Кветкавыя кампазіцыі з мясцовых раслін і адметныя дыванкі на алтарных прыступках. Такія «скарбы» можна пабачыць у касцёлах на Браслаўшчыне
Жыхарка Браслаўскага раёна, каталіцкая верніца Юлія Шакель рэгулярна ездзіць у падарожжы па сваім краі ў пошуках «скарбаў» і расказвае пра іх на сваёй старонцы ў сацсетцы, заўважыў сайт Katolik.life. А калі шукаць і заўважаць, то сапраўды ў звычайных вёсках можна нагледзець нямала цікавага.
Гэтым разам верніца адправілася ў вёскі Дрысвяты і Опса, якія знаходзяцца на стыку меж трох краін: Беларусі, Літвы і Латвіі.
Першы заўважаны жанчынай «скарб» — гэта парафіянка рыма-каталіцкай парафіі ў вёсцы Дрысвяты Вольга Любінская.
«Яна складае ў касцёле Святых Пятра і Паўла кветкавыя кампазіцыі ля алтароў з простых раслін з ваколіц сваёй вёскі, умела выкарыстоўвае дэкаратыўныя ўласцівасці раслін. Для кожнай травінкі і кветкі знаходзіць сваё месца і стварае цуд», — напісала Юлія.
Другі «скарб» — гэта дыванкі, якія ўпрыгожваюць прыступкі да алтароў у касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Опса:
«Спіцамі звязаныя па ўзоры стужкі і сшытыя ў адно палатно. Глядзяцца вельмі сімпатычна. Майстрыхі няма ўжо жывой, яна была мясцовай парафіянкай. Яе дачка прынесла ў касцёл гэтыя дыванкі, і цяпер у памяць пра гэтую жанчыну перыядычна іх выкарыстоўваюць. Па нашай мясцовасці ў побыце я не бачыла, каб карысталіся такімі вырабамі. Гэтыя раслінныя ўзоры і яркія спалучэнні нітак нагадваюць маляванку».
Каментары