Спорт22

Ніякіх дасягненняў, затое досвед працы ў аўтарытарызме. Расказваем пра новага трэнера футбольнай зборнай Беларусі

Футбольную нацыяналку ўпершыню ўзначаліў іспанец — 48-гадовы Карлас Алос Ферэр. У нашу зборную ён прыйшоў з Руанды, дзе адпрацаваў на аналагічнай пасадзе амаль паўтара года. Расказваем, каго занесла ў беларускі футбол.

Карлас Алос Ферэр, 2018 год. Фота: VI Images via Getty Images

Карлас Алос нарадзіўся ў іспанскай Каталоніі ў 1975 годзе, там жа пачаў і кар’еру гульца. Яго амплуа — галкіпер. Калі яму было 18, Ферэр зайграў у Club Deportiu Tortosa — камандзе яго роднага горада. У яго жыцці былі і іншыя іспанскія клубы, але за гульнявую кар’еру Карлас Алос так і не здолеў падняцца вышэй за чацвёрты іспанскі дывізіён. У 2008 годзе, калі іспанцу было 33 гады, ён скончыў шлях гульца — на той час Ферэр выступаў за каманду CF Jesús Catalonia.

У 2003-м, незадоўга да канца гульнявой кар'еры, каталонец паспрабаваў сябе ў трэнерстве. Пачаў з клуба CF Amposta, дзе выступаў сам, — там Ферэр стаў працаваць з моладдзю. У 2008-м ён трапіў на трэнерскую пасаду яшчэ аднаго са сваіх былых клубаў — CD Tortosa, але адышоў адтуль у лютым 2009-га і адразу ж далучыўся да рады дырэктараў клуба. У наступным годзе каталонец атрымаў першую прапанову папрацаваць за мяжой: яго паклікалі як асістэнта трэнера ў футбольную акадэмію клуба Kitchee SC, які выступае ў ганконгскай прэм’ер-лізе. Але і там Ферэр затрымаўся толькі на тры месяцы.

Пасля Кітая Карлас Алос Ферэр перабраўся ў Польшчу, дзе ўзначаліў акадэмію «Барселоны». У 2015-м ён пачаў працаваць з польскай камандай Pogoń Siedlce, але пакінуў яе пасля чатырох месяцаў. Далей былі моладзевая зборная Казахстана (восем месяцаў), казахстанскі клуб «Кайрат» (15 месяцаў), мараканскі ФАР (шэсць месяцаў), зборная Катара (два месяцы) і кіпрская каманда «ЭН Паралімні» (пяць месяцаў). У сакавіку 2022-га Ферэр узначаліў зборную Руанды, дзе пратрымаўся да прызначэння ў Беларусь, то-бок амаль паўтара года — для яго гэта рэкорд.

Як яму працавалася? Возьмем, дзеля прыкладу, Руанду, дзе трэнер за такі доўгі час, напэўна, здолеў бы выбудаваць хоць нейкую сістэму і трохі паказаць сябе. За час з Ферэрам руандыйская зборная адыграла ў чатырох таварыскіх гульнях, вынікі — адна перамога, дзве нічыі і адна параза. Зборная выступала і ў кваліфікацыі Кубка афрыканскіх нацый, вынікі там — паразы ў двубоях з мацнейшымі Сенегалам і Мазамбікам і нічыі, зноў жа, з Мазамбікам і Бенінам.

Руандыйцам засталося адыграць толькі адзін матч у групе (з Сенегалам). Цяпер у іх толькі два ачкі і апошняе месца ў групе. Наўрад ці руандыйцы пройдуць далей у кваліфікацыі Кубка, хаця Ферэр і лічыў гэта адной са сваіх задач на пасадзе.

Амаль з усіх трэнерскіх пасад каталонца звальнялі. Выключэнне (і тое фармальнае) — хіба што праца з кіпрскім «ЭН Паралімні». Адтуль Ферэр, згодна з яго заявай, адышоў, бо праз пандэмію і ўласны кавід не мог належным чынам працаваць з камандай. Тым не менш па выніках таго сезона каманда пайшла ў ніжэйшую лігу.

За ўсю трэнерскую кар'еру Ферэр толькі аднойчы заваяваў трафей. Было гэта ў кастрычніку 2017-га, калі «Кайрат», тады ўзначалены каталонцам, перамог «Актабэ» ў фінале Кубка Казахстана. Але ж гэта, хутчэй, вынік працы асістэнта трэнера Андрэя Карповіча, менавіта ён працаваў з камандай у тым турніры. Ферэра тады адхілілі ад працы, бо ён не пагадзіўся з ідэяй клубнага кіраўніцтва гуляць у Кубку толькі мясцовымі футбалістамі.

Трэнер вядзе сацсеткі, але публікуе там збольшага фармальную інфармацыю: фота з трэніровак і матчаў, бяскрыўдныя сямейныя здымкі. Хаця часам там трапляюцца і такія каларытныя кадры. 

Беларусь будзе не першай аўтарытарнай краінай, дзе Ферэр узначаліць зборную, бо падобныя рысы ёсць і ў палітыцы Руанды. У 1994 годзе сотні тысяч жыхароў Руанды, якія належалі да народнасці тутсі, сталі ахвярамі генацыду. Пасля гэтага краіну ўзначаліў Руандыйскі патрыятычны фронт — на сёння гэта кіроўная партыя Руанды.

Краіна дэманструе высокія для Афрыкі тэмпы росту ВУП — каля 7% штогод, яе хваляць і за нізкі ўзровень карупцыі. Але пры гэтым праваабаронцы адзначаюць у Руандзе сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека. Апанентаў рэжыму затрымліваюць і часам нават забіваюць. Гэта здарылася, напрыклад, з Андрэ Кагва Рвісэрэкам, віцэ-прэзідэнтам Партыі зялёных, якога абезгаловілі 14 ліпеня 2009 года — за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў.

Руанда — не адзіны выпадак, калі Ферэр працаваў у краінах з нізкім узроўнем правоў чалавека. Праваабаронцы, напрыклад, маюць шмат пытанняў і да Катара, і да Марока, дзе каталонец таксама засвяціўся. Імаверна, Карлас Алос Ферэр разумее, як працаваць у спорце аўтарытарных краін, таму і ў Беларусі яму можа спадабацца. Іншае пытанне — ці прынясе гэта нашай зборнай доўгачаканы рост.

Казахстанскі журналіст Айдын Кажахмет расказаў пра тое, якім Ферэра запомнілі па працы з «Кайратам». Высновы несуцяшальныя: каталонец не меў вялікага аўтарытэту ў каманды і правальваў вырашальныя матчы. «Пра Карласа магу сказаць адно — ён умее працаваць з маладымі гульцамі. Умее іх развіваць. Выконваць больш сур'ёзныя задачы яму складана», — падсумоўвае Кажахмет.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Žvir
    08.08.2023
    U svoj čas nie davieryli nacyjanalnuju kamandu Hančarenku, zamest taho - puścili jaje pa rukach, jak dzieūku błudnuju. Voś i majem čarhovaje...
  • а што дзелают вагнера ?
    08.08.2023
    Балауство, сразу вагнерауца назначыць нада была и усё была бы у парадку.
    Дзёшава и з рэзультатам. Ани лучшыя спецыалисты па трэнероуцы Уганды. Вон, у нигерыйским футболе, сразу парадак навяли.
    За пройгрыш растрэл на месьте, за ничыю аставить без яды.
    А так, зноу закапали дзеньги напрасна.

Былы вядучы «Зоны Х» Лукша: З тэлефона супрацоўніка БТ Маркаву адправілі смс «ідзі нах**» — а павесілі на мяне2

Былы вядучы «Зоны Х» Лукша: З тэлефона супрацоўніка БТ Маркаву адправілі смс «ідзі нах**» — а павесілі на мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Зачынены ўніверсітэт у цэнтры Мінска выставілі на продаж. Кошт уражвае

У Віцебску за «садзейнічанне экстрэмізму» будуць судзіць жанчыну з першай групай інваліднасці4

Літва можа перадаць Украіне пажарныя машыны з Беларусі, прызначаныя для Зімбабвэ2

У Краснадарскім краі гарыць база ПВК «Вагнер»2

Блогерка-ябацька выйшла замуж за прапагандыста з «Мінскай хвалі»15

Тэрапеўт, адміністратар, зорка: у ветклініцы пад Мінскам жыве і працуе незвычайны кот1

Беларускіх школьнікаў будуць адукоўваць наконт выбараў6

На польскай мяжы не стаіць ніводнага аўтобуса

«Ва ўсіх быў шок. Не маглі паверыць, што гэта праўда». Памілаваны палітвязень расказаў, як біўся ў калоніі і быў «сматрачым» у СІЗА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы вядучы «Зоны Х» Лукша: З тэлефона супрацоўніка БТ Маркаву адправілі смс «ідзі нах**» — а павесілі на мяне2

Былы вядучы «Зоны Х» Лукша: З тэлефона супрацоўніка БТ Маркаву адправілі смс «ідзі нах**» — а павесілі на мяне

Галоўнае
Усе навіны →