Мова1818

Калінінград, Кёнігсберг, Крулевец. А як па-беларуску?

Рашэнне польскіх картографаў вярнуцца да старой назвы горада прыцягнула ўвагу.

Стары сабор у Караляўцы — адзін з нешматлікіх будынкаў, што захаваліся ад старога горада

Калінінградам гэты горад на Балтыцы называецца ад 1946 года. Да таго ў СССР і Расійскай Імперыі яго называлі нямецкай назвай Кёнігсберг. Але ў беларускай традыцыі было не так.

«Увесну 1255 года на месцы прускага гарадзішча Твангстэ паўстае фартэцыя, закладзеная багемскім каралём Атакарам ІІ сумесна з Ордэнам. Так пачалася гісторыя гэтага горада, поўная войнаў ды інтрыг. У свае залатыя часы ён быў удвая большы за Берлін», — пісала ў 2001 годзе «Наша Ніва».

Новазбудаваны горад крыжакі назвалі на лаціне, тагачаснай мове царквы, Regiomontium. У перакладзе з лаціны гэта азначала «Каралеўская Гара». Каралеўскай яе назвалі ў гонар Атакара ІІ, які пасля ўзыходжання на багемскі трон выправіўся па закліку Папы ў 1254 годзе ў крыжовы паход на язычнікаў Прусіі. Ад гэтай лацінскай назвы і паходзіць нямецкая назва Königsberg, польская Królewiec ці Królówgród. У старых беларускіх хроніках і тэкстах горад называўся Каралявец, у літоўскіх —Karaliaučius. Назву Королевец да XVIII стагоддзя ўжывалі і расійскія крыніцы, у Расію яна відавочна прыйшла праз пасярэдніцтва «літоўскай», як называлі ў Пасольскім прыказе, тагачасным замежнапалітычным ведамстве Масквы, старабеларускую мову.

Такім чынам, па-беларуску гэты горад можна смела называць Каралявец.

Гэты горад здаўна быў важным цэнтрам адукацыі для беларусаў: там працаваў універсітэт, у якім вучыліся многія нашчадкі магнатаў, што ў XVI стагоддзі перайшлі ў пратэстанцтва. У 1530 годзе там жа пры двары герцага-асветніка Альбрэхта Старэйшага працаваў Францыск Скарына — Прусія тады была васалам Польшчы.

Каралявец зазнаў часы росквіту.

«У 1701 годзе, у часе каранацыі славутага Фрыдрыха Вільгельма, які вызваліў край ад шведаў ды заснаваў першую прускую ўзнагароду — Ордэн Чорнага Арла, натоўпу раздалі шэсць тысяч залатых талераў, а на плошчы біў фантан белага й чырвонага віна», — расказвалася ў артыкуле «Востраў Калінінград» у «Нашай Ніве».

«Расейцы ў часе Сямігадовай вайны, у 1758 годзе, не рабавалі яго, — працягваў аўтар, — не дазволілі немцы, якіх шмат было тады сярод расійскага камандавання. Афіцэраў нават прымушалі наведваць лекцыі ва ўніверсітэце. У часе акупацыі норавы кёнігсбержцаў зрабіліся вальнейшымі: яны пачалі паліць на вуліцах ды прызвычаіліся піць пунш. Расейцы ўрэшце мусілі сысці, і Кёнігсберг умацаваўся настолькі, што ў 1808 годзе прускі каралеўскі двор ды ўрад пераехалі туды. У 1871 годзе ў люстраной зале Версаля прускага караля Вільгельма І каранавалі на нямецкага імператара. А праз пяцьдзясят год, паводле новай Версальскай дамовы, Прусію аддзялілі ад Нямеччыны Данцыгскім калідорам…

Але паўз усе гэтыя чорныя і залатыя гады, ва ўсіх перамогах і паразах Кёнігсберг заставаўся Кёнігсбергам — з каралеўскім замкам, са славутым універсітэтам, з уласнай філасофскай школай. Ператварэнне яго ў штосьці якасна іншае адбылося пасля прыходу Саветаў».

У 1944 годзе Кёнігсберг моцна пацярпеў ад брытанскай бамбёжкі і за некалькі дзён згарэў. У красавіку 1945 года горад быў захоплены савецкімі войскамі, рэшткі нямецкага насельніцтва выгнаныя, а ў 1946-м, калі лёс горада быў канчаткова вырашаны, змянілі і назву.

«Каралявец адметны ў шэрагу гарадоў-прывідаў, знішчаных заваёўнікамі дарэшты: ён руйнаваўся не з налёту, не пад гарачую руку, а метадычна — нібыта хтосьці ставіў пачварны эксперымент. І насамрэч пасля вайны Саветы атрымалі ўнікальную магчымасць проста ў лабараторных умовах праверыць слушнасць і трываласць сваёй ідэалогіі», — пісаў 22 гады таму ў эсэ «Еўрапейскі Карфаген» іншы аўтар «Нашай Нівы».

Савецкая мадэль не была паспяховай: Калінінград застаецца бедным і занядбаным у параўнанні з нямецкімі і польскімі гарадамі, хоць калісьці пераўзыходзіў іх. Але па расійскіх мерках гэта прэстыжны горад для жыцця і службы. Тут людзі ўсё яшчэ жывуць у раскошных кварталах прускіх катэджаў, якія будаваліся ў рамках канцэпцыі «горад-сад». Надпісы на аўто «Спасібо деду за Победу» тут набываюць іншы сэнс.

Існуе легенда, што пасля вайны перадаць Калінінград у склад БССР прапаноўваў тагачасны яе кіраўнік Панцеляймон Панамарэнка. Дакументальных пацвярджэнняў гэтаму не выяўлена, але пэўная логіка ў гэтым была, бо пасля 1939 года Беларусь мела непасрэдную мяжу з Усходняй Прусіяй. Пасля перадачы большай часткі Беластоцкай вобласці ў склад Польскай Народнай Рэспублікі магчымасць атрымаць выхад да Балтыйскага мора, калі яна і абмяркоўвалася калісьці, для Беларусі знікла.

Аўтамабіль з надпісам «Дзякуй дзеду за Перамогу» каля старога прускага дома ў Караляўцы. Фота: «Наша Ніва»

Цяпер Каралявецкая, Калінінградская, Кёнігсбергская, Крулевецкая вобласць — гэта эксклаў, аточаны Польшчай і Літвой, апорны пункт расійскага флоту, фактычна, вялікая вайсковая база.

Рашэнне ж польскіх картографаў вярнуцца да старой назвы горада не ўнікальнае. Так, напрыклад, у польскай мове выкарыстоўваюцца выключна традыцыйныя напісанні для населеных пунктаў Літвы: Wilno, TrokiKowno. Аналагічна і з беларускімі населенымі пунктамі. Традыцыйнае польскае напісанне ўдакладняецца адпаведнымі спісамі, якія публікуюцца на сайтах адмысловых навуковых устаноў. 

У Беларусі ж перадача тапонімаў Расіі ажыццяўляецца паводле «Тэхнічнай інструкцыі па перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з рускай мовы на беларускую мову», якая не робіць ніякіх выключэнняў для традыцыйных беларускіх назваў. У той жа час пры перадачы тапонімаў Літвы на беларускую мову нарматыўнымі актамі патрабуецца (не дапускаецца, а менавіта патрабуецца) пазначаць у дужках традыцыйныя беларускія формы: Вільнюс (Вільня), Друскінінкай (Друскенікі), Каўнас (Коўна), Тракай (Трокі) і г. д. Такім чынам і захоўваецца пазнавальнасць назвы, і зберагаецца тапанімічная спадчына беларускай мовы. Магчыма, такі варыянт быў бы добрым выйсцем і для Калінінграда, ці па-беларуску Караляўца.

Каментары18

  • Прыхільнік тарашкевіцы
    10.05.2023
    Наша ніва, пераходзь на тарашкевіцу
  • Пень
    10.05.2023
    Каралёўгарад.
  • Грак
    10.05.2023
    Каралёўня, Каралёўск, Каралін.

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаюць 24-гадовую Alfa Romeo 166 за 15 тысяч даляраў. Што ў ёй такога?4

Правакатара і даносчыка Яўгена Какойту афіцыйна прызналі палітвязнем3

Сясцёр-беларусак, якія зніклі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі5

Нейрасеткі могуць выпадкова выдаць інструкцыю стварэння ядзернай зброі?

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага20

Памілавалі яшчэ 32 палітвязняў9

Комік Нарышкін расказаў, як яму забаранілі ўезд у Літву2

«Нас, лічы, выкралі!» Хлопец з дзяўчынай не выйшлі з аўтобуса на канчатковым прыпынку, і кіроўца звёз іх2

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →