Грамадства11

Падтрымаў прапанову зрабіць жывы эфір з Акрэсціна. Калегі пра асуджанага журналіста АНТ Дзмітрыя Семчанку

28 жніўня 40-годдзе адзначае былы палітычны аглядальнік і кіраўнік прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка. Некалі ласкава прыняты ўладамі журналіст сустракае юбілей у івацэвіцкай калоніі №22, куды яго накіравалі адбываць тэрмін — 3 гады зняволення. У дзень народзінаў Дзмітрыя яго сябры Наталля і Міхаіл Максімавы, якія разам з ім працавалі на тэлебачанні, і іншыя былыя калегі ўзгадваюць невядомыя факты з жыцця Семчанкі, піша БАЖ.

Дзмітрый Семчанка. Фота: сацсеткі

Тры гады калоніі — менавіта так адрэагаваў рэжым на тое, што ў жніўні 2020-га Дзмітрый публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавікоў і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Колішняму пераможцу прафесійнага конкурсу «Тэлевяршыня», лаўрэату прэстыжных прэмій сярод дзяржаўных медыя не прабачылі здрады: кідалі за краты некалькі разоў па адміністрацыйных артыкулах, пакуль не завялі крымінальную справу нібыта за распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).

З улюбёнчыка дзяржТБ Семчанка імкліва ператварыўся ў «экстрэміста» і «тэрарыста»: у чэрвені 2023 года МУС і КДБ дадалі яго ў свае спісы. Яго апеляцыйную скаргу на вырак Вярхоўны суд пакінуў без змен. Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

Кар'ера на АНТ — вынік шматгадовай працы

Дзмітрый Семчанка больш за дзесяцігоддзе адпрацаваў на тэлеканале АНТ: спачатку ў якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля — палітычнага аглядальніка.

Ён родам з Магілёва і марыў стаць гісторыкам. Але атрымаў адукацыю інжынера і па кастынгу трапіў на магілёўскае тэлебачанне, дзе па-беларуску вёў праграму пра тэхналогіі ў энергетыцы. Праз гэта Семчанку заўважылі ў сталіцы, запрасілі на АНТ.

— Ён шмат працаваў, зарабляў аўтарытэт. І працу сваю любіў, і сюжэты рабіў такія, якія цяпер ніколі не пакажуць па ТБ. Нават за тэму «Маці-328» браўся (рух яднае беларускіх бацькоў, чые дзеці асуджаныя па артыкуле 328 КК за незаконны абарот наркотыкаў), — расказвае Наталля Максімава. — І яго сюжэты рэальна дапамагалі вырашаць праблемы: людзі дзякавалі і цяпер пішуць, падтрымліваюць яго ў турме. Таму прызначэнне Дзімы ў прэзідэнцкі пул — заканамерны рост.

Прэзідэнцкі пул — прафесійная смерць журналіста

— Але ў нашым грамадстве асацыяцыя, што калі ты ў пуле, то адразу працуеш на Лукашэнку. Аднак работнікі МАЗа робяць тое ж самае: плацяць падаткі ў бюджэт і падтрымліваюць эканоміку дыктатара, — бярэ слова Міхаіл Максімаў. — Трэба разумець, як уладкавана беларускае тэлебачанне. Ты робіш сюжэты, нешта атрымліваецца, цябе пачынаюць нахвальваць і паступова ўводзяць у вушы, што з часам зможаш працаваць у пуле з прэзідэнтам, што гэта вельмі ганарова. А калі ты апынаешся там, то разумееш, што трапіў у прафесійную пастку.

Бо многія тэксты вычытваюцца і ўхваляюцца зверху. І ўсе сюжэты зводзяцца да аднаго: якая Беларусь моцная і класная, і ўсё гэта дзякуючы прэзідэнту, як беларусам з ім пашанцавала. Усё, іншых варыяцый Эйсмант не дапускае.

Плюс працавала і самацэнзура. Насамрэч пул для журналіста — прафесійная смерць. Спецыяліст там ніяк не развіваецца, робіць адно і тое ж па коле, як зомбі. Шчыра кажучы, на тэлебачанні былі адэкватныя журналісты, якія стараліся працаваць дзеля людзей, а не толькі такія, як Азаронкі, Краквіны, Пуставыя, Гладкія. Але пасля выбарчай кампаніі 2020 года кіраўніцтва канала адкрыта сказала: «Пляваць, што скажуць. У нас зараз адзін глядач, працуем на яго», — маючы на ўвазе Лукашэнку.

Міхаіл расказаў цікавую рэч пра стаўленне работнікаў дзяржтэлебачання да сваёй працы:

— Усе сюжэты пра Лукашэнку, Палату прадстаўнікоў, Саўмін супрацоўнікі паміж сабой называлі высерамі. І ніхто не абураўся, нават сам аўтар, калі хтосьці з аператараў, мантажораў, выпадковых калег такое казаў. Наадварот, смяяліся.

Самых таленавітых, асабліва амбіцыйную моладзь, падштурхоўвалі да прапагандысцкіх сюжэтаў. І паступова на многія рэчы чалавек пачынае закрываць вочы. Час праходзіць — аглядваецца, што нарабіў.

А куды падзецца? Звольніцца — і на БТ?

— Дык туды не возьмуць, бо адразу выдадуць воўчы квіток. Да таго ж бясконца, на кожнай планёрцы супрацоўнікам казалі: вы нікому не патрэбныя, вы лайно, калі вы звольніцеся, то нікуды не ўладкуецеся. І многія працягвалі працаваць, як жуйку цягнулі. А Дзіма — малайчына, што звольніўся. Амаль усе з яго пула тады затаіліся, чакалі, чым усё скончыцца, — успамінае падзеі 2020-га года спадар Міхаіл. — Потым некаторым, хто застаўся на АНТ і не падтрымаў страйку, кіраўніцтва аддзячыла: дало кватэры ў Мачулішчах і Чыжоўцы, ільготныя крэдыты.

Падтрымаў прапанову зрабіць жывы эфір з Акрэсціна

— Дзіма быў вельмі адукаваны, начытаны. Любіў расказваць факты з гісторыі Беларусі. Яго было цікава слухаць, — распавядае спадарыня Наталля. — Памятаю выпадак: яшчэ да пачатку перадвыбарчай кампаніі 2020 года мы ў ньюс-руме, дзе было шмат журналістаў, абмяркоўвалі нацыянальную ідэю, якая магла б аб’яднаць беларусаў, усходніх і заходніх, дапамагла б ім усвядоміць сябе адзіным народам.

І Дзіма намаляваў на дошцы бела-чырвона-белы сцяг, але замест чырвонай стужкі — арнамент. Мы зразумелі: гэта тое, што трэба! То-бок аб'яднаўчы сімвал быў знойдзены задоўга да падзей 9 жніўня.

10 жніўня Наталля Максімава прапанавала Дзіму зрабіць сумесны жывы эфір з Акрэсціна і расказаць, што на самай справе там адбываецца.

— А гэта агульная праца: акрамя вядоўцы, патрэбныя аператар і людзі ў студыі, якія будуць прымаць сігнал.

Я тады не да канца разумела, наколькі магу Семчанку давяраць, бо ён у пуле. А там усе не давяраюць адно аднаму, бо кожны баіцца, што яго здадуць. І хто што думае насамрэч, не заўсёды зразумела.

— Але Дзіма пагадзіўся: «Так, Наташа, я з табой, зраблю ўсё, што ад мяне залежыць». На жаль, 10 жніўня кіраўніцтва вырашыла ніякіх жывых эфіраў не даваць: напалохалася, што праўда трапіць на тэлебачанне. З таго выпадку я ведала: гэтаму чалавеку магу давяраць, што ён з нашых, — падкрэслівае спадарыня Наталля.

Па словах сяброў, Дзмітрый ганарыўся, што ён беларус, і быў фанатычна настроены наконт незалежнасці рэспублікі. Аднак шчыра лічыў, што Лукашэнка дапамагае Беларусі заставацца суверэннай, што менавіта ён утрымлівае яе ад паглынання Расійскай Федэрацыяй.

— На АНТ былі супрацоўнікі, той жа Вячаслаў Бандарэнка, які казаў «Белоруссия» і што мы — гэта частка РФ. Дык з такімі персанажамі Семчанка пераставаў мець зносіны і не працягваў ім руку, каб павітацца. І рабіў гэта абсалютна дэманстратыўна, паказваючы сваю пагарду, — прыводзіць прыклад Міхаіл Максімаў. — Яго ў Расіі называлі русафобам за тое, што крытыкаваў Жырыноўскага, Мядзведзева.

Маркаў расцаніў яго адыход як асабістую здраду

Былыя калегі расказваюць, што, калі Семчанка прыйшоў да кіраўніцтва падпісваць заяву на звальненне, у кабінеце дзве гадзіны стаяў дзікі роў: «Ты нягоднік! Не смей звальняцца! А што іншыя падумаюць?!»

— У іх быў шок. Маркаў расцаніў адыход Дзімы як здраду і як асабістую здраду. Але Семчанка не мог заставацца на АНТ пасля таго, што адбылося ноччу з 9 на 10 жніўня. Лічыў, што тады здрадзіць народу, што працаваць там надалей злачынна. І ніякія прапанаваныя пернікі не маглі яго спыніць. І гэтаксама думала велізарная колькасць людзей. Бо разам з Семчанкам у тыя дні звольніліся 70 чалавек! Гэта вельмі шмат, улічваючы, што ў штаце АНТ усяго 300 супрацоўнікаў. І гэта не прыбіральнікі, не тэхнічны персанал, а вядоўцы, журналісты. З-за чаго ў наступныя дні на тэлеканале цалкам легла ранішняя трансляцыя, суткамі круцілі «Ералаш» і нейкія архіўныя здымкі.

Большасць тых, хто тады добраахвотна адышоў з АНТ, не афішавалі свайго ўчынку. Звольнілі і тых, хто ўдзельнічаў у забастоўцы. Потым іх усіх пераследавалі, вызывалі ў Следчы камітэт. Усе былыя супрацоўнікі АНТ былі вымушаныя з’ехаць за мяжу.

Звальненне Семчанкі выклікала аграмадны рэзананс не толькі на АНТ

Адыход Дзмітрыя выклікаў аграмадны рэзананс не толькі на АНТ, але і на БТ, СТБ. Вось як апісвае тыя падзеі яшчэ адзін сведка — былы карэспандэнт дзяржТБ:

— Быў вялікі кіпіш! Усе сутаргава абнаўлялі стужку навін Tut.by, каб даведацца хоць якую свежую інфармацыю. У каго былі знаёмыя ў АНТ — тэлефанавалі калегам у надзеі пачуць абвяржэнне. На БТ усе былі збітыя з панталыку: час смуты і недаверу. Супрацоўнікі мала мелі зносін між сабой: «А раптам ён не тых поглядаў?», «А раптам раскажа?..» Трохдзённае маўчанне дзяржСМІ толькі нагнятала сітуацыю.

І вось на фоне хістанняў на БТ з'яўляецца навіна пра звальненне Дзмітрыя. Назаўтра пачыналі заскокваць у апошні вагон петыцыі да Мінінфарма ад працаўнікоў дзяржСМІ.

Наступныя сем дзён людзі адмаўляліся ад працы ці павальна ішлі ў адпачынкі, каб перачакаць «ля мора надвор'я».

— Аператары рыхтавалі страйк і ў сваім кабінеце дружна глядзелі эфір «Белсата» з пратэстаў. І менавіта ў гэты час пачалі вылазіць такія, як Ксенія Лебедзева і Марыя Пятрашка на БТ, Тур — на АНТ, Азаронак — на СТБ. 

Прынцыпова заставаўся ў Беларусі

Увесь час пасля адыходу з АНТ Семчанку паступалі сігналы аб небяспецы яго становішча ў Беларусі. Але ён упарта не хацеў эміграваць.

— У сярэдзіне 2021 года мы з мужам вырашылі тэрмінова з’язджаць, бо ГУБАЗіК ужо слаў пагрозы, сюжэты пра нас рабіў. Пыталіся ў Дзімы: «Ты ж разумееш, што не стаіць пытанне, прыйдуць па цябе ці не. Пытанне: калі?» І нават калі былі ўжо ў Германіі, у адноснай бяспецы, угаворвалі яго: «Уцякай з сям'ёй. Тут выдатная беларуская дыяспара, яна дапаможа». Але ён усё роўна адмаўляўся, казаў: «А хто застанецца, калі я з’еду?» І што гэта будзе здрада Беларусі. Жонка яго ва ўсім падтрымлівала, — адзначае Наталля. — Ён вельмі моцны духам чалавек. І верыць усім сэрцам, што сядзіць за слушную справу. Я ведаю, наколькі яму цяпер там цяжка. Але ён праходзіць гэтае пекла з годнасцю.

Галоўная каштоўнасць для Семчанкі — сям’я і дзеці

Мала хто ведае, але, нягледзячы на досыць уплывовую публічную пасаду, Дзмітрый — вельмі хатні чалавек. З працы заўсёды спяшаўся дадому, да любімых жонкі Юліі і 7-гадовага сына. Адпачываць імкнуўся толькі разам з імі. Верны муж і цудоўны тата, вельмі надзейны і прынцыповы, як сведчаць сябры. Сям’я і дзеці для яго — галоўная каштоўнасць. Дарэчы, у ліпені была 9-я гадавіна вяселля Семчанкаў. З гэтай нагоды Юлія напісала ў сацсетках шчымлівыя радкі:

«Аднойчы, калі мне было 18, Бог прынёс мне на далонях каханне. Ды не проста сапраўднае, а такое, аб якім я заўсёды марыла і верыла, што будзе. Дзе ўзаемапавага, безумоўны давер, шчырасць у кожнай размове, дзе няма «мужчынскіх або жаночых» спраў, дзе агульны і асабісты рост і развіццё. […] Аднойчы, роўна 9 гадоў таму, мы далі гэтае абяцанне адно аднаму і трымаем яго дагэтуль. Дзе б ні былі, мы ідзём гэты шлях разам. Балючы, цяжкі, камяністы, з нечаканымі паваротамі, маланкай, дажджом і градам, але ідзём».

Дзмітрый Семчанка. Фота: сацсеткі

Яны пазнаёміліся ў сацсетках. Сябры распавядаюць, што Дзмітрый любіў успамінаць іх першую сустрэчу, як запытаў у Юліі, ці верыць яна ў каханне, і як спадабаўся тады яе адказ. Спачатку сур’ёзна адно аднаго не ўспрымалі, а потым як накрыла!.. Юліі тады было 18, Дзмітрыю — 28 гадоў. Для абаіх гэты першы шлюб.

Блізкія да пары людзі расказваюць, што сваю любоў да гісторыі Беларусі і мовы Семчанка прывіў і жонцы. Разам яны любілі шпацыраваць па цікавых мясцінах. Дзмітрый у такія хвіліны ператвараўся ў натхнёнага расказчыка: сыпаў ведамі і цікавымі фактамі. І асабліва захапляўся родным Магілёвам.

Паэтычна таленавіты

Паэтычныя здольнасці Дзмітрыя выявіліся даўно. Але менавіта за кратамі, у час выпрабаванняў, у яго нарадзілася шмат прыгожых і балючых твораў. І ўсе яны напісаныя па-беларуску. Верш, прысвечаны роднай мове, шырока разышоўся па сацсетках. 

Прабач нам, Мова Родная!
Як шчанюкі бязродныя,
Мы здрадзілі табе.
Мы моўчкі назіралі,
Як маці забівалі,
Казалі, што іх дзве.
Прабач, што не крычалі,
Як школы зачынялі,
Крыўляліся з цябе.
А мы не разумелі,
Якое цуда мелі.
Засталіся ў журбе.
Мы сэрца прадавалі,
Народны код гублялi,
Боль — каранi iрваць.
Нас проста раз'ядналі.
Нас і людзьмі ня звалі,
Каб статкам кіраваць…
Але ж ня выйшла гэта!
Прачнуліся мы летам,
І зразумелі раптам: мы народ.
Не сонцам мы сагрэты,
На ўсіх адна ёсць мэта —
Краіны мары ўбачыць узыход.
Палохаюць нас мовай,
Каб зноў трымаць у палоне,
Каб зноў мільёны раз'яднаць.

Крычаць: «Заставят вас учиться!
Она нигде не пригодится.
Она вообще не ваша мать».

Прабач ім, Мова Родная,
Але мы станем годныя,
Навучым размаўляць сваіх дзяцей.
У свеце мовы розныя,
Іх ведаць — плюс для розуму,
Але свая павінна быць радней!

Увага, якая надае сэнс

У адным з лістоў на волю Дзмітрый пісаў: «Прыемная ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сённяшняму існаванню тут. Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і з бандэролькай у другой. Зразумела, каму ён будзе прысвечаны».

Таму давайце падтрымаем імянінніка лістамі з віншаваннямі і цёплымі словамі!

Пішыце яму на адрас: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Семчанку Дзмiтрыю Віктаравічу.

15 верасня 2022 года Дзмітрыя Семчанку затрымалі разам з яго жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Суддзя Яўген Пісарэвіч 23 сакавіка 2023 года асудзіў Дзмітрыя да 3 гадоў калоніі. 

Каментары1

  • даведка
    28.08.2023
    Нынешний президентский пул — это очень жалкое зрелище, где напротив пожилого и сильно распухшего Лукашенко стоят с раскрытыми ртами вчерашние студенты журфака (радийщики, печатники), вдвое-втрое моложе его.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах8

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі4

У Беларусі затрымалі грузінскага злодзея ў законе, які прарываўся з Расіі без пашпарта

Мінскае «Дынама» прайграла чацверты матч у Лізе канферэнцый ВІДЭА1

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →