Грамадства1111

«Мама сказала: можа, і добра, што цябе пасадзілі». Былы палітвязень пра турэмшчыкаў, асуджаных з нізкім статусам і боязь расіян

«Я і думаць забыўся, што такое ў нас было», — кажа былы палітвязень Максім Сілюк пра падтрымку суайчыннікаў. Ён адседзеў у шклоўскай калоніі 2,5 года па абвінавачанні ў блакаванні чыгункі. Згадвае, як пасля смерці Ашурка ў калоніі сталі асцярожнічаць: аднаго з супрацоўнікаў нават панізілі за свавольства. І як спрабаваў выехаць праз Калінінград, застаўлены вайскоўцамі.

Максім Сілюк. Фота: асабісты архіў Максіма Сілюка

«Няма нічога горшага, як пачынаць новае жыццё з даўгоў»

35-гадовы Максім Сілюк эміграваў з Беларусі тры месяцы таму. Цяпер у Польшчы прыстасоўваецца да мясцовых рэалій. Ён прызнаецца, што гэта даецца няпроста, бо на многія рэчы бракуе часу. Трэба вучыць мову, афармляць легалізацыю, уладкоўваць сына ў ліцэй. На пражыванне Максім зарабляе таксаваннем. 

Днямі былы палітвязень звярнуўся па фінансавую дапамогу. Збор ахвяраванняў арганізаваў фонд «Байсол». 

Максім Сілюк тлумачыць, што за час зняволення назапасіўся вялікі доўг па аліментах перад дачкой. Ёсць запазычанасць за арэнду кватэры ў Польшчы.

«Я не люблю прасіць, але быць слабым бацькам для сваіх дзяцей, быць цяжарам для сяброў і сваякоў — гэта яшчэ горш. Да 2020 года я быў паспяховым і самадастатковым шчаслівым сем'янінам. Але цяпер пачынаю новае жыццё ў новай краіне. І няма нічога горшага, чым пачынаць яго з даўгоў», — адзначае былы палітвязень.

Ілюзій пра добрае жыццё на чужыне Максім не меў. Яго ўразіла падтрымка суайчыннікаў, якія вымушана пакінулі радзіму раней за яго і стварылі цэнтры дапамогі землякам.

Сілюк кажа, што, калі быў у калоніі, не ведаў пра ўзровень кансалідацыі беларусаў за мяжою. Што яны арганізоўваюць маршы пратэсту, якія збіраюць вялікую колькасць людзей. 

«Я і думаць забыў, што такое ў нас было», — заўважае былы палітвязень.

«Лукашэнку ўдалося падзяліць народ»

Да 2020 года Максім Сілюк рабіў у Маскве менеджарам па продажах у буйной гандлёвай арганізацыі, якая збывала вырабы з металу. Там добра зарабляў.

Былы палітвязень быў далёкі ад палітыкі, але даўно прыкмеціў, што рэжым Лукашэнкі несправядліва ставіцца да народу. Жыццё яго крута змяніла выбарчая кампанія 2020-га.

Яго ўразілі людзі, якія выстойвалі даўжэзныя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзідэнцтва. Дзівіла, колькі прыхільнікаў пераменаў прыходзіла на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Калі арыштавалі Віктара Бабарыку і прадстаўнікоў яго штаба, зразумеў, што нешта ў краіне адбываецца не так.

«Прыехаў на выбары 9 жніўня прагаласаваць. Наведаўся на некалькі дзён. Думаў, прагаласую і хутка зʼеду, бо пераможам, але давялося змагацца да апошняга», — гаворыць ён.

Былы палітвязень не ўяўляў, што такое рэжым Лукашэнкі і наколькі адладжаная яго машына рэпрэсій.

«Лукашэнку ўдалося падзяліць беларусаў на тых, хто за яго і хто супраць яго. Была зробленая вялікая праца для гэтага. Прапаганда спрацавала. Ябацькі сталі яшчэ больш зацятымі прыхільнікамі Лукашэнкі. Ім складана адмовіцца ад сваіх перакананняў і прызнаць свае памылкі», — мяркуе былы палітвязень.

«Мама сказала: можа, і добра, што цябе тады пасадзілі»

Максіма Сілюка схапілі 26 лістапада 2020 года па абвінавачанні ў групавым хуліганстве (за пратэсны надпіс на «Табакерцы») і наўмысным прывядзенні ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін. Дротам былі перавязаныя рэйкі, у выніку чаго спрацавала сігналізацыя, што прывяло да спынення цягніка.

«Рабіліся дыверсіі на чыгунцы, каб з затрымкай ішоў усходні транзіт тавараў. Гэтым паказвалася, што Лукашэнка не можа навесці ў краіне парадак. Як партнёр ён ненадзейны. Менш грошай атрымае рэжым, а значыць, будуць меншыя заробкі ў сілавікоў. Нам так здавалася ў той час. Самі сілавікі павінны былі гэта ўбачыць», — тлумачыць былы палітвязень.

Брэсцкі суд адправіў Сілюка на 2,5 года ў калонію агульнага рэжыму. Ён лічыць, што яму пашанцавала, бо цяпер за падобныя дзеянні кідаюць за краты на больш працяглыя тэрміны.

Прапагандысты напярэдадні суда над групай жыхароў Брэста, сярод якіх быў і Максім Сілюк, выклалі відэа аператыўнікаў. Іх вінавацілі ў блакаванні чыгункі, вывешванні пудзілаў і падпалах аўтапакрышак. Калаж «Берасцейскай вясны» з відэа аператыўнікаў

У сваім звароце аб дапамозе былы палітвязень згадаў словы маці, якія былі прамоўленыя ёю на першым доўгатэрміновым спатканні ў шклоўскай калоніі: «Можа, і добра, што цябе тады пасадзілі. Інакш калі б ты спыніўся?»

З засцярогай маці Максім згаджаецца:

«І сапраўды, калі? Я не ведаю, таму што спыняцца ніколі не збіраўся».

Максім Сілюк з вышыні 2023 года кажа: «Калі б грамадства хацела ваяваць, то ваявала б».

«Мы зрабілі як зрабілі, — адзначае ён. — Шмат людзей, якія сядзяць, дужа злыя. Калі яны вызваляцца, то рэжыму мала не падасца. Гэтым разам з кветкамі на сілавікоў не пойдуць».

Былы палітвязень не верыць у мірныя перамены.

«Чырвоная зона» і асуджаныя з «нізкім сацыяльным статусам»

Максіма Сілюка больш за два гады ўтрымлівалі ў шклоўскай калоніі №17. У ёй пад тысячу асуджаных. Паводле праваабаронцаў, не менш за 100 з іх няволяцца за палітыку. Былыя сядзельцы сцвярджаюць, што колькасць асуджаных з жоўтымі біркамі можа сягаць 150 чалавек.

Максім Сілюк адзначае, што ў 2020-2021 гадах супрацоўнікі калоніі да большасці палітычных асаблівай агрэсіі не праяўлялі.

На яго погляд, тады наглядчыкі не разумелі, што гвалт зацягнецца надоўга, і таму абыходжанне было спакайнейшым. Пад прэсінгам былі пераважна вядомыя палітвязні.

«Напрыклад, Паўла Севярынца пастаянна зачынялі ў ШІЗА ды яшчэ некалькі чалавек. Але іншых збольшага не чапалі», — удакладняе ён.

Працоўны калектыў шклоўскай калоніі №17. Фота: mogilev.mchs.gov.by

Максім Сілюк устрымліваецца расказваць пра палітвязняў, бо лічыць, што гэтым нашкодзіць ім.

Ён зазначае, што шклоўская калонія лічыцца «чырвонай». Гэта значыць, што там нефармальныя правілы прыдумвае адміністрацыя, і яны нічога супольнага з законнасцю не маюць.

Супрацоўнікі вязніцы, напрыклад, самі вырашаюць, якога з асуджаных справакаваць на ўчынак, які прывядзе да надання яму «нізкага сацыяльнага статусу». У крымінальным асяроддзі такіх арыштантаў называюць «пеўнямі».

«Начальнікі атрадаў прымушаюць асуджаных браць сметніцы, а гэта паводле арыштанцкіх правілаў абавязаныя рабіць нявольнікі менавіта з «нізкім статусам». Калі адмаўляешся, то адразу трапляеш у штрафны ізалятар», — тлумачыць Максім Сілюк.

Па яго словах, шмат хто з палітычных сутыкаецца з правакацыямі турэмшчыкаў. Некаторыя, не ведаючы, выконваюць іх «загад».

У калоніі некалькі палітасуджаных маюць «нізкі статус».

Але, паводле Сілюка, такі статус не мае той сілы, як у крымінальным асяроддзі, бо ўсе разумеюць, што ён вынік правакацыі.

«Такіх асуджаных ніхто не збівае, як у «блатных». З імі без абмежаванняў камунікуюць. У іх асобны стол. Яны займаюцца прыборкаю, мыюць туалет, выносяць смецце. У некаторых атрадах асуджаныя з «нізкім статусам» не ходзяць у працоўную зону».

Максім Сілюк кажа, што смерць Вітольда Ашурка змусіла турэмшчыкаў часова змяніць стаўленне да палітычных. Сам ён трапіў у калонію пасля трагедыі з Ашуркам. Яго смерць адна з забароненых у вязніцы тэм.

Былы палітвязень кажа, што па смерці Ашурка перасталі збіваць новых асуджаных перад адпраўкай у каранцін. Да гэтага этапы шыхтавалі ля сцяны і білі.

Вітольд Ашурак на падлозе ШІЗА. Скрыншот з нарэзкі відэазапісаў, апублікаванай Следчым камітэтам

Правакацыі ў адносінах да палітычных, каб перавесці іх у «нізкі статус» часова прыпынілі. А супрацоўніка адміністрацыі маёра С-ва, які працягнуў такую практыку і праз яго асуджанаму за палітыку далі «нізкі статус», па словах Сілюка, панізілі ў пасадзе.

«Ён сядзеў у штабе, а за гэты ўчынак яго паставілі на «брадвей» кантраляваць асуджаных, — тлумачыць Максім Сілюк. — Самога асуджанага неўзабаве перавялі ў крытую турму і нібы «нізкі статус» знялі, бо далі яго не «згодна з паняццямі».

Пасля пачатку вайны турэмшчыкі сталі дзейнічаць жорстка

«Цярплівае» стаўленне да палітычных у шклоўскай калоніі трывала да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Пасля 24 лютага 2022 года прэсінг аднавіўся.

Усіх асуджаных па палітычных матывах сталі рабіць злоснымі парушальнікамі рэжыму, што ўскладняла ім умовы выжывання ў няволі.

Да дзвюх базавых велічынь зрэзалі атаварку. Зменшылі колькасць дзён на доўгатэрміновае спатканне. Усіх сталі адпраўляць у штрафны ізалятар. Паболела прыдзірак. Сталі маральна прыніжаць.

«Увесь дзень перабываеш пад напружаннем. Пастаянна чакаеш заўваг і рапартаў за парушэнне. З зайздроснай рэгулярнасцю асуджанага вінавацілі ў тым, што не павітаўся. Хаця ён павітаўся. Не павітаўся — парушэнне. Ці гузік расшпілены, а гэта неахайным выглядам лічыцца, — таксама парушэнне. Хаця ўсё было зашпілена. Бывае, што пасмяяліся, паўсміхаліся, а тут рапарт прыляцеў», — расказвае Максім Сілюк пра абыходжанне з палітычнымі.

Супрацоўнікі шклоўскай калоніі і спецкамендатуры адзначаюць Дзень утварэння органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Фота: тэлеграм-канал «ШкловInfo»

Паводле Сілюка, заахвочванняў для палітасуджаных з 10-м «экстрэмісцкім» прафулікам не выпісвалі, як бы добра яны сябе ні паводзілі.

«Ноч — гэта адзіны твой сябар. Кожная раніца — гэта квэст. Ты не ведаеш, дзе ты апынешся ў наступную ноч», — адзначае суразмоўца.

Ён лічыць, што прэсінг асуджаных за палітыку звязаны з адчуваннем турэмшчыкамі сваёй беспакаранасці.

«Садызм у іх жыве пастаянна, але да вайны ва Украіне яго стрымлівалі межы законаў, правілаў, працэдур. А потым усё гэта знялі», — кажа ён.

На яго погляд, садызм характэрны для кожнага чалавека, а абставіны раскрываюць гэтую якасць. Вайна ва Украіне яскрава гэта выявіла ў расійскіх салдат.

«Наўрад ці яны ў сябе на радзіме забівалі і гвалтавалі. А ў іншай чужой краіне пачалі чыніць жах. Чаму яны ў сябе гэтага не рабілі, а ва Украіне пачалі? Усёдазволенасць!» — разважае былы палітвязень.

«У Маскве людзі слова баяцца сказаць»

Максім Сілюк кажа, што перад вызваленнем стаў непакоіцца, каб яму не працягнулі тэрміну. Супакоіўся, калі 1 лютага 2023 года выводзілі з зоны.

Максім надумаў эміграваць яшчэ ў калоніі. Пра свае намеры нікому не казаў. Спадзяваўся, аднак, што дома пабудзе даўжэй. Ён кажа, што спачатку збіраўся выехаць у Маскву да сям’і. Пазней зразумеў, што там «таксама зусім кепска».

Тое, як змянілася абстаноўка ў сталіцы Расіі, ён пабачыў на ўласныя вочы, калі кіраваў праз яе ў эміграцыю. У Маскве адчувалася, што краіна ваюе.

«Там панавала напружанае маўчанне. Да 2020 года народ быў разняволены, а ў 2023-м гэта адчуванне знікла. Усе нібыта ходзяць, усміхаюцца, але ўсё гэта неяк ненатуральна. Яны слова баяцца сказаць», — дзеліцца назіраннямі былы палітвязень.

Максім спадзяваўся трапіць у Польшчу праз Калінінград, але яго падчас мытнага кантролю знялі з аўтобуса на Гданьск. Ён быў у спісах невыязных. Беларусу было загадана цягам дня пакінуць Калінінградскую вобласць.

Былога палітвязня дапытаў супрацоўнік ФСБ.

«Допыт быў такі ж, як і ў беларускіх мянтоў. Метады тыя ж. Выпытваў, чаго невыязны, чаму еду ў Польшчу, што рабіў у Калінінградзе», — расказвае Сілюк.

Па яго словах, у Калінінградзе шмат вайскоўцаў. На вакзалах правяраюць аўтобусы і машыны з дапамогай адмысловых прыстасаванняў. Усюды металашукальнікі, турнікеты.

«У здаровай краіне такога няма», — падкрэслівае ён.

Максім Сілюк. Фота: асабісты архіў Максіма Сілюка

Максім кажа, што з задавальненнем застаўся б на радзіме, але сітуацыя там далёкая да нармалізацыі.

«У эміграцыі мы чужыя людзі, але тут ты адчуваеш, як жывеш, — падсумоўвае былы палітвязень. — Эміграцыя — гэта выклік, і яго мусіш пераадолець. Урэшце, гэта лепей, чым на канапе ляжаць ці сядзець у турме. Тут можаш дапамагаць землякам».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Івулін пра здзекі з Пушкіна, цяжкі стан Латыпава і эрзац-сэкс у калоніі

«Новыя сукамерніцы Вольгу пабойваліся». Што вядома пра маладую супрацоўніцу гатэля, якую вінавацяць у спробе захопу ўлады

«Я ў свой час заліла слязьмі вам усе калідоры і кабінеты». Першая донарка касцявога мозгу напісала кранальны ліст свайму доктару — ён за кратамі за палітыку

«Так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі». Канферэнцыя «Новая Беларусь 2023» нагадала словы з вядомага верша

Мастак Алесь Пушкін пра Бабарыку: А ці купіў ён карціны Марачкіна і Шчамялёва?

«Гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом». Доктарка шклоўскай калоніі, дзе памёр Ашурак, у паніцы хацела звольніцца

Каментары11

  • кропка
    28.08.2023
    Мама сказала:

    ключевая фраза )

    а нельзя сделать наперекор ? )
  • Заблуждение мамы
    28.08.2023
    лукашенко поделил беларусов, - на беларусов и ябатек-лукашистов.
    Первых назначил в виновников всего и вся, записал в виноватых и врагов 80% населения.
    Остальным 20% поручил мучить, пытать, репрессировать, избивать и незаконно судить, назначенных в врагов и виновников.
    Отсюда вручение кувалды озарёнку (символ издевательств, убийств и пыток вагнера), что привело даже к возмущению части ябатек, которые не хотят, чтобы их дети жили под кувалдой озарёнка и лукашенко, в условиях азарёнщины и бондаревщины.
    Носящих погоны беларусов, лукашенко, с помощью озарёнков и бондаревых, заставил дрочить на Россию и издеваться над мирняком в Беларуси, чиновников, лукашенко, с помощью азарёнков и бондаревых, заставил шлифовать население Беларуси под себя и Россию.
    И да, ябатьки думали, что помордуют, попытают, поизнасилуют, побивают годик беларусов и всё станет как было, ан нет, всё
    только в начале и становится только хуже, и конца и краю невидать беспределу лукашенко и, даже беспределу над лукашистами и ябатьками.
    Мама заблуждается, говоря, что правильно, что посадили, как и лукашисты с ябатьками заблуждаются, что годик помордуем и заживём.....нет, детей ябатек и лукашистов ждёт мордование и репрессии, если ничего не менять сегодня и теперь, завтра будет поздно.
  • Vital
    28.08.2023
    Яшчэ адзін "новапрыткнуўшыйся" - да 2020 усё было добра, зарабляў у МАСКВЕ, палітыкай не цікавіўся... І як яны маглі перамагчы?

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ4

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →