Парламенцкія выбары ва Украіне мусілі б адбыцца сёлета ў кастрычніку. Паводле адмысловага закона, яны праводзяцца ў апошнюю нядзелю кастрычніка пятага года паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады. Але Вярхоўная Рада Украіны падтрымала заканадаўчую ініцыятыву аб працягненні ваеннага становішча ў краіне яшчэ на тры месяцы.
Тэрмін ваеннага становішча прадоўжылі да 16 лістапада, а згодна з заканадаўствам Украіны, у перыяд такога становішча праводзіць выбары забаронена. Парламенцкія выбары мусілі адбыцца сёлета ў кастрычніку.
Апошнія парламенцкія выбары ва Украіне былі ў ліпені 2019 года пасля таго, як новаабраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распусціў Вярхоўную Раду ў першы дзень пасля сваёй інаўгурацыі.
Паводле закона аб прававым рэжыме ваеннага становішча, паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады будуць прадоўжаныя да дня першага пасяджэння першай сесіі парламента, абранага пасля скасавання ваеннага становішча.
Што да выбараў прэзідэнта, то іх Вярхоўная Рада прызначае на апошнюю нядзелю сакавіка пятага года паўнамоцтваў прэзідэнта. Такім чынам, чарговыя прэзідэнцкія выбары мусяць адбыцца не пазней як 31 сакавіка. Але ў выпадку прадаўжэння ваеннага становішча і гэтыя выбары будуць скасаваныя, а паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта працягнуць да моманту правядзення новых выбараў пасля скасавання ваеннага становішча.
Каментары