«Я думаў, ён у Польшчы з усімі». Яўген Крыжаноўскі асвойвае тыкток — здымае ролікі пра лецішча і «блогера» Пячонкіна
Ці памятаеце Яўгена Крыжаноўскага з тэатра «Хрыстафор»? Цяпер беларускі комік знайшоў сабе новы занятак — ён робіць ролікі ў тыктоку і збірае тысячы праглядаў. Мы вывучылі, што посціць Крыжаноўскі.
У тыктоку Яўгена 34 тысячы падпісчыкаў — грунтоўна, асабліва калі ўлічыць, што на сваім ютуб-канале ён не дабраўся і да 1500 падпісантаў.
Больш за 20 відэа на старонцы Крыжаноўскага знятыя ад асобы выдуманага героя — Мікалая Пячонкіна. Гэта сталы мужчына, які носіць велізарныя круглыя акуляры і кашулі — нічога з гэтага яму не пасуе. Пячонкін размаўляе на трасянцы, у яго ёсць жонка Марына, якая забараняе яму наведваць краму, дзе раней Мікалая падманулі.
Пячонкін прызнаецца, што раней вучыўся ў спецінтэрнаце для «ўдаронных дзяцей», і расказвае, што, калі яго нараджалі, павітуха ўпусціла яго галавой на зямлю, і праз гэта ён «інвалід на галаву трэцяй ступені». Таксама герой Крыжаноўскага пужаецца слова «блогер» — спачатку яму падалося, што яно роднаснае слову «блохі», называе практолага «рактолагам», а жонка Пячонкіна прапануе яму быць на агародзе пудзілам — галоўнае не забыць панаму.
Але не Пячонкіным адзіным. Амаль што 214 тысяч праглядаў на тыктоку Крыжаноўскага мае кароценькі ролік, зняты зусім нядаўна. Дзеянне відэа адбываецца ў краме: Яўген бярэ ў рукі пляшку гарэлкі, радасна ўсміхаецца і працягвае выбіраць алкаголь, але потым бачыць аб’яву, што «1 верасня — дзень цвярозасці», расчаравана ставіць пляшку назад і сыходзіць з крамы.
Пры канцы чэрвеня акцёр выпусціў ролік пра наведванне баранавіцкага парка жывёл «Дыпрыз». Там ён цалуе казу і расказвае ёй, што яго «таксама мала кормяць», але казе быццам жыць лепей, бо ёй не трэба заробак і пенсія. А таксама паказвае драўляны псеўдатуалет з манекенам і кажа, што гэта «як у дзяцінстве».
Улетку Крыжаноўскі захапіўся здымкамі ролікаў на сваім лецішчы. Напрыклад, ён з гонарам паказваў свой надзел і апавітую дзікім вінаградам душавую («адчуваеш сябе недзе на Таіці пад пальмамі, нечым такім прыгожым, пад вадаспадам»), і запісвае відэа пра тое, як угаворвае котку саступіць яму месца ў гамаку. Апошні на сёння ролік з лецішча Крыжаноўскі запісваў проста ў плаўках у гумавым басейне.
У такой творчасці Крыжаноўскага багата прыхільнікаў. Вось некалькі каментароў з-пад яго відэа:
«Ой ну не магу:) Ад смеху плачу. Чакаю вашых відэа з вялікім задавальненнем:) Гэта свята для настрою. Дзякуй вам»
«Брава АРТЫСТУ! Настолькі перадае перажыванні (роля) Пячонкіна, іншы раз думаеш, як яму дапамагчы парадамі, віват!»
«класны мужык, у Маскве з ім фоткаўся»
«я думаў, ён у Польшчы з усімі»
«Як жа я вас абажаю:) Сустракаліся мімалётам у Александрыі, Вы такі галантны, прыемны мужчына:) Што ў жыцці, што на экране:)»
Знайсці негатыўныя водгукі на старонцы Яўгена складана – іх у дзясяткі, калі не ў сотні разоў менш, чым кампліментаў у бок акцёра. Мусіць, гэта абумоўлена ў тым ліку і павагай да дабрадушнага беларуса, а магчыма, да яго тыкток-старонкі проста дабіраюцца толькі найбольш адданыя фанаты. Аднак некалькі каментароў незадаволеныя (ці не цалкам задаволеныя) гледачы ўсё ж такі пакінулі:
«Дзядзя Жэня, трошкі зацягнута, а так — клас)»
«Вы пайшлі далей за Петрасяна. У яго гідоце і ўяб….ці. Мне за Вас сорамна».
«Гэтую муд….ку нехта слухае?»
«вось толькі не зразумею, вы за чырвоных ці за белых? у нас у дзяцінстве ўсё зразумела было. А вы каго?»
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬБеларускія 1990-я: згадваем герояў эпохі
Яўген Крыжаноўскі, які браў шлюб пяць разоў: Ніводная жонка не знайшла мне замену!
Пародыя для дарослых: беларусам паказалі, чым займаюцца блогеры ВІДЭА
Каментары