23 верасня пройдзе першы ў гісторыі Еўрапейскі дзень фальклору. Паўдзельнічаць у ім могуць і беларусы
Еўрапейскі дзень фальклору 2023 — гэта пілотны праект, дзякуючы якому ў фальклорнай супольнасці з’явіцца цяпер свая дата ў штогадовым календары. Budzma.org расказала, як далучыцца да ініцыятывы.
Ідэя праекта ўзнікла падчас дыскусій на EFN — Еўрапейскай фальклорнай сетцы. Там хацелі паказаць тую крытычную масу людзей па ўсёй Еўропе, якія так ці інакш далучаюцца да фальклорнага мастацтва.
Далучыцца да Еўрапейскага дня фальклору можа кожны. Удзел адкрыты для гуртоў, суполак, майстэрняў — адным словам, усіх, хто мае дачыненне да фальклорнай дзейнасці ў любой яе праяве.
Як паўдзельнічаць у Еўрапейскім дні фальклору?
- прасцей за ўсё — запісаць відэа з вашым выкананнем, загрузіць яго ў сацыяльныя сеткі і адзначыць тэгам #europeanfolkday;
- яшчэ адзін варыянт — правесці 23 верасня адмысловае мерапрыемства ці фестываль, які будзе абвешчаны часткай Еўрапейскага дня фальклору — для гэтага трэба запоўніць адпаведную форму на сайце праекта, і ваша падзея з’явіцца на мапе Еўропы;
- а калі вы журналіст, то можаце зрабіць у сваім СМІ адпаведныя публікацыі і таксама звязацца з арганізатарамі;
- ёсць жаданне, але няма ідэй? Пішам арганізатарам на электронную пошту і звяртаемся па дапамогу.
Як звязацца з арганізатарамі?
EFN мае невялікую каманду, якая каардынуе праект Еўрапейскага дня фальклору. Арганізатары стварылі індывідуальныя электронныя лісты на розныя запыты:
- Па пытаннях удзелу звяртайцеся да Эрыка па адрасе [email protected]
- Па пытаннях ад журналістаў і СМІ звяртайцеся да Арасэлі па адрасе [email protected]
- Па іншых пытаннях звяртайцеся да Nod па адрасе [email protected]
«Мы з нецярпеннем чакаем, што кожны далучыцца да гэтай новай агульнаеўрапейскай ініцыятывы па падтрымцы і святкаванні традыцыйнага мастацтва суполак па ўсёй Еўропе. Еўрапейскі фальклорны дзень з вамі, для вас, для нас!», — запрашае да ўдзелу каманда арганізатараў.
Ідэя фінансуецца Еўрапейскім саюзам праз праграму MusicAIRE.
Каментары