Грамадства11

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Непаўналетніх хлопцаў, асуджаных да пазбаўлення волі, адпраўляюць адбываць пакаранне ў выхаваўчую калонію. У Беларусі ёсць толькі адна такая ўстанова — у Бабруйску. Суразмоўца «Медыязоны» Віталь Прохараў трапіў у калонію ў 17 гадоў — яго асудзілі за пратэсты 2020 года. 

Ілюстрацыя: Медыязона

«Табе 12 гадоў свеціць, можаш усё адразу расказваць»

Віталь Прохараў апынуўся ў выхаваўчай калоніі незадоўга да 18-ці гадоў. Адсвяткаваць не атрымалася: «Павіншавалі тыя, хто ведаў, ну і ўсё. Торт, свята — нічога падобнага не было. Звычайны дзень, як і заўсёды. Крыўдна трохі — усё ж такі паўналецце», — успамінае ён.

Свята пасля вызвалення Віталь таксама не праводзіў — было не да таго. Трэба было зарабляць на жыццё, шукаць працу, а без адукацыі і пасля калоніі гэта стала складаным заданнем.

Віталя затрымалі зімой 2021 года — па абвінавачанні ў грубым парушэнні парадку і гвалце ў адносінах да міліцыянтаў падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года ў Жлобіне.

«Забралі ў аддзяленне і трымалі там каля 12 гадзін. Мама прасіла — давай я што-небудзь куплю паесці, але яны не дазвалялі, казалі — яму нічога нельга, пакуль паказанні не дасць. А я ўсё адмаўляў, казаў, што мяне там не было. Пасадзілі на тры дні ў ізалятар, кажуць — усё, табе 12 гадоў свеціць, можаш усё адразу расказаць, так будзе менш. Але я ўсё роўна нічога не казаў».

Праз тры дні Віталя выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, да суда ён быў на свабодзе. Кожны тыдзень яго некалькі разоў выклікалі ў РАУС, гэта перашкаджала вучобе, кажа Віталь.

У лютым 2021 года падлетка асудзілі да двух гадоў выхаваўчай калоніі і забралі пад варту ў зале суда. Больш за два месяцы Прохараў правёў у СІЗА, а потым яго пераправілі ў калонію ў Бабруйску.

«Этап [да калоніі] — самае «цікавае» і самае складанае. У цягніку едзеш у кайданках, рукі ззаду. І так 12 гадзін, сядзячы на кушэтцы. З рукамі за спінай трэба было два разы разбіраць сумку — паказваць, што ўнутры. Ні паесці, ні папіць не давалі. У «праваднікоў» быў кіпяцільнік, я папрасіў мне наліць, яны кажуць — дык а сэнс, як ты піць будзеш, у цябе рукі ў кайданках», — успамінае Віталій.

«Калі б не спорт, да мяне было б зусім іншае стаўленне»

У калоніі Віталя паклалі на трохтыднёвы каранцін, а пасля адразу адправілі на працу. Спачатку ён разабраў пласкагубцамі крышкі ад бутэлек, збіраў паддоны, займаўся дрэваапрацоўкай.

Нягледзячы на тое, што пры калоніі працуе філіял індустрыяльна-будаўнічага каледжа, дзе могуць вучыцца асуджаныя, Віталю такой магчымасці не далі.

«Там можна было за год атрымаць якую-небудзь спецыяльнасць, але мне сказалі: з тваім артыкулам нельга, ідзі працаваць», — распавядае ён.

Працаваў Віталь з 7:00 да 15:00. Потым быў абед і ўборка.

Прыбіраць трэба было пакой свайго аддзялення, калідор, умывальнікі, зал для адпачынку і спартыўную залу.

«Тэрыторыя вялікая, і трэба яе ўсю вымятаць, а потым памыць. Нават без швабры, рукамі. Пасля прамысловай зоны гэта цяжка, вельмі стамляешся. Праціраць ад пылу сцены, мыць люстэркі, паліць кветкі — кожны дзень. Там ужо гэтыя кветкі ў балотах растуць, так часта і старанна іх палівалі».

Акрамя таго, пасля працы асуджаных рэгулярна правяралі — для гэтага трэба было выйсці на вуліцу, пастаяць у шарэнзе, паказаць змесціва кішэняў.

«Палітычных правяралі пяць разоў на дзень, пяць разоў трэба было выйсці на вуліцу, і не важна, якое там надвор'е. Калі што-небудзь у цябе не тое ў кішэні, напрыклад, бірку прышываў і іголку паклаў — рапарт. Не па форме апрануты — рапарт. А не па форме апрануты — гэта можа быць развязаны шнурок».

Усе асуджаныя ў выхаваўчай калоніі носяць аднолькавую форму, на слэнгу — «шкальнік».

«Як школьная форма, чорныя штаны і пінжак, толькі з некаторымі адрозненнямі. У такой форме пастаянна холадна, бо матэрыял вельмі тонкі».

Адзін камплект формы выдаецца асуджанаму на ўвесь час знаходжання ў калоніі. Новае адзенне можна атрымаць за дадатковыя дасягненні. Дзеля новага камплекта формы і сустрэч з бацькамі Віталь запісаўся ў спартыўную секцыю і ўдзельнічаў у спаборніцтвах.

«Трыятлон — кіданне і пад'ём гір, жым, прысяданне. У мяне з'явіліся праблемы з каленямі і хрыбетнікам. Не тое каб мне вельмі падабалася гэтым займацца, але я разумею, што калі б не спорт, да мяне было б зусім іншае стаўленне».

«Уладкаваць жыццё ў новай краіне не прасцей, чым у Беларусі»

Цяпер Віталю 21 год, ён жыве ў Вільні разам з жонкай. Пасля вызвалення з калоніі зімой 2022 года ён не мог знайсці працу — усюды атрымліваў адмовы. Потым праз знаёмага ўладкаваўся ў піцэрыю і працаваў там некалькі месяцаў. Акрамя адсутнасці працы з годнай аплатай прычынай для выезду сталі пастаянныя міліцэйскія праверкі.

«Прыходзілі ледзь не кожны вечар ці ноч. Грукалі, тэлефанавалі ў дзверы, нешта падпісваць трэба было. А я прыходзіў з працы ў 12 ночы і ў 9 зноў ішоў на працу, не высыпаўся з-за гэтага. Некалькі разоў выклікалі ў РАУС, пыталіся, ці няма ў мяне якіх-небудзь падзельнікаў, не ўдзельнічаю я ў чым-небудзь. Я адчуваў, што нешта будзе, што яны проста так ад мяне не адпусцяць».

У Вільні Віталь спачатку працаваў у дастаўцы і браў падпрацоўкі, а цяпер разгружае і ўпакоўвае тавары: «Цяжка, вядома, але каму грошы не патрэбны зараз, тым больш становішча даволі цяжкае».

Уладкаваць жыццё ў новай краіне не прасцей, чым у Беларусі, кажа Віталь. Яшчэ да затрымання ён пачаў вывучаць мову праграмавання Python, і пасля пераезду хацеў пайсці на навучанне, але адкласці на гэта грошы пакуль не атрымалася,

«Мы на маленькай канапе спім, маем пакуль што толькі на матрац і мікрахвалёўку. Зараз паступова збіраем грошы, [але] на курсы — у апошнюю чаргу, бо з'яўляюцца непрадбачаныя выдаткі, як, напрыклад, лячэнне ў бальніцы. У жонкі анемія, нязвёртванне крыві, ёй лекі купляем. І нядаўна захварэлі абодва, але хадзілі на працу і з тэмпературай 39».

Каментары1

  • политзек
    15.11.2024
    Ребятам явно нужна помощь.. и не только прямая финансовая.
    если у него есть способности к программированию, то оплатить курсы будет очень большим делом. вырваться из ямы без посторонней помощи в 20 лет очень сложно.

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →