Меркаванні5959

Мастак Алесь Пушкін пра Бабарыку: А ці купіў ён карціны Марачкіна і Шчамялёва?

У 1999 годзе мастак Алесь Пушкін прывёз да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною. На высыпаныя на зямлю адкіды ён паклаў партрэт кіраўніка дзяржавы з надпісам «За 5-гадовую плённую працу», які працяў віламі. У інтэрвію «Радыё Свабода» мастак расказаў, чаму не зрабіў бы такога падарунку другі раз.

21 год таму меў завершыцца першы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі. Але ў 1999 годзе выбараў ня было. У 1996 годзе Лукашэнка працягнуў свае паўнамоцтвы на чарговыя два гады ў выніку рэфэрэндуму. Многім гэта не спадабалася, і яны выйшлі на пратэст 21 ліпеня 1999 году. Сярод іх быў і мастак Алесь Пушкін. За эпатажны пэрформанс яму прысудзілі тады два гады зьняволеньня ўмоўна.

Апальны мастак, якога ня раз за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі рэпрэсавалі, арыштоўвалі, скасоўвалі ягоныя выставы, працуе цяпер у дзяржаўнай арганізацыі «Белрэстаўрацыя». Пяць дзён ён праводзіць у Менску, а на выходныя едзе да сям’і ў роднае мястэчка Бобр у Крупскім раёне.

Цяпер Пушкін працуе над росьпісамі Бальнай залі палацу Пуслоўскіх, што на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі. Ягоная група зь пяці мастакоў аднаўляе росьпісы, зробленыя ў палацы напачатку XX стагодзьдзя мастаком Фэліксам Журкам. Да 20 жніўня выявы маюць быць гатовыя на палотнах, потым пачнецца праца непасрэдна ў палацы. Нашая размова з мастаком пра мастацтва чакана пераходзіць у палітычнае вымярэньне.

«Везьці гной ізноў было б несправядліва»

У ліпені споўніцца 26 гадоў знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе. Цікавімся ў мастака, ці паўтарыў бы ён свой скандальны пэрформанс. Алесь Пушкін без ваганьняў прызнаецца, што не. Мастак кажа, што чарговая тачка гною была б несправядлівай, бо заслугі Аляксандра Лукашэнкі перад краінай ёсьць і Пушкін не саромеецца іх пералічыць.

«Я маю сіні пашпарт. Я прыяжджаю ў Берасьце і перасякаю дзяржаўную мяжу. Я іду ў беларускую краму і купляю за беларускія грошы нашы якасныя беларускія прадукты. Я ведаю, што нашая IT-галіна прыносіць больш прыбытку, чым МАЗ і МТЗ. Але я ганаруся і тым, што наш трактарны завод уваходзіць у дзясятку ўсясьветных вытворцаў трактараў. Мне прыемна, што з экалёгіяй у нас добра, што ёсьць ракі ў азёрах, што чыста, што разьвіваецца турыстыка, працуе 2,5 тысячы аграсядзібаў».

Як мастак, Пушкін адзначае дзьве важныя справы лукашэнкаўскай улады для культуры. Гэта праграмы «Замкі Беларусі», дзякуючы якой аднавілі замкі ў Нясьвіжы, Міры, а цяпер аднаўляюць замкі ў Крэве і Гальшанах. Другім пунктам ён называе ахову гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якая за гады Лукашэнкі, на яго думку, узмацнілася. Беларусь у сутнасьці культурная краіна, кажа Пушкін

«Адкрываюцца новыя цэрквы і касьцёлы. Беларусь пасьпяхова выступае на дзіцячай «Эўравізіі». Праўда, іншая рэч, каго яны бяруць у дарадцы — розных Кіркоравых. Адкрыўся Музэй сучаснага мастацтва ў Віцебску, паводле рэйтынгу гэта музэй нумар адзін. Вядома, не хапае, каб гэта ўсё рабілася на беларускай мове. Але адбор падзеяў вельмі слушны і пісьменны

Але ня толькі культурныя здабыткі пералічвае Пушкін. Ён лічыць, што ў Беларусі няма вялікага беспрацоўя, якое б магло быць, калі б Беларусь пайшла шляхам прыватызацыі, які прапануюць некаторыя апанэнты Лукашэнкі. Кажа таксама пра клопат улады аб здароўі нацыі, падтрымлівае жорсткую барацьбу з наркаманіяй у краіне і лічыць, што яе нельга паслабляць.

«Стала больш маратонаў, роварных прабегаў. Нацыя здаравее. Дзе ў маёй маладосьці знаёміліся хлопец і дзяўчына? У пракураным бары «Батлейка». А цяпер яны знаёмяцца на лядовых арэнах і коўзанках. Яна павалілася, а ён падаў ёй руку. Сустрэліся, закахаліся. Пайшло-паехала. Мне вельмі хочацца, каб у Беларусі ня было ніякіх закалотаў. Я хачу, каб рэстаўравалі палацы, каб аднаўлялі Стары замак у Горадні, на які ёсьць грошы ад мясцовага выканкаму. Будзе рэстаўравацца палац Ігната Булгака ў Жылічах пад Магілёвам. Гэта доўгатэрміновыя дзяржаўныя праграмы. Хто б ні перамог у выбарах, гэта заплянавана. Але наўрад ці гэтыя праграмы будуць дзейнічаць, калі ў краіне будуць нейкія закалоты».

«Калі б усё было так, то я б яму ў жніўні завёз тачку ружаў»

Што б Пушкін завёз Лукашэнку гэтым разам, на 26-я ўгодкі яго кіраваньня? Мастак кажа, што гэта магла б быць тачка ружаў, але толькі пры ўмове, калі б за гэтую чвэрць стагодзьдзя Лукашэнка зрабіў бы крокі, якія б ня ставілі пад сумнеў, што незалежнасьць Беларусі — вечная.

«Калі б нашае насельніцтва перастала скарачацца. Калі б я, беларус, ня быў пабіты расейцамі ў Крупках за маю мову і каб улада ня стала на іх бок. Калі б заробак у «Белрэстаўрацыі» быў хаця б тысяча даляраў. Калі б усё гэта было так, то я б яму ў жніўні завёз тачку ружаў і паклаў табліцу «За 26-гадовую плённую працу. Дзякуй». Але я нічога гэтага ня бачу. Ня бачу найперш трывалай незалежнасьці Беларусі. Так, калі б я завёз тачку гною Кадыраву, то ён бы мяне ўжо згнаіў. Так, я магу хадзіць па вуліцах Менску ў вышывынцы. Але мой сон усё роўна неспакойны — што калі заўтра я прачнуся ў Беларусі ў складзе «союзного государства». І менавіта таму я не завязу тачку ружаў Лукашэнку».

Што чуваць у Бабры

Алесь Пушкін не сумняецца, што 9 жніўня ЦВК назаве Лукашэнку пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Рэальную падтрымку кіраўніка дзяржавы ён называе мізэрнай і кажа, што нават у Бабры, дзе жыве мастак, людзі больш ня вераць Лукашэнку.

«У Бабры яго больш ня любяць. Празь беднасьць. Вельмі малыя заробкі, нічога не разьвіваецца. Цынізм улады ўсіх дастаў. Навокал безгаспадарлівасьць. Я прасіў будынак КБА, каб зрабіць там галерэю. Не далі, бо прыватным асобам не павінна перадавацца дзяржаўная маёмасьць. І гэты будынак XIX ст. развальваецца, там абрынаецца фундамэнт. За такое трэба караць. Улады робяць усё што хочуць. Людзі гэта бачаць».

Пазытыўныя зьмены ў Бабры, паводле Алеся Пушкіна, адбываюцца без удзелу ўлады. У мястэчку раскупілі амаль усе дамы і ўчасткі. Няма ніводнага занядбанага дому.

«Гэта вельмі добры знак. Людзі пачынаюць цаніць крынічную ваду, цішыню, сьпеў птушак. Малыя прадпрыемствы, якія забруджвалі рэчку, закрылі. Прырода аднаўляецца».

Спыніўся перасьлед і самога Пушкіна мясцовымі праваахоўнікамі. Штогод на 25 Сакавіка мастак выходзіў на цэнтральны пляц у Бабры, каб адзначыць Дзень Волі пленэрам. І штогод гэта завяршалася затрыманьнем. Трэці год, кажа мастак, удаецца праводзіць акцыю безь непрыемнасьцяў.

«У 2017 годзе старшыня сельсавету таптаў карціну, цягнуў мяне. Але апошнія два гады новы старшыня сельсавету — Сяргей Сьцяпанавіч, дык ён выйдзе, паглядзіць, усё нармальна. Сёлета і сын Міколка стаяў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Але мастацтва далёкае нашаму народу. Спыніўся выхад краязнаўчага альманаху, больш не праводзіцца летнік на Сяляве. Духоўная культура за апошнія гады значна зьбяднела. А ў клюбе за дзяржаўныя грошы проста дыскатэкі і расейская папса. Сядзяць 18-гадовыя дзяўчаты, загадчыцы клюбу, і не разумеюць, калі ў іх пытаесься «як вашае прозьвішча». Яны думаюць, што гэта мянушка».

Сын Пушкіна Мікола вучыцца ў Коласаўскім ліцэі, дачка Марыля скончыла 7-ю клясу школы ў Бабры. Яна адзіная ў расейскамоўнай школе вучыцца па-беларуску

«Я вазіў сваіх дзяцей у раённы аддзел адукацыі і сказаў: «Глядзі, Міколка, вось гэтая цёця зараз будзе забараняць табе вучыцца на беларускай мове». А ёй казаў: «Калі вы нам не дасьце канстытуцыйнае права вучыць дзяцей на беларускай мове, то заўтра мы зь Міколкам накінем пятлю вашаму Леніну ў Крупках і з плякатамі на шыі «Хочам вучыцца па-беларуску» будзем тузаць за вяроўку, а журналісты будуць гэта здымаць. Вы гэтага хочаце?» — «Нет, конечно, Александр Николаевич». — «Тады забясьпечце права вучыць дзяцей на беларускай мове»». І быў асобны загад, мае дзеці вучыліся і вучацца па-беларуску. Але нашыя шэрагі не растуць. Ня ведаю, чаму. Гэта знак бяды».

Малая папулярнасьць улады ў Бабры, як кажа Пушкін, ніяк не адбіваецца на папулярнасьці яе апанэнтаў. За найбольш распазнавальнага апанэнта Аляксандра Лукашэнкі на выбарах Віктара Бабарыку вяскоўцы б не прагаласавалі, кажа мастак.

«Ня вераць вяскоўцы банкіру, ён ім незразумелы. А зараз пачнецца паласканьне яго на БТ, будзе яшчэ горш. Але вёска нешта вырашала ў 1994 годзе, цяпер усё вырашае горад. Я памятаю кліпы Лукашэнкі падчас яго першай кампаніі. Ён прыходзіць дадому, там трусікі, кароўка, жоначка, два малыя сыны. Гэта было вельмі абаяльна. Зараз ні адзін кандыдат-вясковец, які б паказваў трусікаў, каровак, жонку-настаўніцу, не набраў бы больш за 7%. Нашае грамадзтва стала больш урбанізаваным. Маладыя ў гарадах, мае сваякі, знаёмыя — яны ўсе любяць Бабарыку. Але вэртыкаль пакуль за Лукашэнку, бо яны баяцца. Акела яшчэ моцны, пакуль ён не прамахнуўся».

«Лукашэнку веру больш, чым Бабарыку»

Алесь Пушкін перакананы, што на справядлівых выбарах Аляксандар Лукашэнка прайграў бы любому свайму апанэнту. Пратэставыя настроі ў грамадзтве ён называе магутнымі. Але да галоўнага патэнцыйнага кандыдата, Віктара Бабарыкі, ён ставіцца насьцярожана.

«Банкір быў бы горшым за Лукашэнку. З Лукашэнкам за 26 гадоў мы маем пашпарт, мытню, памежныя войскі і валюту. А якія выказваньні ў Бабарыкі? А якая розьніца, якая валюта. А калі праўда з гэтымі рахункамі!? А што калі б ён кіраваў 26 год? Больш веру Лукашэнку, чым Бабарыку. Мне здаецца, што ён пайшоў толькі таму ў прэзыдэнты, што адчуваў, што хутка надзенуць наручнікі. І яму сказалі — давай, дзярзай».

На пытаньне, чаму Бабарыка ў такім выпадку не абраў больш бясьпечны выхад з праблемы і ня зьехаў зь Беларусі, а замест гэтага пайшоў на выбары, якія ў Беларусі не даюць кандыдатам ніякай абароны, а якраз наадварот, Пушкін адказвае:

«Народ хоча абы-каго, абы не Лукашэнку. І вось на гэтай мутнай хвалі можа здарыцца так, што Бабарыка ці яго памочнікі пралічылі, што можа быць посьпех. У гэтым пляне ён малайчына, ідзе наперад. Ён мужны чалавек».

Мастацкія акцыі, якія ладзяцца ў Беларусі дзякуючы «Белгазпрамбанку» і асабіста Віктару Бабарыку, Пушкін называе вельмі саліднымі і хваліць патэнцыйнага кандыдата за любоў да мастацтва і ажыўленьне мастацкага асяродзьдзя.

«Калекцыя цудоўная, і выставы былі шыкоўныя. Але ці купіў ён карціны Марачкіна ці Шчамялёва? Дый за чые грошы? Гэта ж карпарацыйныя грошы, гэта прыбытак ад рахункаў у банку. А чые гэта рахункі? Беларусаў. І цяпер гэтую калекцыю могуць «адціснуць» і накіраваць у наш Нацыянальны мастацкі музэй. І «Еву» Хаіма Суціна мы ўжо ўбачым у музэі побач з «Пагоняй» Язэпа Драздовіча. І калі карціну будзе прымаць дырэктар музэю Пракапцоў у белых пальчатках, трымаючы за залатую раму з словамі «Мы прымем з гонарам карціну нашага мастака, купленую за грошы ўкладнікаў «Белгазпрамбанку», мы ня кінем нашую спадчыну», то я перажываць ня буду. Мне гэта абсалютна ня страшна».

Пушкін кажа, што Бабарыка яму сымпатычны як чалавек, неабыякавы да мастацтва, і ён цэніць яго за тое, што «Белгазпрамбанк» падтрымліваў краўдфандынгавую плятформу MolaMola, дзякуючы якой рабіліся добрыя справы. Але падчас гэтай выбарчай кампаніі Алесь Пушкін не падпісаўся за ніводнага з прэтэндэнтаў і кажа, што ў сьпісе патэнцыйных кандыдатаў ня мае фаварытаў.

«Я люблю Кастуся Каліноўскага. Я маю значок, і часам людзі пытаюцца: а што гэта? А я адказваю: гэта мой кандыдат у прэзыдэнты 2020 году. Частка там спойлеры. Шкада, што творцу Алеся Таболіча замяшалі і хочуць, каб ён клікаў на выбары. Цапкала ня мой, бо я не люблю гэбістаў. І банкір таксама ня мой. Як гэта за ўсё жыцьцё ў Беларусі ня вывучаць сваёй мовы? Было б сьмешна, калі б я падпісаўся за Цапкалу, Бабарыку ці за баклана, які выскачыў, як чорт з табакеркі, за Ціханоўскага».

«Падпісаўся б за Марзалюка»

На рэпліку, ці кандыдатам у прэзыдэнты абавязкова павінна быць асоба, якую Пушкін ведае зь юнацтва асабіста, мастак адказвае:

«У 1991 годзе я прыехаў працаваць у Магілёў, на рэстаўрацыю касьцёлу. І там быў малады археоляг, мы сустракаліся, размаўлялі. Яго звалі Ігар Марзалюк. Нядаўна бачыў яго ў мэтро, мы зь ім прывіталіся. Для мяне больш прадказальна, каб балятаваўся Марзалюк. Ён вырас на маіх вачах. Ну і няхай плача ад словаў Лукашэнкі, няхай канфарміст. Але я яго ведаю, ён вырас у палітычную асобу на маіх вачах. Я б за яго падпісаўся. Можа праз 5 гадоў і вылучыцца, калі Акела прамахнецца. Можа, ня толькі Марзалюк, можа, Сідорскі, Кірыл Руды. Разумныя людзі. Я сур’ёзна пачухаю патыліцу. Або гісторыкі — Генадзь Сагановіч ці Алесь Краўцэвіч. Прыемна, харошыя людзі, я чуў пра іх, ведаю».

Ці падпісаўся б мастак Алесь Пушкін за Аляксандра Лукашэнку, калі б той пачаў размаўляць па-беларуску і купіў карціну Алеся Марачкіна?

«На яго сумленьні ёсьць рэчы, які не даруе ніводзін сумленны беларускі інтэлігент. Гэта разбурэньне двух пакаленьняў беларускіх людзей, якія проста ня ведаюць беларускай мовы.

Яны паціскаюць плячыма на беларускае слова. Да гэтага прывяла залежнасьць ад расейскага інфармацыйнага поля ўзамен за «іглу» — за нафту і газ. І мы дайшлі да сытуацыі, калі нават у вёсках ужо не размаўляюць па-беларуску. Гэта нацыяразбуральная асоба ў нашай гісторыі. Такой шкоды не нанёс ні Машэраў, ні СССР. Недаравальна. Я мала веру ў тое, што ён зьменіцца. Так, калі прыпячэ, то ён можа пачаць размаўляць па-беларуску, надзене вышыванку і купіць карціну Марачкіна са словаімі: «Харошы художнік, столькі лет міня пішэт». Дарэчы, Марачкін зацыклены на яго тэме і шмат яго піша. Гэта нават трошкі псуе творчую біяграфію. Трэба быць вышэй і не зьвяртаць на яго ўвагі. Я калісьці намаляваў Лукашэнку ў Бобрскай царкве, і яна згарэла ў 2011 годзе. Больш я пісаць Лукашэнку ніколі ня буду».

Каментары59

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Баранавічамі заўважылі незвычайную жывёлінку1

«Цяпер яна з гумовага сала, гэта жах!» Жанчына купіла любімую каўбасу і абурылася11

Гайдукевіча трымаюць на апошнім месцы па колькасці намаляваных подпісаў11

Грамадзяніна Узбекістана падазраюць у забойстве ў Маскве генерала Кірылава3

Затрымалі маладзёна, які скраў ногі Дзеда Мароза ў Гродне2

Затрымалі падазраваных у забойстве генерала Кірылава ў Маскве

Сям'я беларусаў у Латвіі не можа аформіць пашпарт для нованароджанай дачкі. Ехаць за ім на радзіму — не варыянт праз пагрозу турмы8

Украіна заявіла аб стварэнні лазернай зброі «Трызуб». Што гэта можа быць?5

Ідэолаг Мінабароны Беларусі распаўсюджвае старыя фэйкі пра паходжанне еўрапейскіх чыноўнікаў ад гітлераўцаў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Галоўнае
Усе навіны →