Украіна мае намер адмовіцца ад дубляжу фільмаў на карысць субцітраў. Вось чаму гэта шкодна нават для беларусаў
Законапраект прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб асаблівым статусе англійскай мовы, які ён унёс у Вярхоўную Раду 28 чэрвеня, прадугледжвае ў тым ліку, што з 2027 года ўсе англамоўныя фільмы ў кінатэатрах будуць дэманстравацца ў арыгінале з украінскімі субцітрамі. Законапраект выклікаў бурныя дыскусіі.
Новая норма мае даволі кароткі пераходны перыяд: у 2025 г. доля паказаў у кінатэатрах на мове арыгінала мусіць скласці 50%, у 2026 г. — 75%, з 2027 г. — 100%.
На думку некаторых спецыялістаў, гэтая норма супярэчыць закону Украіны «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай», паводле якога агульная колькасць паказаў фільмаў на мове арыгінала, акрамя дзяржаўнай, не можа перавышаць 10% ад агульнага ліку.
Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны спрабавала растлумачыць неабходнасць гэтага закона. Паводле ведамства, рэгуляванне будзе распаўсюджвацца толькі на фільмы, якія будуць дэманстравацца ў кінатэатрах, і не будзе распаўсюджвацца на тэлебачанне і іншыя медыя. На думку чыноўнікаў, прагляд фільмаў у кінатэатрах на мове арыгінала (англійскай) развівае навыкі валодання англійскай мовай. У сваёй аргументацыі Міністэрства спасылаецца на «многія краіны Еўропы», дзе фільмы паказваюць на англійскай мове з субцітрамі, а дублююць у асноўным толькі дзіцячыя прадукты.
А што тычыцца ўкраінскага рынку дубляжу, то чыноўнікі лічаць, што ў выніку вайны ён толькі павялічыўся і на стрымінгавых платформах з’яўляецца шмат фільмаў і серыялаў ва ўкраінскім дубляжы. «Таму было б не зусім карэктна казаць, што рынак нейкім чынам пацярпіць. На рынку ўжо ёсць новыя кліенты».
Украінцы ў сацыяльных сетках справядліва абурыліся тым, што «па сутнасці знішчаецца ўкраінская культурная прастора», «на сметнік выкідаецца ўсе высілкі ўкраінізацыі ды работа, напрацаваная з часоў першых украінскіх дубляжоў». Акцёры агучвання, якія прызналіся, што, нягледзячы на заявы Мінкультуры, у іх проста адбіраюць працу, прапанавалі даць права гледачам самім выбіраць, на якія сеансы хадзіць — ва ўкраінскім дубляжы ці на мове арыгінала.
Актывісты склалі петыцыю на сайце Кабінета міністраў Украіны з патрабаваннем унесці змены ў законапраект, бо ўкраінскі дубляж, акрамя таго, што мае шмат прыхільнікаў, выконвае важную функцыю — спрыяе ўкраінізацыі. На думку аўтараў, пры адсутнасці ўкраінскага дубляжу глядач можа проста паглядзець фільм у рускім дубляжы (з лічбавым рэлізам). Петыцыю на гэты момант падпісалі 12 тысяч чалавек з неабходных для разгляду 25 тысяч.
Падмурак да развіцця ўкраінскага кінадубляжу быў закладзены ў 2005 годзе, калі да ўлады ва Украіне прыйшоў Віктар Юшчанка і пачаліся паспяховыя захады па ўзмацненні ролі ўкраінскай мовы ў грамадстве. У студзені 2006 года ўрад выдаў пастанову, якая прадугледжвала, што з 1 верасня 2006 года фільмаў з украінскім дубляжом павінна быць не менш за 20%, з 1 студзеня 2007-га — не менш за 50%, а з 1 ліпеня 2007-га — не менш за 70%. Украінскія дыстрыб’ютары, якія працавалі наўпрост з галівудскімі студыямі, падтрымалі такую ініцыятыву. Яны нічога не гублялі, бо дубляж на ўкраінскую мову аплачвае галівудская студыя. А вось прадстаўніцтвы расійскіх дыстрыб’ютараў ва Украіне, якія завозілі ўжо гатовы расійскі дубляж з Расіі, былі катэгарычна супраць.
У фільмах, дубляваных па-ўкраінску, героі могуць гаварыць галіцкім ці лемкаўскім дыялектам або каларытным адэскім суржыкам, у іх можна сустрэць лакальныя ўкраінскія жарты і мемы: пра кіеўскую Траешчыну, пра мясцовых зорак, адсылкі да ўкраінскіх палітыкаў і гістарычных персанажаў, выкананне народных украінскіх песень і выкарыстанне аўтэнтычнай украінскай лаянкі. Кінадубляж ператварыўся ў сапраўднае ўкраінскае мастацтва, якое цяпер можа быць страчанае. Але дзеля чаго?
Існае меркаванне, што прагляд фільмаў у арыгінале раскрывае нейкія знішчаныя агучкай адценні голасу арыгінальных акцёраў, акцэнты, жарты, крылатыя выразы і гульні слоў разбіваюцца аб контраргумент — гэта ўсё будзе ўспрынята тады і толькі тады, калі глядач на выдатным узроўні ўжо валодае мовай. Калі глядач не валодае мовай на дастатковым узроўні, то ўсё гэта не мае аніякага сэнсу, бо ён будзе счытваць інфармацыю з перакладных субцітраў, якія таксама скажаюць арыгінал. Узнікае пытанне: а ці на дастатковым узроўні ўкраінцы ведаюць дыялекты ўласнай мовы, яе прыказкі і прымаўкі, разумеюць адсылкі да нацыянальнай культуры і гісторыі, каб масава пачаць убіраць у сабе яшчэ і асаблівасці замежнай мовы?
Тое ж пытанне могуць задаць сабе і беларусы. Калі вы не можаце адрозніць гаворку беларуса з Паазер’я ад гаворкі беларуса з Усходняга Палесся, то навошта вам трэба адрозніваць валійскі акцэнт ад шатландскага?
Прафесійны дубляж фільмаў на нацыянальнай мове нясе важную адукацыйную функцыю, асабліва для нацый, якія падвергліся моцнай асіміляцыі, як беларусы і ўкраінцы. Дубляж замацоўвае правільную пабудову моўных канструкцый, пашырае слоўнікавы запас, падвышае сацыяльны статус самой мовы сярод моладзі. Раней гэтую функцыю шмат у чым выконвала літаратура, цяпер кіно.
Перавод украінскага кінарынку з адной традыцыі на іншую ў адзін момант паставіць большасць украінцаў у непрыемнае становішча. Шараговы глядач мае патрэбу ў танным адпачынку, калі не трэба ўчытвацца ў цітры пад экранам, каб зразумець сэнс, а проста расслабіцца і атрымліваць задавальненне ад прагляду. І будзе гэтага пазбаўлены, нехта — на пэўны час, пакуль не асвоіцца з субцітрамі або не вывучыць замежную мову, а нехта, напрыклад, са старэйшага пакалення — мо і назаўжды.
Улічваючы рэаліі Украіны, якая зведала вялікі адток працоўнага насельніцтва яшчэ да пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі, то такія ініцыятывы ўкраінскіх уладаў па навязванні англійскай мовы выглядаюць дзіўна. Базавае веданне замежных моў шырокімі пластамі ўкраінскага грамадства дакладна паспрыяе эміграцыйным працэсам, але ці прынясе ў будучыні хоць нейкія выгоды — застаецца толькі гадаць.
Гэты законапраект добра перагукаецца з ідэяй пэўнай часткі новай беларускай апазіцыі, якая ў 2020 годзе прапаноўвала зрабіць англійскую мову трэцяй дзяржаўнай, быццам гэта мусіла неяк збалансаваць засілле рускай мовы ў Беларусі. Але насамрэч гэта быў бы апошні цвік у труну нацыянальнай беларускай мовы. Навошта вучыць нейкую там беларускую, калі ў нас тры дзяржаўныя і дзве іншыя адкрываюць уяўна шырокія перспектывы?
Не ў цяперашніх умовах кажучы, але ўкраінскі законапраект падрывае і намаганні беларусаў мець уласны кінадубляж і праз яго пашыраць беларусізацыю краіны. Нават пры найлепшым развіцці палітычнай сітуацыі, дакладна знойдуцца тыя, хто будзе спасылацца на досвед Украіны, якая адышла ад практыкі дубляжу, прапануючы перанесці яго на беларускую глебу, але забываючыся (свядома ці не) на тое, што на працягу дзесяцігоддзяў украінскі дубляж быў магутным сродкам прапаганды ўкраінскай мовы.
Не трэба забываць, што англійская мова атрымала такое шырокае распаўсюджанне не таму што яна вельмі прыгожая і мілагучная, а таму што англійскі моўны імперыялізм маршыраваў следам за агрэсіўнай экспансіяй Брытаніі па ўсім свеце. У гэтым сэнсе ніякай розніцы паміж англійскім і рускім моўным імперыялізмам няма, нават можна сказаць, што апошні пацярпеў паражэнне, у той час як англійскі праз культуру і навуку працягвае наступ на нацыянальныя культуры, асабліва ў былых калоніях.
Вельмі недарэчнымі, запозненымі выглядаюць ініцыятывы надання асаблівага статусу англійскай мове на фоне барацьбы Украіны з вынікамі векавой культурнай асіміляцыяй, імкнення да разнастайнасці і інклюзіі, а таксама ў час, калі тэхналогіі перакладу амаль сцерлі моўныя бар’еры. Выглядае, што ініцыятары гэтай рэформы глядзяць у мінулае, а не ў будучыню.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары