграмамі?

Максім Кузняцоў — беларускі дальнабойнік і ІТ-прадпрымальнік. У ім пазналі агента ГУБАЗіКа: у злітых базах сілавікоў у яго выявілі пяць падстаўных пашпартоў. Сам ён адмаўляе працу на беларускія сілавыя структуры. Выдалення імені Кузняцова з базаў даных пра агентуру рэжыму дабіваліся і некаторыя іншыя людзі. Хто гэтыя людзі? Што можна сцвярджаць на аснове наяўнай інфармацыі пра Кузняцова? І якую інфармацыю пра карыстальнікаў могуць збіраць распрацаваныя Кузняцовым мабільныя праграмы, якія на розных платформах спампавалі каля 120 тысяч разоў? 

Максім Кузняцоў. Архіўнае фота: hrodna.life

Хто такі Максім Кузняцоў

42-гадовы Максім Кузняцоў з Гродна. У мужчыны з 2003 па 2014 гады было ІП, якое займалася продажам, мадэрнізацыяй і рамонтам камп'ютараў. Пасля гэтага мужчына заняўся грузаперавозкамі і выехаў у ЕС.

Там ён пачаў весці ўласны блог, які назваў «Злы дальнабой». Мужчына даволі вядомы ў Гродне і мае адзін з найбольшых рускамоўных каналаў па тэме: 94 тысячы падпісчыкаў на ютубе, вялікая супольнасць у інстаграме.

Кузняцоў разам з камандай стварыў праграму «AntiBAG Тахограф». Праграма сочыць за тым, каб кіроўца не парушаў заканадаўства — не перавышаў хуткасць і дастаткова адпачываў. Гэта дазваляе пазбягаць штрафаў. А нядаўна «AntiBAG Тахограф» займеў і беларускую версію.

Скрыншот праграмы «AntiBAG Тахограф». Фота: hrodna.life

Максім Кузняцоў расказаў «Нашай Ніве», што на ўсіх платформах праграму спампавалі больш 120 тысяч чалавек і ён атрымаў з гэтага больш за мільён даляраў, з якіх 30% былі выдаткі. То-бок, чыстага прыбытку некалькі соцень тысяч даляраў.

У яго ёсць і іншыя прадукты для кіроўцаў, напрыклад, «Дэтэктар калейкі», які сігналізуе пра тое, што чарга рухаецца. Ён таксама мае тысячы спампоўванняў.

Таксама з лютага 2021-га Максім запусціў «Лічбавы прафсаюз кіроўцаў». Сутнасць праекта такая — вы плоціце ўступны ўнёсак і прафсаюзныя ўнёскі ў некалькі даляраў штомесяц, а ў выпадку, калі ў вас узніклі працоўныя праблемы, прафсаюз дапамагае іх вырашаць.

Пачаўся праект з таго, што ў Іспаніі кіроўцам пачалі падкідаць наркотыкі ў грузы, а Максім разам з падпісантамі дапамагаў ім. Прафсаюз зроблены для таго, каб аўтаматызаваць гэты працэс.

Грошы з унёскаў ідуць у супольны фонд, а пасля размяркоўваюцца сярод тых, хто мае патрэбу. Рашэнні прымаюцца галасаваннем — людзі разбіраюць кейс і супольна галасуюць за тое, ці варты выпадак салідарнасці. Галасаванне адкрытае, каб кожны мог спытацца ў іншых пра іхнія перасцярогі.

Прафсаюз аб'ядноўвае цяпер амаль 2800 чалавек з усяго свету. Каб беларусу ўступіць у прафсаюз, трэба мець гугл-акаўнт іншай краіны. У Беларусі за стварэнне незарэгістраванага прафсаюза пагражаюць доўгі тэрмін турэмнага зняволення, у Еўрасаюзе ўдзел у незалежных прафсаюзаў — права кожнага.

Неўзабаве рыхтуецца абнаўленне функцыяналу прафсаюза — туды дададуць навінавы блок, блок з вакансіямі і «шмат што яшчэ», як кажа Максім. Плануецца зрабіць цэлую экасістэму для дальнабойнікаў.

Таксама Максім з камандай распрацоўваюць яшчэ два праекты — праграму з навігацыяй і праграму, якая будзе дапамагаць дальнабойнікам шукаць зручныя паркінгі на шляху. Гэта будзе рабіцца з дапамогай штучнага інтэлекту і кіроўца будзе ведаць, што ёсць на паркінгу і ці запоўнены ён.

Тое самае і з навігацыяй, плануецца, што яна будзе выдаваць актуальныя маршруты праз тое, што мае актуальныя даныя пра іх з розных крыніцаў — гэта зручна для кіроўцаў, бо часта папулярныя праграмы навігацыі заводзяць іх у пасткі. Ананімныя звесткі для картаў і паркінгаў ужо сабраныя.

У сваім блогу мужчына перыядычна закранае і палітычныя тэмы. Максім Кузняцоў падтрымаў рух са свабодныя выбары ў 2020-м, выпусціў пару відэа ў падтрымку пратэстаў. Таксама Кузняцоў займае антыпуцінскую пазіцыю і падтрымлівае Украіну. Дык у чым жа яго вінавацяць?

«Ларыскор» і агенты

У маі 2022 года выйшла расследванне «Байпол» пра агентаў, якія працуюць на Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Арганізацыяй, якая выкарыстоўвалася для іхняга прыкрыцця і легендавання дзейнасці, праз якую выплочваюцца ганарары за агентурную дзейнасць назвалі дзяржаўную праектную ўстанову «Ларыскор».

Паведамлялася таксама, што платных агентаў бывае тры віды: агенты, рэзідэнты і «трымальнікі явачных памяшканняў». Рэзідэнты кіруюць агентамі, а «трымальнікі памяшканняў» здаюць сілавікам у арэнду свае кватэры або іншыя плошчы для таго, каб там маглі збірацца агенты і супрацоўнікі МУС.

Пасля гэтага ўсе адрасы меркаваных працаўнікоў «Ларыскора» былі апублікаваныя і нанесеныя на «Чорную мапу акупантаў». Апынулася там і імя Максіма Кузняцова. Як расказаў у сваім расследаванні «Белсат», згодна з базай Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якая ёсць таксама ў «Кіберпартызанаў», з 2007-га па 2013-ы мужчына быў супрацоўнікам «Ларыскора».

Скрыншот з базы «Кіберпартызанаў» з месцамі працы беларусаў

Згодна са злітай базай АІС «Пашпарт», якая ёсць у «Кіберпартызанаў», у мужчыны ажно пяць розных пашпартоў прыкрыцця, тры з якіх выдадзеныя ў адзін дзень. Па адным з пашпартоў, згодна з базай перасячэнняў мяжы, двойчы выязджалі ў Літву і назад — 26 красавіка 2011 года.

Скрыншот з базы, якой карыстаюцца «Кіберпартызаны». Нейрасетка кажа, што падабенства фота ў базах і фота самога Кузняцова — больш за 99,8%.

Пашпарты, якія прыпісваюцца Кузняцову, былі зробленыя ў перыяд, калі ён быў, згодна з базай ФСАН, працаўладкаваны ў «Ларыскоры».

Паказаныя і сумы заробкаў у «Ларыскоры», якія ёсць у злітай базе ФСАН. За год мужчына, як сцвярджаецца, зарабляў да дзвюх тысячаў даляраў. Ці супрацоўнічаў Максім з сілавікамі пасля 2013-га, як ён перастаў працаваць у «Ларыскоры», невядома — Максім сам катэгарычна адмаўляе, што такое супрацоўніцтва ўвогуле было.

Працаваць у Еўропе ў грузаперавозках ён пачаў ужо пасля гэтага часу, як па базе ФСАН, гэтак і з ягоных словаў. А канал «Злы дальнабой» з'явіўся ў 2014-м, праз год пасля сканчэння меркаванай працы ў «Ларыскоры».

З сюжэта, які выпусціў тэлеканал «Белсат», дадаліся новыя дэталі. Там сцвярджаецца, што Кузняцоў працаваў «у пары» з губазікаўцам Сяргеем Навагранам. Таксама гаворыцца, што Кузняцоў у 2017-м выязджаў за мяжу на ўласным аўтамабілі разам з Навагранам і яшчэ адным губазікаўцам, Іванам Саковічам. Па інфармацыі з базы перасячэнняў мяжы, атрыманай «Нашай Нівай», Навагран і Кузняцоў выязджалі разам ў Літву як мінімум тройчы — у сакавіку 2016-га, у студзені і маі 2017-га, гэта значыць, пасля таго як скончылася афіцыйная праца Кузняцова на «Ларыскор».

Выразка з табліцы з базы перасячэнняў мяжы, якой карыстаюцца «Кіберпартызаны»

Яшчэ цікавы момант: калі верыць базам «Кіберпартызанаў», разам з Кузняцовым і двума афіцэрамі ГУБАЗіКа ў маі 2017-га за мяжу выязджаў нейкі Іван Л. У мінулым, у 2011 годзе, ён быў фігурантам крымінальнай справы аб хабары — ён спрабаваў завезці ў Беларусь кантрабандныя цыгарэты. Расследвала яе КДБ і, згодна з інфармацыяй са злітых базаў, па справе быў пастаноўлены абвінаваўчы прысуд.

Белсат у сваім матэрыяле вінаваціў Наваграна, што той некалі быў замяшаны ў кантрабандзе цыгарэтаў праз мяжу.

Скрыншоты з базы «Кіберпартызанаў»

Стрымы пра Азарава і просьбы пра выдаленне

Пасля з'яўлення ў чэрвені 2022 года інфармацыі пра тое, што Кузняцоў працаваў у «Ларыскоры» і з'яўлення ягоных звестак на «Чорнай мапе акупантаў», у бот удзельнікаў праекта пачалі пісаць розныя людзі. Усе яны прасілі выдаліць звесткі пра Кузняцова і казалі, што адбылася нейкая памылка.

Усім спачатку было адмоўлена.

Паралельна Максім пачаў «мачыць» беларускую апазіцыю. Асабліва дасталася кіраўніку «Байпола» Аляксандру Азараву — Кузняцоў казаў, што інфармацыю пра яго злівалі падпісанты, сярод якіх ён назваў блогера «Асцярожна, Вірус» і дальнабойніка з канала «Амерыка без прыхарошанняў».

Акрамя інфармацыі пра тое, што ён збіваў людзей у сваім кабінеце, ён называў Азарава клоўнам і «ідыётам», а таксама вінаваціў яго ў тым, што ён злівае звесткі беларусаў спецслужбам.

Скрыншот з відэа «Палітычны бульбасрач» з каналу «Злы дальнабой»

У адным з ужо выдаленых відэа Максім называе беларускую апазіцыю «парашай», Ціханоўскага вінаваціць у абразах Лукашэнкі, а таксама сцвярджае, што «Пуцін, магчыма, развязаў вайну ва Украіне, бо яго ўкраінцы называлі х***м» і яго гэта «крыўдзіла». Ціханоўскую ён вінаваціць у агентурнай працы на рэжым Лукашэнкі — насамрэч гэта бяздоказнае і хлуслівае сцвярджэнне.

Бабарыку называе «гаўляйтарам Расіі», Ціханоўскага — чалавекам, які не мае ані падрыхтоўкі, ані розуму для кіравання дзяржавай, а Цапкалу — найлепшай кандыдатурай на прэзідэнта сярод кандыдатаў у 2020-м. Таксама ён казаў, што Бабарыка быў папулярны за кошт ботаў, закупленых на расійскія грошы і, быццам, усё гэта даследвана і адсочана, — яшчэ адно бяздоказнае сцвярджэнне.

Увогуле, такіх гучных заяваў там дастаткова.

Кузняцоў выдаліў гэтыя стрымы пасля размовы з Азаравым: той пераправерыў факты біяграфіі Кузняцова і прыйшоў да высновы, што Кузняцоў недатычны да рэпрэсіяў.

«Белпол» і «Байпол»: версіі розныя

Вось што расказалі «Нашай Ніве» прадстаўнікі ініцыятывы «Белпол» наконт Кузняцова і сілавікоў, якія згадваюцца ў расследванні «Белсата».

«Сяргей Навагран — былы губазавец, на апошняй пасадзе быў кіраўніком 3-га аддзела ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці, падпалкоўнік міліцыі, звольнены ў сувязі з праступкам, прадугледжаным кантрактам. Іван Саковіч — супрацоўнік 2-га аддзела 9-га ўпраўлення па Гродзенскай вобласці. Пасля 2-га аддзела Саковіч перайшоў у трэці і працаваў з Навагранам пад яго кіраўніцтвам. 

Трэці аддзел — гэта кірунак працы Міхаіла Бедункевіча, ён кіруе з Мінска. Да 2020 года 3-і аддзел павінен быў займацца тымі ж фанатамі, людзьмі, якія ваююць ва Украіне, але калі ў распрацоўку трапляла інфармацыя па іншых кірунках, таксама працавалі.

Праца ў «Ларыскоры» — гэта фактычна гарантыя, якая дакладна сведчыць пра тое, што чалавек супрацоўнічаў з сілавікамі. Таксама пра гэта сведчыць наяўнасць пяці пашпартоў прыкрыцця, такое мала ў каго ёсць.

Такія супрацоўнікі робяць тое, што трэба аперам. Калі агент выкарыстоўваецца «па волі», то хутчэй за ўсе гэта ўдзел у аператыўна-вышуковых мерапрыемствах. Напрыклад, такіх, як «аператыўнае апытанне», «аператыўны эксперымент», «праверачны закуп» і г.д.

То-бок, удзел у тым ці іншым мерапрыемстве па заданні опера для дакументавання злачыннай дзейнасці асобы ці некалькіх асоб, у тым ліку з выкарыстаннем апаратуры, якая запісвае гук і відэа. Напрыклад, можа быць заданне сустрэцца з некім чалавекам і запісаць яго, купіць наркотыкі, валюту, зброю, даць хабар і гэтак далей.

Наяўнасць пяці пашпартоў можа сведчыць у тым ліку пра тое, што кожны пашпарт быў выраблены пад асаблівыя абставіны для канкрэтных мэтаў. Выкарыстанне пашпартоў тэарэтычна павінна ажыццяўляцца толькі на тэрыторыі Беларусі.

Чаму пад адным з пашпартоў было перасячэнне мяжы з Літвой — цяжка дакладна сказаць. Можа, гэта проста злоўжыванне. А можа быць, і нейкая спецаперацыя на «нейтралцы», бо ГУБАЗіК таксама займаецца барацьбой з кантрабандай і нелегальнай міграцыяй.

Наконт таго, якім чынам і па якіх пытаннях супрацоўнічаў з сілавікамі сам Кузняцоў, нам дакладна невядома».

Аляксандр Азараў. Скрыншот з відэа BYPOL

Іншую версію мае Аляксандр Азараў, кіраўнік арганізацыі «Байпол». Аляксандр прыйшоў да высновы, што «Кузняцоў — не карнік». 

«Гэта мая праца — дапамагаць людзям. Людзі звяртаюцца і мы праводзім праверку. Менавіта таму я папрасіў яго выдаліць з «мапы акупантаў» пад маю адказнасць.

Быць карнікам і мець дакументы прыкрыцця — гэта розныя рэчы. Гэта тое самае, што былых супрацоўнікаў МУС, якія звольніліся да 2020 года, назваць карнікамі.

Навагран на той момант быў кіраўніком 2-га аддзела ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці, а не 3-га, што пацвярджаецца кнігай да 20-годдзя ГУБАЗіК і базамі. То-бок, «працаваў» па арганізаванай злачыннасці. Мы сапраўды пісалі «Чорнай мапе акупантаў», двойчы — спачатку таму, што ў нас з'явілася аператыўная інфармацыя пра тое, што ён можа быць агентам і працаваць па палітычных, а пасля таму, што гэтая аператыўная інфармацыя не пацвердзілася.

Спецслужбы ўсяго свету выкарыстоўваюць агентаў для таго, каб раскрываць злачынствы і ахоўваць грамадства. У новай Беларусі мы даведаемся шмат імёнаў тых герояў, якія працавалі ўнутры карнай сістэмы, у якую ператварылі МУС, але сапраўды раскрывалі злачынствы і дапамаглі людзям.

Людзі ў супрацы з органамі нават не па палітыцы звычайна самі не прызнаюцца. Гэта пытанне Максіма, што казаць, я не магу на яго паўплываць. Але я лічу, што ў карных аперацыях рэжыму ён не ўдзельнічаў».

Хто прасіў выдаліць Кузняцова з баз?

Калектыў «Чорнай мапы акупантаў» (ЧМА) згадвае, ад каго прыйшла першая просьба выдаліць Кузняцова з пераліку агентаў. 12 ліпеня 2022 года такі запыт прыйшоў ад бота «Чорнай кнігі Беларусі».

«Яны папрасілі яго выдаліць, спасылаючыся на просьбу ад чалавека са штаба Святланы Ціханоўскай».

Скрыншот просьбы ад «Чорнай кнігі Беларусі» да «Чорнай мапы акупантаў» ёсць у «Нашай Нівы».

«У той жа дзень мы звярнуліся да Аляксандра Азарава з пытаннем пра Максіма, — расказалі ў ЧМА. — Ён адказаў, што выпадак нестандартны і трэба разбірацца, а выдаляць з мапы яго не варта. Пакуль было разбіральніцтва, то пісалі яшчэ людзі, якія прасілі выдаліць яго з мапы. Вельмі актыўны быў у гэтай справе Сяргей Вялічка». 

Вялічка — выхадзец з Гродна, як і Кузняцоў. У матэрыяле «Белсат» сцвярджаецца, што Вялічка спасылаўся на Святлану Бабінцаву, былую прадстаўніцу Офіса па юрыдычных пытаннях.

«Наша Ніва» запыталіся ў Святланы Бабінцавай, што яна ведае пра гэта. Бабінцава расказала, што пра Максіма Кузняцова зусім нічога не ведала. Сяргей Вялічка проста папрасіў у яе кантакт Юльяны Шэметавец, прэс-сакратаркі «Кіберпартызанаў». Яна запыталася ў Юльяны пра тое, ці можна перадаць яе кантакт, таму магло скласціся ўражанне, што Святлана ведае, пра каго і пра што пойдзе гаворка — але проста так перадаць кантакт яна не магла, таму распавяла Юльяне, што Сяргей Вялічка просіць кантакт.

Адкуль узялася згадка на яе ў матэрыяле «Белсата», Бабінцава не ведае. Бабінцава даведалася пра тое, хто такі Кузняцоў, з матэрыялу «Белсата». Аніякай пратэкцыі, па яе словах, мужчыне яна не аказвала і не магла гэтага рабіць. Гэтую інфармацыю нам пацвердзіла і сама Юльяна Шэметавец.

Сяргей Вялічка на запыт «Нашай Нівы» ў тэлеграме «Ці сапраўды вы прасілі пра выдаленне інфармацыі пра Кузняцова? Калі так, то чаму?» адказваць не стаў.

Найлепшая абарона — гэта напад?

Пакуль ішло расследаванне, новыя і новыя зласлівыя відэа ад «Дальнабоя» з'яўляліся на ягоным канале.

«У пачатку верасня 2022-га Азараў напісаў нам, што Кузняцоў дакладна агент рэжыму і працуе на 9-е ўпраўленне ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці, раней працаваў па наркотыках, а цяпер — па палітыцы. Інфармацыя адразу была адлюстраваная на мапе», — расказалі нам у ЧМА.

Прыкладна ў кастрычніку 2022 года Максім Кузняцоў сустрэўся з Аляксандрам Азаравым у Варшаве. Пасля гэтага Азараў папрасіў ЧМА выдаліць Кузняцова з мапы з фармулёўкай «ён не звязаны са злачынствамі рэжыму» і, маўляў, ён свой.

Такая змена падыходу выклікала ў ЧМА пытанні, таму спачатку з мапы Кузняцова не выдалялі.

«На наступны дзень Азараў напісаў яшчэ раз, а на наша неразуменне адказаў, што Кузняцоў бяспечны чалавек. Прычынаў не давяраць «Байпол» на той момант не было, гэта было да скандалаў і расколаў. І было вырашана не выдаляць яго, а схаваць з мапы да высвятлення новых абставінаў», — расказваюць у ЧМА.

Прадстаўнік ЧМА адзначае, што менавіта на Азарава ліліся тоны абразаў і пагрозаў ад Кузняцова, пакуль інфармацыю не выдалілі.

«Але ў любым выпадку вельмі дзіўна, што Аляксандр так рэзка памяняў меркаванне пасля сустрэчы і не зразумела, якую менавіта інфармацыю яму паведаміў Кузняцоў», — кажуць у ЧМА.

На думку стваральніцы праекта «Карнікі Беларусі» і «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, што Кузняцоў цяпер вядзе сябе так, як і губазікавец Артур Гайко, калі ў ЧКБ сталі падазраваць, што ён агент.

Яніна Сазановіч. Фота: «Радыё Свабода»

«Калі яму [Гайко] Даніла Багдановіч кінуў ягонае фота і абвёў сем ідэнтычных радзімак на твары, ён адказаў, што гэта святло так падае і таму падаецца, што гэта ён. 

І яшчэ — усе людзі нармальна прабіваюцца па базах, пра ўсіх звесткі дакладныя, а аднаго Кузняцова так хітра падставілі ў той час, калі нават сам рэжым дакладна не ведаў якія базы будуць у «кібераў»? Мне ў гэта слаба верыцца», — кажа Сазановіч.

Максім Кузняцоў. Фота са старонкі Укантакце «Злой Дальнабой»

Кузняцоў: «Пакажыце мне чалавека, якому я ў жыцці зрабіў дрэнна»

Сам Максім Кузняцоў абвінавачванні ў працы на беларускую міліцыю катэгарычна абвяргае.

Інфармацыю з базы пашпартоў Кузняцоў называе «таблічкамі, скляпанымі наспех у «эксэлі».

«Я магу зрабіць такое пра каго хочаце. Узятыя фотаздымкі з розных базаў і скляпаныя ў адну табліцу», — сказаў ён карэспандэнту «Нашай Нівы».

Таксама Максім кажа, што ён мае вялікія сумневы і ў «Кіберпартызанах». «Вы ведаеце, хто такія «Кіберпартызаны» і які іхні інтарэс? Ці не кіруюць імі самімі спецслужбы? Бо іхнія звесткі з'яўляюцца калі трэба і калі трэба знікаюць. Калі яны такія прынцыповыя, а я агент ГУБАЗіК, то чаму тады выдалілі інфармацыю пра мяне? Бо Азараў пальцам прыгразіў?» — задаецца пытаннямі Кузняцоў. Насамрэч, няма падстаў сцвярджаць, што «Кіберпартызанамі» кіруюць спецслужбы, няма фактаў, якія б давалі падставу так думаць.

Кузняцоў расказвае, што, як толькі інфармацыя пра яго з'явілася на «Чорнай мапе акупантаў», «мне падключылі смс-бомбер і я не мог карыстацца тэлефонам, які проста разрываўся ад бясконцых смс».

Кузняцоў звярнуўся ў ЧМА з просьбай выдаліць інфармацыю пра сваю супрацу з МУС.

«Спачатку мне прапанавалі прызнацца ў супрацоўніцтве з сілавікамі, маўляў, тады выдалім. Пасля сказалі, што хочуць відэаінтэрв'ю — прабачце, яно грошай каштуе, у мяне ёсць рэкламныя бюджэты, я не збіраюся займацца лухтой, — кажа Кузняцоў. — Мне перадалі, што Азараў дае каманду на тое, каб мяне адтуль не выдаляць».

Па словах Кузняцова, ён вырашыў, што «калі яны мне робяць непрыемнасці, то і я буду рабіць ім такую контрпрапаганду. І гэта падзейнічала».

Кузняцоў дадае, што ў выніку яны з Азаравым «селі і паразмаўлялі як нармальныя людзі», пасля інфармацыя пра яго датычнасць да ГУБАЗіК знікла з «Мапы акупантаў».

«Проста пакажыце мне чалавека, якому я ў жыцці зрабіў дрэнна — пакуль толькі дапамагаю, вяду прафсаюз, дастаю людзей з турмаў. Аніякіх доказаў таго, што я зрабіў нейкую шкоду папросту няма, — кажа Кузняцоў. — А інфармацыя пра тое, што я агент ГУБАЗіК, пад сабой не мае аніякага грунту».

«Адэкватныя людзі мяне падтрымліваюць. Усю шкоду робяць хэйтары», — кажа ён (размову з карэспандэнтам «Нашай Нівы» цалкам блогер выклаў у сябе на ютуб-канале).

Максім у перадачы «Пін Код» на Беларусь-2 у лютым 2020-га. Скрыншот з каналу «Злы дальнабой»

Юра з «Фенікса»

Максім Кузняцоў лічыць, што інфармацыю пра яго рассылае кіраўнік аўташколы «Фенікс» у Варшаве.

«Некалі яны хацелі купіць рэкламу ў маім канале, але паколькі па рэкламе я заключаю толькі гадавыя кантракты, яны былі нязгодныя. Пасля, я так разумею, нейкія хэйтары, зрабілі маю фэйкавую старонку і пачалі пісаць гэтаму Юру абразы.

А я гэтага Юру ў вочы не бачыў. І пачаў мне пагражаць, што ён заб'е маю жонку, што ён яе згвалтуе (размову Максім выклаў у свой канал, такія пагрозы там сапраўды ёсць. — НН). Я таго Юрыя папярэджваў некалькі разоў, але на трэці раз я запісаў нашу размову і выклаў у сваю групу, напісаўшы, што ў яго ёсць шанс выбачыцца.

(…) А Юра наняў адваката, бо яму пагражае крымінальная справа. І цяпер бегае па ўсіх групах, піхае гэты паклёп і фаташопны здымак маіх «пашпартоў». А таксама сцвярджае, што я з яго вымагаю грошы за тое, каб забраць заяву з паліцыі. Цяпер я падам на яго заяву за гэта, бо гэта паклёп».

Кузняцоў заявіў, што збіраецца таксама падаваць заяву ў паліцыю Польшчы пра паклёп адносна матэрыялу «Белсата». 

Варта адзначыць, што Кузняцоў цяпер пражывае ў Польшчы.

«Мог бы тэарэтычна ўзмацніць лагер апазіцыі»

Кузняцоў называе сітуацыю спланаванай атакай на яго. «Ці не для таго, каб я не з'яднаўся з апазіцыйнымі сіламі? Я дасведчаны блогер, маю шмат падпісантаў і мог бы тэарэтычна ўзмацніць лагер апазіцыі».

Блогер кажа, што ў 2020-м падтрымаў пратэст.

«Выкладаў відэа пра пратэсты, адно з якіх называлася «Згвалтаваная Беларусь», яны былі даволі рэзанансныя. Пасля я іх схаваў, бо там былі відэа з пратэстаў і мне прыляцелі страйкі за аўтарскія правы, мне ледзь не «паклалі» канал. Цяпер гэтыя відэа даступныя толькі па спасылцы. Усе, каму трэба, мае падпісанты, гэта паглядзелі. Вы разумееце, што пасля гэтага на мяне было ўздзеянне і мне абяцалі за гэта шмат непрыемнасцяў», — кажа Кузняцоў.

Скрыншот з праграмы «Лічбавы прафсаюз кіроўцаў», дзе прымалася рашэнне пра дапамогу Украіне. Фота: t.me/zlojdalnoboy_official

«Пасля пачатку вайны я называў рэчы сваімі імёнамі. Наш прафсаюз выдзяляў грошы бежанцам з Украіны, мы збіралі ім гуманітарную дапамогу. І на сваім канале я заўжды кажу, што калі нехта тут падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны, то ведайце, што вас тут ніхто не паважае, — працягвае Кузняцоў.

«Я цяпер стала жыву ў Варшаве. У мяне і жонка полька, і дзеці нарадзіліся, — расказвае Кузняцоў. — З сям'ёй мы выехалі з Беларусі ў 2021-м, яшчэ перад вайной, я кватэру прадаў, мяне нічога з Беларуссю не звязвае. У Беларусі мы былі апошні раз перад вайной», — сказаў Кузняцоў «Нашай Ніве».

Варта адзначыць, што ў другой гутарцы з «Нашай Нівай» Максім Кузняцоў казаў, што выехалі яны адразу пасля пачатку вайны і цяпер настойвае на гэтай даце.

«Вы разумееце, што проста так не выязджаюць, узяўшы ўсё з Беларусі. З таго часу мы ўжо не вярталіся», — пераконвае Кузняцоў.

«Я цалкам фінансава незалежны чалавек, навошта мне капейкі з нейкага «Ларыскора»

Кузняцоў пераконвае, што ў праектным агенцтве «Ларыскор» ён ніколі не працаваў.

«Я цалкам фінансава незалежны чалавек і ўсё жыццё працаваў на сябе. Незразумела, навошта мне нейкія капейкі з нейкага «Ларыскора». У Гродне я спачатку меў ІП, якое займалася рамонтам, мадэрнізацыяй і продажам камп'ютараў. Пасля заняўся кіраваннем, асвойваў прафесію, пачаў весці блог «Злы дальнабой».

Я ўсё жыццё быў на «ты» з камп'ютарамі. І я разумеў, што для дальнабойнікаў шмат што можна палепшыць з дапамогай тэхналогіяў, бо на той момант усе ледзь не на паперках усё выпісвалі. У выніку, я прыдумаў канцэпты праграмаў і сабраў каманду людзей, з якой мы іх робім дагэтуль.

Кузняцоў расказвае, што ён не быў упэўнены ў поспеху распрацаваных сабой праграмаў.

«Думаў, калі рабіў тахограф, то будзе проста для мяне праграма, якая палепшыць мне жыццё і працу. Я раблю праграмы, якія, як я думаю, патрэбныя кіроўцам – і промахаў у мяне пакуль не было».

«Агулам, у гэтай сітуацыі мы толькі выйгралі, бо напярэдадні выхаду нашага новага прадукту да мяне ўзнялася цікавасць. Гэта мне на руку і я лічу, што мы з камандай дасягнулі сваіх мэтаў», — кажа Кузняцоў.

Ці могуць праграмы Кузняцова шпіёніць за кіроўцамі?

Ëсць падставы давяраць базам «Кіберпартызанаў» і «Белпола», тым больш што звесткі іх пра Кузняцова супадаюць. Невядомыя выпадкі падраблення гэтых базаў ці іхняй мадыфікацыі, тым больш такой адчувальнай інфармацыі, як супрацоўніцтва са спецслужбамі.

У той жа час звестак пра тое, што Максім Кузняцоў удзельнічаў у рэпрэсіях або спрыяў рэпрэсіям, у публічным полі няма. 

Хоць сам Кузняцоў абвяргае факты сваёй працы на сілавыя структуры Беларусі, з базаў вынікае, што Кузняцоў сапраўды працаваў на Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і, больш за тое, нават пасля сканчэння перыяду яго працы на «Ларыскор», установу для прыкрыцця такой супрацы, ён як мінімум тройчы выязджаў за мяжу ў адной машыне з афіцэрамі ГУБАЗіКа. 

У такой сітуацыі паўстае пытанне, ці могуць мабільныя праграмы, распрацаваныя Кузняцовым, шпіёніць за кіроўцамі, ці могуць з дапамогай іх збіраць інфармацыю пра кіроўцаў, іх маршруты і іх дзеянні ў тэлефонах? 

«Каб зразумець, ці збірае нейкая праграма звесткі на сервер яе распрацоўшчыка і, калі так, то куды іх перадае, трэба аналізаваць яе, — сказаў «Нашай Ніве» юрыст, які папрасіў не называць ягонага імені. — Я не тэхнічны спецыяліст, але разумею так, што праграма пытаецца пра дазвол на доступ, а ўжо што будзе рабіць праграма далей з атрыманай інфармацыяй — іншая справа. Бывае так, што праграма просіць дазвол на нешта, але выкарыстоўвае гэтую інфармацыю толькі на прыладзе і далей нікуды не перадае. 

Сказаць, ці ёсць перадача звестак з прылады, ці не, можа толькі эксперт у гэтай галіне. Гэта робіцца альбо праз аналіз трафіку праграмы, альбо праз аналіз яе зыходнага коду.

То-бок, тэхнічна гэта магчыма, але зліў звестак будзе парушэннем GDPR, калі мы кажам пра ЕС, або іншых законаў, калі гаворка пра іншыя краіны. Калі ўявіць тэарэтычна, што нейкая кампанія зліе інфармацыю беларускім спецслужбам, то ёй сапраўды можа пагражаць адказнасць па GDPR. Гэта будзе вялікі скандал, але такая адказнасць можа наступіць толькі тады, калі нехта паскардзіцца у наглядны орган нейкай еўрапейскай краіны і пры гэтым будуць неабвержныя доказы», — кажа юрыст.

«З аднаго боку, калі праграма напісаная з закрытым зыходным кодам, то яна можа рабіць што заўгодна. Карыстальнік ніякім чынам не можа гэта зразумець. З другога боку, у крамах праграмаў, як Google Play або App Store, ёсць правілы наконт абыходжання са звесткамі карыстальнікаў. Яны праходзяць праверкі, — тлумачыць спецыяліст па кібербяспецы Мікалай Кванталіяні. — Тое, якім чынам гэтыя праверкі праходзяць — гэта пытанне да Google і Apple». 

У выпадку з праграмамі «Злога дальнабоя» для Apple выкарыстоўваецца стандартная палітыка прыватнасці, а ў выпадку з Google можна паглядзець, якія звесткі праграма дэкларуе, што збірае — месцазнаходжанне, логі і для некаторых прадуктаў таксама фота. 

З Google Play штогод выдаляюцца мільёны праграмаў, якія парушаюць правілы, праграмы выдаляюцца і з AppStore. 

«Нельга даваць непатрэбных дазволаў мабільным праграмам, калі яны ў вас іх просяць», — нагадвае Мікалай Кванталіяні базавае правіла кібербяспекі.

Калі вы ведаеце на гэтую тэму больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста. 

А калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагчы нам можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • mikola
    08.10.2023
    А я працую і гэтым ганаруся! Здаваў усіх як сцеклатару
  • Тупы Дзіма
    08.10.2023
    Ноўнэйм , Ну і я працую і буду працаваць! Што ты мне зробіш?
  • Паліграф
    08.10.2023
    Дальнабоі праз аднаго агенты кгб-фсб, іх ўсіх трэба праверыць на паліграфе

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →