Кіроўная «Грузінская мара» запусціла працэдуру імпічменту прэзідэнту Саламэ Зурабішвілі
Кіроўная партыя «Грузінская мара» запускае працэдуру імпічменту прэзідэнту Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Прычына — візіты прэзідэнта ў Еўропу, не ўзгодненыя з урадам. Пра гэта абвясціў лідар партыі Іраклій Кабахідзэ, піша «Эхо Кавказа».
Для імпічменту прэзідэнту неабходныя галасы 100 дэпутатаў парламента. У кіроўнай партыі няма такога рэсурсу.
«Учора і пазаўчора мы неаднаразова паказвалі, што, нягледзячы на грубае парушэнне Канстытуцыі, у цяперашняй палітычнай сітуацыі імпічмент не можа быць ажыццёўлены. Для завяршэння імпічменту неабходная падтрымка 100 парламентарыяў, і таму без галасоў радыкальнай апазіцыі ў яго няма перспектывы выканання. Нягледзячы на гэта, на пасяджэнні рады партыі мы прынялі рашэнне ініцыяваць працэдуру імпічменту прэзідэнту Грузіі. Перш за ўсё гэта наша адказнасць перад Канстытуцыяй Грузіі. Ігнараванне абуральных парушэнняў Канстытуцыі падрывае вяршэнства закона і дэмакратычную канстытуцыйную сістэму, чаго мы не можам дапусціць», — адзначыў Кабахідзэ.
Ён сцвярджае, што візіты прэзідэнта «контрпрадукцыйныя», што яны могуць перашкодзіць атрыманню Грузіяй статусу кандыдата на ўступленне ў ЕС.
Раней урад не ўхваліў замежных візітаў Зурабішвілі. Нягледзячы на гэта, яна адправілася ў Берлін на сустрэчу з прэзідэнтам ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, сёння ў Бруселі запланавана сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. У адміністрацыі ўрада Грузіі заявілі, што не ўхвалілі паездкі прэзідэнта ў Германію, Украіну, Швейцарыю, Польшчу, Бельгію, Данію, ААЭ, Балгарыю, Чэхію і Ізраіль.
Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзідэнт краіны ажыццяўляе прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў замежных зносінах са згоды ўрада.
Саламэ Зурабішвілі стала прэзідэнтам Грузіі ў 2018 годзе дзякуючы падтрымцы «Грузінскай мары» і яе заснавальніка мільярдэра Бідзіна Іванішвілі. Адносіны прэзідэнта і ўрада сталі пагаршацца пасля пачатку вайны ва Украіне. Тэрмін яе паўнамоцтваў заканчваецца восенню 2024 года.
Зурабішвілі — паслядоўная прыхільніца курсу на еўраінтэграцыю Грузіі.
У Батумі зноў блакавалі расійскі турыстычны лайнер, на яго борце быў і спявак з Беларусі
Прэзідэнт Грузіі памілавала гендырэктара апазіцыйнага тэлеканала. Журналіст — адзін з самых непрымірымых крытыкаў урада
Прэзідэнтка Грузіі запатрабавала ад урада пастрожыць умовы знаходжання расіян у краіне і вызначыцца па Украіне
Каментары