Прэзідэнт Нямеччыны згадаў беларускіх палітвязняў і звярнуўся да Лукашэнкі
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасць за жыццё апазіцыйных палітыкаў Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і іншых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў зняволенні «толькі за тое, што яны заклікалі да права, свабоды і дэмакратыі».
Такую заяву зрабіў прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы ў сераду, 23 жніўня, у Берліне з прамовай, прысвечанай мастакам, апазіцыянерам і іншым людзям, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну з палітычных матываў або праз свае погляды апынуліся на радзіме ў зняволенні, піша Deutsche Welle.
«Сёння ўвечары мы думаем і пра тых, хто не знайшоў выратавання праз ад'езд, але падвяргаецца пераследу на радзіме або знаходзіцца ў зняволенні», — сказаў кіраўнік германскай дзяржавы.
Штайнмаер выказаўся і пра ўмовы ўтрымання палітвязняў у Беларусі.
«Мы ведаем, што ўмовы ўтрымання ў турме (для Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і іншых палітычных зняволеных у Беларусі) на працягу месяцаў становяцца ўсё горшымі і ўсё больш жорсткімі, што зняволеныя не атрымліваюць дастатковага медыцынскага догляду, што яны не маюць доступу да адвакацкай дапамогі і ўжо некалькі месяцаў не бачылі знаёмых», — дадаў Штайнмаер.
«Я хачу звярнуцца з выразным пасланнем у адрас кіраўніка Лукашэнкі: ваш рэжым нясе адказнасць за жыццё гэтых людзей. Мы не адводзім позірку. Мы не забываемся на Марыю Калеснікаву, і Максіма Знака, і ўсіх астатніх!» — падкрэсліў ён.
Каментары