Днямі папулярны падлеткавы спявак і блогер Дзім Дзімыч у сацсетках заявіў, што ўступіў у праўладную партыю «Белая Русь». Аказалася, ён паспяшаўся. У афіцыйным тэлеграм-канале партыі «Белая Русь» з'явіўся адказ на яго заяўку аб прыёме ў партыю.
«У адно са сталічных аддзяленняў Беларускай партыі «Белая Русь» звярнуліся блогеры і музычныя выканаўцы Дзмітрый Сіўчык і Ульяна Сталярова (падлеткавы блогер Улька Пулька — НН) з просьбай аб уступленні ў шэрагі партыйцаў. Разгледзеўшы іх заявы, кіраўніцтва «Белай Русі» прыняло рашэнне адмовіць аб прыёме ў партыю ў сувязі з тым, што дзейнасць гэтых грамадзян супярэчыць статуту і праграме партыі», — гаворыцца ў адказе.
Перад гэтым Вольга Бондарава пахвалілася, што ёй паабяцалі, што Дзім Дзімыча ў партыю не возьмуць.
«У партыі «Белая Русь» — сапраўды дастойныя грамадзяне нашай краіны, для якіх гонар, годнасць — не проста словы, а жыццёвыя арыенціры. Адным з такіх прынцыповых людзей з'яўляецца кіраўнік партыйнай арганізацыі Першамайскага раёна Мінска Сяргей Анатольевіч Мазоўка. Як нам стала вядома, Сяргей Анатольевіч заняў цвёрдую пазіцыю ў справе абароны маральных асноў грамадства і не дапусціў публічнага прыніжэння партыі супрацоўніцтвам з прапагандыстамі ЛГБТ, наркотыкаў і гвалту.
Дзім Дзімыч не ўступіць у партыю «Белая Русь», паведаміў палітык», — напісала Бондарава.
І мела рацыю.
Сяргей Мазоўка — гэта той самы функцыянер, які з усмешкай і пальцам уверх пазіраваў на фота разам з Дзімам Дзімычам і іншымі блогерамі.
Мазоўка — былы вайсковец, палкоўнік у адстаўцы. Ён працаваў начальнікам агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі, а потым пайшоў на пасаду партыйнага функцыянера «Белай Русі». Доўгі час ён з`яўляецца дэпутатам Мінгарсавета.
У 2021 годзе аб'яднанне былых сілавікоў апублікавала аўдыя, на якім мужчына з голасам, падобным на Мазоўку, у жніўні 2020 года загадвае курсантам быць гатовымі страляць па мірных пратэстуючых на паражэнне баявымі патронамі.
У сакавіку 2022 года ў гутарцы з чытачкай «Нашай Нівы» Мазоўка адмаўляў, што расійскія войскі атакавалі Украіну з тэрыторыі Беларусі, казаў, што «праблемы міру тут ні пры чым» і заявіў, што ваяваць не збіраецца.
Дзім Дзімыч стаў шырока вядомы па-за межамі сваёй аўдыторыі, дзякуючы даносам Вольгі Бондаравай і яе паплечнікаў. Яны вінавацілі блогера ў ЛГБТ-прапагандзе. Таксама Бондарава абуралася, што блогер апранаецца ў ружовае, а ў некаторых жартаўлівых роліках быў у сукенцы.
Пасля яе скаргаў з сайта «Еўраопта» знялі рэкламу з Дзім Дзімычам, а яго самога адправілі ў эфір да прапагандыста Рыгора Азаронка.
Пазней блогера-мільённіка выклікалі ў Міністэрства культуры. «Там мы паразмаўлялі наконт майго кантэнту, унеслі правільныя карэкціроўкі», — распавёў блогер у інстаграме.
Пасля даносаў Дзім Дзімычу забаранілі выступаць у школах. Ён падаваў у суд на Бондараву і, паводле яе слоў, прайграў яго.
Нядаўна стала вядома, што з Дзім Дзімычам, Саладухам і Ярмоленкам для Лукашэнкі запісалі песню «Надо!».
Цяпер справа дайшла і да спробы ўступлення ў лукашэнкаўскую партыю.
Каментары
Хотя, сам ведь выбрал этот путь.