Віншуем, цяпер вы еўрадэпутат. Вось што вас чакае і колькі вам будуць плаціць
Выданне Politico раскрыла некаторыя дэталі і падводныя камяні ў працы сучасных законатворцаў Еўропы.
Для тых, хто цікавіцца дзейнасцю і нюансамі жыцця дэпутатаў Еўрапарламента, выданне Politico зрабіла невялікі гайд, у якім распавяла, чаго ўвогуле чакаць ад такой прафесіі і наколькі сёння яе можна называць халяўнай.
1. Даход і яго дэклараванне
На гэты момант члены Еўрапарламента атрымліваюць заробкі памерам 10075 еўра на месяц (каля 37000 рублёў) і дадатковую дапамогу на пражыванне памерам 350 еўра на дзень (каля 1300 рублёў).
У пачатку і канцы тэрміну паўнамоцтваў еўрадэпутат павінен падрабязна задэклараваць усе свае асабістыя актывы, а таксама пазначаць у дэкларацыях усе свае іншыя падпрацоўкі і даходы на баку, якія прыносяць больш за 5000 еўра на год (калі такія ёсць). За парушэнне гэтых правіл уводзяцца штрафы (напрыклад, могуць пазбавіць дэпутата штодзённых 350 еўра на два месяцы).
Такія празрыстыя законы маніторынгу фінансаў былі ўведзеныя зусім нядаўна пасля вялікага карупцыйнага скандалу ў Еўрапарламенце ў 2022 годзе пад назвай Qatargate («Катаргейт), калі група дэпутатаў разам з тагачаснай намесніцай кіраўніка Еўрапарламента Евай Кайлі за хабар таемна дапамагалі некаторым аўтарытарным краінам, асабліва Катару, уплываць на еўрапейскі орган улады і прасоўваць там свае інтарэсы.
2. Наведванне працы
Згодна з новымі правіламі за 2024 год, кожны еўрадэпутат, які мае выступаць на слуханнях, павінен абавязкова іх наведваць, нават калі разглядаемы законапраект гарантавана будзе ці не будзе прыняты.
Раней спрабавалі ўвесці норму, паводле якой парламентарый можа не наведваць слуханні нават з запланаваным сваім выступленнем пры ўмове, калі на пасяджэнне прыйдзе менш за траціна заканадаўцаў ЕС, але норма так і не была прынятая.
3. «Ценявая» дыпламатыя і лабізм
Яшчэ да вышэйзгаданага «Катаргейта» еўрапейскія парламентарыі пры жаданні маглі аказваць дапамогу той ці іншай краіне па-за ЕС праз уваходжанне ў так званыя дэпутацкія «групы сяброўства», якія дазвалялі яе ўдзельнікам без строгага нагляду і ўнясення ў пратакол самастойна наведваць па запрашэнні ад розных пасольстваў пэўныя мерапрыемствы, сустрэчы і званыя вячэры.
Акрамя гэтага, еўрадэпутаты былі вольныя не раскрываць наглядным органам інфармацыю аб усіх сустрэчах з лабістамі і іншымі зацікаўленымі ў прасоўванні пэўных інтарэсаў асобамі.
Цяпер з увядзеннем новых правілаў «групы сяброўства» ў Еўрапарламенце забароненыя, а любая дзейнасць па дэпутацкай дапамозе замежным краінам павінна ўзгадняцца з Камітэтам па замежных справах Еўрапарламента ці адбывацца ў складзе афіцыйнай замежнай дэлегацыі.
У дадатак да гэтага ні еўрадэпутаты, ні іх памочнікі цяпер не могуць праводзіць ніякіх таемных сустрэч з лабістамі і абавязаныя афіцыйна іх рэгістраваць у пратаколе (аднак, як піша Politico, усё яшчэ застаюцца асобныя члены Еўрапарламента, якім пакуль што дазволена здзяйсняць канфідэнцыйныя сустрэчы з зацікаўленымі асобамі на баку).
4. Журналісты і грамадзянскі нагляд
Выданне Politico звяртае ўвагу, што за апошнія гады істотна павялічылася колькасць рэпарцёраў розных СМІ і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, якія літаральна жывуць у сценах Еўрапарламента і сочаць за кожным крокам еўрапейскіх заканатворцаў.
Гэтая тэндэнцыя робіць злівы сакрэтнай і іншай непублічнай інфармацыі больш частай з'явай.
5. Абмежаванні і бонусы пасля звальнення
Гарантыя высокааплатнай і стабільнай занятасці — адна з галоўных пераваг еўрапейскай заканатворчасці. Нават пасля звальнення становіцца даступным бясконцае мноства пасадаў лабістаў і «старэйшых дарадцаў» у камандах новых ці ўсё яшчэ дзейных еўрадэпутатаў, адзначае Politico.
Аднак пасля «Катаргейта» і тут былі ўведзеныя пэўныя абмежаванні: цяпер звольненаму дэпутату прыйдзецца чакаць шэсць месяцаў з моманту сканчэння тэрміну паўнамоцтваў, перш чым ён зможа стаць лабістам ці дарадцам.
Таксама знікла права мець пастаянныя пропускі ў Еўрапарламент, якія раней выдаваліся былым дэпутатам. Замест гэтага прыйдзецца рэгістраваць новы пропуск для кожнага асобнага наведвання.
***
Нагадаем, што ўлетку мы пісалі пра тыктокера з Кіпра, які стаў еўрадэпутатам ад сваёй краіны і распавёў пра свой новы заробак і бонусы.
Па словах 24-гадовага Фідыяса Панаёту, ён атрымліваў 8000 еўра штомесяц плюс дадатковыя 350 еўра штодзень на кішэнныя выдаткі.
Акрамя гэтага, на заробак каманды Панаёту штомесяц выдзяляюць 30000 еўра, а таксама 5000 еўра на ўтрыманне офіса дэпутата ў яго краіне. У дадатак да гэтага еўрадэпутат можа выкарыстаць 4000 еўра на месяц на прасоўванне сваёй працы ў парламенце.
Але і гэта не ўсё. Блогер мае яшчэ і дадатковыя льготы — напрыклад, кіроўца ў Брусэлі, квіткі бізнэс-класа на пералёты дадому.
Каментары