Грамадства11

Праводзяць з калоніі па ўсіх традыцыях: з гарбатай, пажаданнямі і моцным выспяткам — заключны фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча

Перапоўненыя палітвязнямі камеры, катаванні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта не сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х. Пра свой дзевяцімесячны турэмны досвед востра і дасціпна апавядае журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры». Публікуем фрагмент кнігі. Кніга, дарэчы, ужо выйшла.

Алег Груздзіловіч з кнігай «Мае турэмныя муры», Вільня, ліпень 2023

Салодкае слова свабода

І нарэшце пачалося самае чаканае, самае-самае запаветнае. Пра што марыў кожны дзень, кожную ноч, а цяпер, здаецца, і кожную хвіліну. Тое, што чалавек на волі хацеў бы зьведаць, але яму гэтага ня дадзена, пакуль там не пабудзе. А туды добраахвотна ніхто ня хоча. Вось і атрымліваецца, што зэк у хвіліну выхаду на волю — самы шчасьлівы чалавек на сьвеце, дакладна найшчасьлівейшы за ўсіх па той бок турэмнага плота. Можа, толькі акрамя людзей, якія яго чакаюць. Бо яны таксама вызваляюцца.

У вязьніцах чамусьці вельмі хочацца ўявіць свае пачуцьці ў момант выхаду на волю. Як яно будзе? Ці ня выскачыць з грудзей сэрца?

Таму раней спакваля прыглядаўся да паводзінаў тых, хто неўзабаве будзе вызваляцца, часам і распытваў, што адчуваюць, што думаюць пра будучае жыцьцё.

У Віталя заканчэньне гадавога тэрміну прыпала на сядзеньне ў магілёўскім сьледчым ізалятары. Перад выхадам на волю малады чалавек стаў заўважна нэрвавацца. Відаць, забаяўся, што тэрмін пералічаць, дададуць яшчэ некалькі дзён няволі, і тады давядзецца ехаць у калёнію, праходзіць праз новыя пакуты. Настрой у Віталя зусім сапсаваўся, ён стаў маўклівым, нібы замкнуўся ў сабе — гадзінамі сядзеў нерухома на ложку, па мінімуме кантактаваў з аднадумцамі. І толькі як пачуў ад кантралёра, што заўтра пэўна выйдзе на волю, аднавіўся. Зноў ветлівы, усьмешлівы, гаваркі. Напісаў прыгожы верш.

Праводзілі хлопца з «хаты» па ўсіх традыцыях: з гарбатай, пажаданьнямі і моцным высьпяткам. Зэкі вераць, што чым мацнейшы высьпятак, тым менш шансаў зноў апынуцца на нарах. Той, хто біў, выканаў апошняе правіла дасканала. Дзьверы замкнуліся, а ў калідоры яшчэ рагаталі.

Наступнага кандыдата на хуткае вызваленьне, Дзьмітрыя, які адбываў тэрмін па 328-м артыкуле, сустрэў у калёніі. За месяц да ягонага выхаду пачалі штораніцы, пры сустрэчы на пастраеньні, весьці адлік да ягонай свабоды. Замест «добрай раніцы» казалі: «30», потым «29», потым «28»… Напярэдадні апошняга дня Дзьмітрый проста сьвяціўся ад радасьці і кляўся, што больш — ані! З наркотыкамі назаўсёды парваў, толькі б хутчэй на волю!

Апошнім, каго віншаваў з вызваленьнем, быў асуджаны, які адбыў пакараньне за злоснае хуліганства. З хлопцам размаўляў у калідоры, за хвіліну да ягонага выхаду з сэктару. Спартовы строй, белыя красоўкі, ва ўвесь твар усьмешка — усё на кантрасьце з выглядам звычайнага зэка. «Ну так, радуюся, вядома! Жыць тут можна, але гэта ненармальна. Па хлопцах буду сумаваць, а мянтоў выкіну з галавы».

Подпіс Лукашэнкі не паказалі

Такі ж спэктар пачуцьцяў адчуваў, калі сам з торбай рэчаў і ўжо ў цывільных шараварах ішоў за ахоўнікам па лябірынце праходаў да выхаду з калёніі.

Усе пачуцьці, нават пахі памятаю. Каля павароту раптам запахла мокрым дрэвам — так і ёсьць, падсыхае на сонцы гара чырвоных сетак з дровамі.

А вось дэталяў дарогі на волю амаль не запомніў. Адно засталося ў памяці: раптам чарговы калідор звузіўся да цеснага шлюзу, збоку стаіць начальнік калёніі, глядзіць на мяне і даволі ветліва пасьміхаецца. Пазнаю яго па постаці, але твару амаль ня бачу, магчыма, праз паўцемру. Ці ў вачах памутненьне. Наперадзе, перад дзьвярыма, на адлегласьці пары крокаў стаіць маладая жанчына ў вайсковай форме. «Глядзіце сюды. Слухайце!» — кажа мужчынскі голас збоку, і жанчына пачынае ўрачыста чытаць па паперцы: «Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб памілаваньні…»

Словы льюцца прыблізна такія, але дакладны тэкст у галаве не застаецца. Затое памятаю, што адразу ўсьвядоміў: гэта пра мяне, і прашэньне аб памілаваньні сапраўды падпісанае. Уфф… Вяртаецца нармальны зрок, бачу перад сабой сымпатычную бляндынку, праўда, у пагонах. Усьміхаюся: «А подпіс Лукашэнкі пакажаце?»

«Падпісана, падпісана, не сумнявайцеся», — начальнік калёніі кідаецца на дапамогу падначаленай. Тая ківае галавой, але паперу так і не паказвае. «Цяпер павярніцеся туды. Слухайце!»

Паварочваюся налева да шкла, за якім у паўцемры бачу таўсматага афіцэра. Твар круглы, чырвоны. Вочы жорсткія. Адказваю па чарзе на гулкія пытаньні з-за шкла: «Прозьвішча? Год нараджэньня? Прысуд?» І вось у шчыліне пад шклом, нібы ў банку рахунак на подпіс, выпаўзае даўгая і вузкая даведка аб вызваленьні, у канцы ўклеены фотаздымак. Голеная галава, даўгі нос, сумны позірк. Але пашпарт не выпаўзае. «А пашпарт?» — пачынаю думаць, ці не падманваюць мяне.

Замест адказу начальнік ідзе ў дзьверы наперадзе, паказваючы кіўком галавы, што трэба ісьці за ім. Выходзім на ганак — і мы ўжо на сонцы. Я агаломшаны. Торбы падаюцца лёгкімі, як пух, ногі самі бягуць наперад. Але начальнік ідзе ня ў бок брамы, а вядзе праз пляц у нейкі высокі будынак.

Зноў цягнемся лесьвіцамі, калідорамі і прыходзім у вялікую актавую залю зь мяккімі адкіднымі крэсламі, як у тэатры. Відаць, гэта клюб той самай часткі ўнутраных войскаў, што побач з калёніяй. Мне дазваляюць сесьці, непадалёк сядаюць два ахоўнікі ў цывільным.

Не дагаварылі

Праходзіць мо хвілін дваццаць, цягам якіх я разважаю, што будзе далей, і не магу ўявіць нічога пэўнага. Тут зачытаюць новае абвінавачаньне і арыштуюць, ці павязуць у магілёўскае СІЗА і зробяць гэта там? Ці ўсё ж сапраўды адпусьцяць? А як мне дабірацца да дому, грошай жа няма?

У залю вяртаецца начальнік калёніі і ад парога абвяшчае, што трэба яшчэ пачакаць, зараз мне выплацяць пэнсію за час, які правёў у няволі. Калі ён падыходзіць бліжэй, падымаюся, на што палкоўнік зь лёгкай усьмешкай паблажліва заўважае: «Ды можаце сядзець, вы ж ужо вольны чалавек». Мне няёмка тлумачыць, што і на волі падымаюся, калі хто набліжаецца для размовы.

Паўза зацягваецца, начальнік зараз пойдзе, а я так і не задам яму свайго галоўнага пытаньня. Згадваю, як ён крычаў, што я ўва ўсім вінаваты і мушу за гэта адказаць. Пытаюся: у чым жа я асабіста быў перад ім вінаваты? Так і не зразумеў.

У адказ чую, што прэтэнзія тычыцца шмат каго з журналістаў. Маўляў, празь іх пісаніну людзі выходзілі з пратэстамі на вуліцы, а міліцыянты мусілі працаваць без выходных. Ён таксама. А хто кампэнсуе гэты страчаны час? Вось таму і вінаватыя, — патлумачыў палкоўнік. І дадаў пра нейкага журналіста, які сядзеў раней у калёніі, а калі выходзіў на волю, ён, начальнік, спытаў, што той напіша пра ягоную калёнію. Сваю згадку палкоўнік скончыў парадай: пісаць трэба толькі праўду.

Разумею, што так начальнік закамуфляваў параду і ў мой адрас. І тады кажу яму пра тое станоўчае, што ўбачыў у 15-й калёніі. Тут не сустрэў свавольства крымінальных «аўтарытэтаў» над вязьнямі, у тым ліку палітычнымі. Мне і зэкі пра гэта казалі, і сам пераканаўся. Але было і тое, што мяне білі па карку, як вялі ў ШІЗА, і магу ўявіць, як абыходзяцца зь іншымі палітычнымі.

Але тут размова абарвалася. У залю ўвайшла бляндынка з пагонамі, у руцэ — папяровы пакунак. Аказалася, гэта мая не атрыманая за дзевяць месяцаў няволі пэнсія. Крыху больш за 3 тысячы беларускіх рублёў, часткова соткамі, а збольшага зялёнымі купюрамі па 50 рублёў. Пачаў іх пералічваць і ад хваляваньня памыліўся адзін раз, другі. Тады грошы ўзяў у рукі начальнік калёніі, і ў яго ўсё сышлося — рубель да рубля, у тым ліку некалькі рублёў манэтамі.

Памятаю, яшчэ падумаў: як ім гэта ўдалося — забраць з банку маю пэнсію? У раённай сацабароне бажыліся, што пэнсію гатоўкай ніхто, акрамя мяне, зьняць з рахунку ня зможа. Значыць, хлусілі?

А ў наступнае імгненьне ўжо было не да разважаньняў — у залю ледзь не бягом урываюцца два ўзброеныя міліцыянты ў цёмнай вопратцы. Такой формы ніводнага разу ня бачыў у калёніі, таму ўнутры адразу пахаладзела: «Зноў па мяне?»

Падобна да новага арышту

Так і ёсьць. Адзін, які з аўтаматам, груба мацае па руках, бярэ за плечы і разварочвае, абмацвае сьпіну і ногі, зноў паварочвае да сябе. Бачу на ім бронекамізэльку, чорныя боты-берцы, на поясе яшчэ нейкія жалезкі. Другі, яўна старэйшы ўзростам, таксама апрануты ў бронекамізэльку, пад курткай тырчыць кабура пісталета. На галаве непамятая афіцэрская фуражка, якія носяць высокія чыны. Званьня не разьбярэш, бо пагоны прыкрытыя адмысловымі абрэзкамі зь цёмнай тканіны. Твар вялікі, падбародзьдзе наперад, нос бульбай, агульны выгляд такі, што толькі адзін рух — і атрымаеш у пысу, залысіны. Прычым здаецца, гэты твар я недзе раней бачыў, яшчэ да часу маршаў і разгонаў.

Мяне, узяўшы пад рукі, міліцыянты хуткім крокам выводзяць з другога паверху ўніз, у двор, і там садзяць у цёмны бусік з такімі ж цёмнымі фіранкамі на вокнах. Нават не пасьпяваю разьвітацца з таварышам палкоўнікам. Толькі заўважаю краем вока, што ён зусім не зьвярнуў увагі на імпэт маіх новых канваіраў.

Ужо з машыны чую размову пра пашпарт, які аддадуць мне на мяжы. Адразу супакойваюся.

Усё далейшае — як у прыемным паўсьне пасьля лазьні. Згадваю карцінкі падчас дарогі ў калёнію. Везьлі ранютка аўтазакам, у «стакане», і праз краты акенца мог бачыць толькі шэрую столь праходу. Потым на хвіліну карцінка зьмянялася на пільныя вочы ахоўніка. Яшчэ праз хвіліну — зноў шэрае акенца.

Цяпер жа ўпершыню гляджу на дарогу ад пасёлку Вейна да Магілёва і дзіўлюся, якую сілу ўзяла за лета зялёнка, як зарасьлі травой узбочыны, якія шырокія цені паўстаюць уздоўж дарогі ад магутных дрэваў. Ці гэтае буяньне прыроды мне толькі падаецца, а насамрэч за акном — будзённы шлях уздоўж сумных палёў?

На гадзіньніку 14:00, і мы, ужо за Менскам, спыняемся на аўтазапраўцы. Машына і тая хоча есьці, і мой страўнік, настроены на графік калёніі, падказвае, што час абеду даўно мінуў. Гадзіну таму, калі папрасіў у канваіраў даць мне папіць вады, адказу не дачакаўся. Спрабую яшчэ раз: «Скажыце, калі мы ўжо спыніліся, дык можа пайсьці хоць кавы папіць? У мяне ёсьць грошы, я пачастую».

І зноў у адказ усе чатыры ахоўнікі маўчаць як вады ў рот набраўшы. Праўда, той, мардаты, са схаванымі пагонамі, не стрымаўся, хмыкнуў і адвярнуўся да процілеглага акна. «Усё ж: дзе я цябе бачыў? Дакладна ж бачыў».

Больш не спрабую зь імі загаварыць і таксама адварочваюся.

Казаў жа Вітольд Ашурак, гэта беларус беларусу заўсёды беларус. А астатнія — так, як загадаюць.

Непадалёк ад мяжы, ужо за Ашмянамі, да мяне раптам даходзіць, што, можа, апошні раз любуюся роднымі краявідамі. У гэты момант імчымся па даўгім узвышшы, адкуль у два бакі зямля паступова паніжаецца, і таму ўзьнікае ілюзія, быццам ляцім на самалёце. На даляглядзе — моцныя аблокі зь белымі і блакітнымі разрывамі. Найхутчэй там недзе дождж, а то і залева. Адно крыўдна, што магу глядзець толькі ўлева па ходу буса, бо з правага боку сядзяць канваіры і сваімі жалезнымі профілямі псуюць далягляд.

Этап як катаваньне

Успамінаць перажытае не было ніякага жаданьня, але карцінкі зь мінулага самі лезьлі ў галаву. Цяпер ведаю, што перавозка арыштантаў з адной вязьніцы Беларусі ў другую — асобны від катаваньня. Раней пра гэта і ня думалася.

Калі ў сьнежні 2021 году мяне везьлі са сьледчага камітэту на «Валадарку» на легкавіку, зь ветрыкам, сам падказваў дарогу. А вось праз тры месяцы пераезд цягніком зь Менску ў Магілёў заняў усю ноч і пакінуў шмат цяжкіх успамінаў.

Пра тое, што вязьня ізалятара сёньня забяруць на этап, паведамляюць ахоўнікі. Прыносяць паперу і загадваюць скласьці вопіс рэчаў, а праз пару гадзін, як забіраюць дакумэнт, папярэджваюць, калі быць гатовым «з рэчамі на выхад». Са мной на «Валадарцы» гэта адбылося пад вечар 26 сакавіка.

Ведаў, што пакуль выведуць з турэмнага замка, яшчэ патрэплюць нэрвы, але каб настолькі!.. Спачатку трэба зацягнуцца з рэчамі і матрацам у так званую «падводную лодку» (калідор на першым паверсе старога корпусу), дзе знаходзіцца склад.

Уласных рэчаў і харчоў у мяне было дзьве торбы сярэдніх памераў. Матрац я перавязаў прасьціной, каб можна было перакінуць цераз плячо, унутр запхнуў падушку і «кругаль» (турэмны кубак). Падхапіў торбы адной рукой, другой закінуў на сьпіну матрац і пачэпаў за хлопцамі, якіх таксама павялі на этап блытанымі валадарскімі калідорамі. Як праходзіў міма, апошні раз глянуў на камэру № 57.

Што гэта за камэра?

Маша, трымайся!

У першыя дні на «Валадарцы» пачуў ад сукамэрнікаў, што там трымаюць Марыю Калесьнікаву — адмыслова пасадзілі ў адзіночку, каб ні з кім не кантактавала. У Калесьнікавай, кіраўніцы выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, якая стала сымбалем пратэстаў 2020 году, я браў інтэрвію падчас аднаго зь першых маршаў. Гэта было на праспэкце Пераможцаў, каля гатэля «Вікторыя».

На «Валадарцы», як вялі на прагулку, заўсёды згадваў той дажджлівы верасьнёўскі дзень. Тысячы людзей пад парасонамі. А яна самая яркая, прыгожая, сьмелая і неверагодная! А тут — змрочны калідор, шэрыя дзьверы заўсёды пад замком, акенца «кармушкі» зачынена, ані прыкметы руху ўнутры.

Праходзячы міма, я звычайна ціха казаў: «Маша, трымайся!» Наўрад ці яна мяне чула, бо гучна вымаўляць было немагчыма — недзе ззаду плёўся ахоўнік, але і моўчкі прайсьці па калідоры я ня мог.

Месяцы праз два турэмны тэлеграф данёс навіну, што Калесьнікаву з «Валадаркі» забралі на этап. І сапраўды, неяк убачыў дзьверы яе камэры адчыненымі. З камэры выйшаў і стаў да сьцяны, паклаўшы на яе паднятыя рукі, бляклы хлопец. Значыць, сапраўды там новы сядзелец. Але ўсё роўна кожны раз, праходзячы міма, па звычцы згадваў пра Марыю. Куды яе перакінулі? Што прыдумалі новага, каб пазьдзекавацца?

«Радуйся, што не пятнаццаць далі»

І вось 57-я камэра засталася ззаду, а мы нарэшце дацягнуліся да «падводнай лодкі» і стаім у чарзе ля складу. Пакуль пазбываліся матрацаў, з процілеглага боку калідора, дзе выхад на двор, прывялі дзяўчыну. Зграбная бляндынка, прыгожы, але нібы акамянелы твар. У блакітных вачах сьлёзы. Як атрымлівала са складу матрац, трэсьліся рукі. У чым справа? Толькі што прывезьлі з суду. Прысуд — дзесяць гадоў. Артыкул — 328-ы, наркатычны.

Хлопцы падбадзёрваюць: «Радуйся, што ня ўсе пятнаццаць далі». А дзяўчына глядзіць на іх, не разумее, чаму ёй радавацца. Па твары бачна, толькі нядаўна гадоў дваццаць споўнілася.

Як жа шкада іх, зьняволеных жанчын, асабліва дзяўчат! Палітычных, не палітычных, усіх. Не жаночы гэта занятак — вандраваць па беларускіх турмах. Якімі вернуцца дамоў, калі яшчэ ўвогуле вернуцца?

Куды падзеўся мільён беларусаў?

А нас вядуць на двор, адтуль — у тыя самыя кабінэты на першым паверсе, дзе калісьці прымалі. Як і тады, зноў разьдзяваюць дагала, праводзяць агляд, у тым ліку зазіраюць у рот і ў дзірку паміж ног — а раптам схаваў там што недазволенае? Таксама прапускаюць праз мэталашукальнікі і старанна аглядаюць усе рэчы, а потым усіх адпраўляюць у душ. Па выхадзе з душу зьмяшчаюць у асобную вялікую камэру, дзе загадваюць чакаць этапу.

Там сярод іншых сустрэў маладога чалавека Марка, пра якога хачу расказаць асобна, бо вельмі быў зьдзіўлены сьмеласьцю, якую ён выяўляў у тых складаных турэмных умовах. Малады арыштант пры ўсіх уголас не пабаяўся заявіць, што за час Лукашэнкі Беларусь страціла больш за мільён жыхароў і адказнасьць за гэта ляжыць якраз на ім як на кіраўніку краіны.

«Ёсьць статыстычныя даныя за 1993 год — насельніцтва тады было большае за 10 мільёнаў 300 тысяч чалавек. А цяпер нас на мільён менш. Куды падзеліся людзі? Памерлі, разьбегліся, забітыя, закатаваныя па турмах, не нарадзіліся. Хіба гэта не палітычнае злачынства?»

У камэры ў той момант было некалькі дзясяткаў вязьняў. Да таго стаяў гул, нібы рой пчол разварушылі, а тут усе замаўчалі. Некаторыя нават перавялі з Марка позірк на дзьверы. Нібы чакалі, што вось-вось у камэру ўварвуцца турэмнікі з гумовымі палкамі.

Даехаць да суду

Але нічога такога не адбылося. А праз гадзіну нас вывелі з рэчамі на калідор і паставілі да сьцяны ў шэраг тых, каго раніцай адпраўляюць у суд. Пра гэтых вязьняў у мяне таксама ёсьць асобныя назіраньні.

Працуючы карэспандэнтам «Радыё Свабода», шмат разоў рабіў рэпартажы з судоў. Над палітвязьнямі, чыноўнікамі-карупцыянэрамі, фігурантамі гучных крымінальных спраў. Лічыў сябе даволі дасьведчаным у працэсуальных дэталях, але ніколі ня мог уявіць (проста не хапала фантазіі), якое гэта для вязьня выпрабаваньне — даехаць да суду. Цяпер ведаю і магу падзяліцца ўласным досьведам.

Гэта жах! Спачатку цябе раніцай, адразу пасьля сьняданку, забіраюць па камандзе «з рэчамі на выхад». Цягнесься з матрацам па падзямельлі. Але гэта ладна. Потым праходзіш ажно дзьве праверкі з разьдзяваньнем і прысяданьнем. Адну праводзяць турэмнікі, другую, праз пару гадзін, канвой, які павязе цябе ў суд. Потым амаль гадзіну займае дарога ў цесным «стакане» аўтазаку. Зразумела, з зашпіленымі на руках кайданкамі, седзячы на жалезнай лавачцы, да якой узімку прымярзае задніца.

У выніку, калі давязуць да суду, ужо будзеш ледзь жывы, а яшчэ трэба набрацца сілаў даседзець на канца судовага дня. І ня проста адбыць нумар, а думаць, спрачацца, бараніцца. І ў абед цябе, вядома, першай-другой стравай карміць ня будуць. Добра, калі дадуць бутэрброд з каўбасой ці кавалак жорсткага мяса, а бывае, і нічога не атрымаеш. Як прыйдзеш з суду ў камэру — турэмны ложак падасца родным.

І так штодня. Мой працэс быў тры дні, лічу, праскочыў імгненна, і то я жудасна стаміўся. А некаторыя вязьні езьдзяць у суд месяцамі! Кажуць, гэта ўжо нясьцерпная пакута.

Калі на працэсе вы бачыце ў жалезнай клетцы чалавека, ведайце: толькі што ён вытрымаў немагчымае і ўжо таму варты вашага спачуваньня.

Турэмны канвэер

Нарэшце пачынаецца выхад у двор на этап, і тут для нас, палітычных, прыпасены яшчэ адзін сюрпрыз. Паколькі мы ўсе прызнаныя «схільнымі да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасьці», нас належыць перавозіць з забранымі ў кайданкі рукамі. А гэта значыць, што «этапнікаў» чакаюць пакуты праз усю доўгую дарогу на новае месца зьняволеньня. Прыйдзецца неяк выварочвацца, несьці свае торбы фактычна паміж ног, інакш замкнёнымі рукамі іх не ўтрымаць.

Залезьці ў аўтазак альбо ў цягнік — таксама праблема. Бывае, канваір дазволіць падняць з плятформы ў вагон торбы па адной, але найчасьцей такой паблажкі не дачакаесься. Потым праседзіш усю ноч у замкнёным купэ таксама ў кайданках. Аднаго разу выведуць у прыбіральню, але і там кайданкі з рук ня здымуць — упраўляйся з патрэбай як хочаш.

Толькі этап з магілёўскага сьледчага ізалятара ў калёнію № 15, паміж якімі, можа, якія дзесяць кілямэтраў, у маім выпадку заняў больш за гадзіну, што можна лічыць рэкордам хуткасьці. Ну, яшчэ нагледзеўся на аўчарку, якая ўсю дарогу гыркала, лежачы на падлозе аўтазаку. Пакамунікаваў, так бы мовіць, з жывой прыродай.

Як прывезьлі з этапу ў калёнію, пачуцьцё было — гэта ўсё, капец! А ноччу стома зьмянілася азарэньнем: затое гэта мой апошні этап, далей толькі на волю!

Праўда, гэта мне так пашанцавала. Сотні вязьняў, шмат хто зь іх палітычныя, з калёніі едуць не дамоў, а ў новую вязьніцу з больш жорсткім рэжымам. Такі турэмны канвэер.

Разьвітаньне з Радзімай

І ўсё ж апошняе з таго, што запомню пра радзіму, гэта былі ня твары канваіраў. Гэта была вялікая, на палову неба, вясёлка, падобная да той, што апошнім разам у ліпені бачыў над калёніяй.

Тады назіраў за стыхіяй з акна трэцяга паверху сэктару, цяпер гляджу з акна адмысловага міліцэйскага мікрааўтобуса. Тады па зоне беглі рэкі шэрай дажджавой вады, па іх, зламаўшы шыхт, уцякалі ад залевы мокрыя зэкі. За імі з-пад дашка назіраў афіцэр, схаваны ад стыхіі яшчэ і плашч-палаткай.

Тады мне заставалася сядзець у калёніі палову тэрміну, за плячыма два ШІЗА, наперадзе невядома колькі. А цяпер я ў бусе, які пад’яжджае да літоўскай мяжы, і мяне сьцерагуць толькі чатыры ахоўнікі. Аднаго зь іх у канцы падарожжа я ўсё ж пазнаў. Ён палкоўнік, бачыў яго ў Менску. Гэты твар я ніколі не забуду.

Як не забуду велізарную вясёлку, якая ўсё ня хоча зьнікаць, усё льецца і льецца ў вочы скрозь зацемненае шкло. Страшэнна захацелася верыць, што гэта добры знак.

Каля запраўкі, дзе ўжо пачынаецца памежны пункт Каменны Лог, бус зноў спыніўся. Пад’ехаў незнаёмы аўтамабіль з эўрапейскімі нумарамі, зь яго выйшаў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў А. Тады канваіры загадалі мне выходзіць і моўчкі аддалі даведку аб вызваленьні. А. ўручыў мой пашпарт і разьвітаўся.

У аўтамабілі мяне чакалі пасярэднік М. і Марыяна. Мы зь ёй абняліся і, пакуль не заехалі ў Літву, рук ужо не расчаплялі.

Журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч з жонкай Марыянай пасля вызвалення з турмы

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Вільні ў чацвер у Беларускім доме (Віленская, 20) у 18:30.

Чытайце таксама:

«Некаторыя моманты ўсплывалі ў галаве, як у кіно». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу аб дзевяці месяцах у няволі

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

Як схуднець да непазнавальнасці. Пра харчаванне ў зняволенні піша Алег Груздзіловіч

«А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім»

Стукацтва пачынаецца на волі

Агурчык, Шлёмка, Стары і Унучак. Мянушкі ў калоніі

Лёс Вітольда Ашурка прымяраў на сябе кожны, або Як выжыць у калоніі

«Сярод новых знаёмых аказалася некалькі забойцаў». Пра турэмныя парадкі і розныя катэгорыі зняволеных піша Алег Груздзіловіч

«Ці дажыву, не ведаю» — фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча

«І тады зэкаў пашыхтаваў начальнік калоніі і паабяцаў датэрміновае вызваленне» — фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча

Чаго каштуе вызваленне і ці варта ісці на перамовы з рэжымам

«У цябе было чатыры месяцы, даўно мог уцячы. Вось цяпер пасядзіш». Алег Груздзіловіч расказаў, як пісаў прашэнне на імя Лукашэнкі

«Ваша прашэнне будзе падпісанае пры ўмове, што вы адразу з'едзеце за мяжу». Алег Груздзіловіч расказаў, як вызваляўся з калоніі

Каментары1

  • Павел
    26.07.2023
    такое ощущение, что он должен быть счастлив, что лукашенко дал ему такую возможность посидеть в тюрьме в Беларуси. сейча можно всю жизнь про это рассказывать и писать книги) Спасибо Александру Григорьевичу)

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →