У Парку высокіх тэхналогій правялі пікет па зборы подпісаў за Лукашэнку. Але гэтым справа не абмежавалася.
Напярэдадні на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій з'явіўся зялёны намёт з надпісамі «Надо!». У намёце збіралі подпісы за Лукашэнку.
Як паведамляе БелТА, зборам подпісаў справа не абмежавалася. Рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій пералічылі грошы на выбарчы рахунак Лукашэнкі.
ДзяржСМІ не назвалі кампаніі, якія перавялі грошы на рахунак. З заканадаўства вядома, што адна арганізацыя можа ахвяраваць не больш за 60 базавых, гэта значыць не больш за 2400 рублёў. Прэтэндэнт з асабістых сродкаў не можа ахвяраваць на кампанію больш за 10 тысяч базавых — 400 тысяч рублёў. Траціць гэтыя грошы можна на патрэбы кампаніі: зарплаты членам каманды, агітацыйныя матэрыялы, арэнду залаў і гэтак далей.
Кожны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта мае права адкрыць адзін выбарчы рахунак для фарміравання свайго фонду. Аднак умовы даволі строгія — гэта тычыцца перш за ўсё тых, хто хоча пералічыць туды грошы.
Абмежаванняў шмат. Прэтэндэнтам забаронена атрымліваць ахвяраванні ад замежных дзяржаў і арганізацый, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, арганізацый, заснавальнікамі, удзельнікамі або ўласнікамі маёмасці якіх з'яўляюцца замежныя дзяржавы, арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, а таксама замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства.
Таксама нельга атрымліваць грошы на выбары ад арганізацый, якія атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, у тым ліку ад беларусаў, якія жылі за мяжой больш за паўгода за апошні год.
Нельга фінансаваць выбарчыя кампаніі дзяржорганам, рэлігійным і дабрачынным арганізацыям, арганізацыям, якія фінансуюцца з бюджэту, фірмам, якія былі заснаваны менш чым за год да ахвяраванні, а таксама непаўналетнім грамадзянам і ананімным ахвярадаўцам.
Каментары